Менск-Чарнігаў: творчае турнэ беларускіх пісьменнікаў
Завяршылася двухдзённае турнэ па Чарнігаўшчыне дэлегацыі Саюза беларускіх пісьменнікаў. Творчы дэсант складалі Барыс Пятровіч, Анатоль Бутэвіч, Валер Стралко, Віталь Рыжкоў, Галіна Дубянецкая, Сяржук Сыс і Мікола Кандратаў. Ідэя і ажыццяўленне даволі яркай і насычанай праграмы паездкі належыць Амбасадзе Украіны ў Беларусі, упраўленню культуры Чарнігаўскай абласной дзяржадміністрацыі і нястомнаму літаратурнаму пасярэдніку паміж двумя літаратурамі Валерыю Стралко.
29 чэрвеня ў Чарнігаўскім літаратурна-мемарыяльным музеі М.
Кацюбінскага адбылася творчая сустрэча з пісьменнікамі Чарнігаўшчыны. Першы
намесьнік старшыні СБП і галоўны рэдактар часопіса “Дзеяслоў” Барыс Пятровіч
зрабіў агляд сучаснага стану беларускай літаратуры, спыніўся на найбольш
актуальных праблемах дзейнасці творчага саюза, распавёў пра сітуацыю з
беларускай мовай і цяжкасці з выданнем і распаўсюдам мастацкіх твораў. Са
словаў намесніцы старшыні Чарнігаўскай нацыянальнай спілкі украінскіх
пісьменнікаў Ганны Баран, украінскі бок сёння выглядае больш забяспечаным,
паколькі адчувае падтрымку дзяржавы, кнігі паэтаў і празаікаў паступаюць у
бібліятэкі, дзяржадміністрацыя аказвае дапамогу ў іх выданні, хаця праблемаў
хапае таксама.
Пад час дыскусіі закраналіся самыя разнастайныя пытанні, у тым ліку і аб
пашырэнні творчых кантактаў, больш актыўнаму супрацоўніцтву ў галіне
літаратурных перакладаў з двух моў. Барыс Пятровіч прывёў такі факт: за 6 год
выдання, у часопісе “Дзеяслоў” было надрукавана больш за 30 украінскіх аўтараў
у перакладзе на беларускую мову.
Пад час сустрэчы чыталіся вершы на украінскай і беларускай мовах. Галіна
Дубянецкая прачытала творы Івана Франка на мове арыгіналу і ў перакладзе.
Сяржук Сыс агучыў свае пераклады чарнігаўскіх паэтаў Станіслава Рэп’яха і Пятра
Куцэнкі. Галоўны рэдактар часопіса “Літаратурная Чарнігаўшчына” Міхась Ткач
прапанаваў зрабіць узаемныя прадстаўленні двух літаратурных выданняў для
азнаямлення з літаратурным жыццём Беларусі і Чарнігаўскай вобласці.
Пасьля сустрэчы адбылася экскурсія па Северскаму краю. Беларускія літаратары наведалі гістарычныя і памятныя мясціны Чарнігава, нацыянальны гісторыка-культурны запаведнік “Качанаўка” ў Ічнянскім раёне, “Гетманскую сталіцу” ў Батурыне, мемарыяльны комплекс “Памяці герояў” у Крутах Барзнянскага раёну. Пад час экскурсій адбыліся сустрэчы з кіраўнікамі раённых адміністрацый, адказнымі работнікамі аддзелаў культуры Ічнянскага, Бахмачскага і Барзнянскага раёнаў. Абмяркоўвалася сітуацыя з захаваннем культурнай і гістарычнай спадчыны, функцыянаванне беларускай і украінскай моў, магчымасці пашырэння творчых сувязей паміх двумя народамі.
Разнастайная і насычаная праграма візіту беларускіх пісьменнікаў была з густам распрацаваная намеснікам начальніка культуры і турызму Чарнігаўскай аблдзяржадміністрацыі Леанідам Смаляком, які пад час развітаньня запрасіў часцей наведваць гасцінны чарнігаўскі край. Беларусы ў сваю чаргу падзякавалі яму за цікавую ды змястоўную праграму.