Месяц польскай літаратуры адкрываецца ў Мінску — 3 лістапада
3 лістапада
Урачыстае адкрыццё “Месяца польскай літаратуры з кнігарняй Логвінаў” і тэатралізаваная прэзентацыя кнігі Тадэвуша Далэнгі-Мастовіча “Знахар”. З удзелам дыпламатычнага корпуса, перакладчыц Ганны Янкуты, Марыі Пушкінай, Марыны Шоды і Марыны Казлоўскай, а таксама актораў Купалаўскага тэатру. Вядоўца – Андрэй Хадановіч.
Галерэя "Ў" (пр. Незалежнасці, 37А). Уваход вольны. Пачатак а 19:00.
10 лістапада
У бары “Ў” (пр. Незалежнасці 37а) адбудзецца прэзентацыя тома выбраных вершаў “Ідалапаклонніца” польскай паэткі Галіны Пасвятоўскай у перакладзе на беларускую мову.
Пра аўтара:
Яе называлі “польскай Сафо”, але яна вельмі крытычна ставілася да сваіх вершаў, выйшла замуж у 18 гадоў, каб заўдавець у 20, сябравала з Віславай Шымборскай і мела раман з Ежы Касінскім, не шкадавала свайго хворага сэрца, але не хацела жыць напалову, яна кахала і не баялася смерці, а памерла ў 32 гады з імем каханага на вуснах. Легендарная і трагічная, “выклятая паэтка” Галіна Пасвятоўска.
Па-філасофску складаная інтымная лірыка Галіны Пасвятоўскай заўсёды на мяжы кахання і смерці. Дзве гэтыя тэмы сталі асноўнымі ў ейнай творчасці. Хворая на сэрца паэтка ўсё жыццё была вымушана знаходзіцца ў лякарнях і санаторыях. Яна, як ніхто іншы, ведала, што кожны радок, які выходзіць з-пад пяра, можа стацца апошнім. Нельга, напэўна, знайсці аўтарку, якая б з такой адкрытасцю і шчырасцю дзялілася з чытачом самым патаемным і сукрытым. Станіслаў Граховяк вызначыў яе творчасць як “феномен аўтэнтычнага эратызму”. Такая цялесная і пачуццёвая паэзія не пакіне абыякавымі аматараў прыгожага.
Пра перакладчыка:
Алесь Емяльянаў-Шыловіч — пісьменнік, перакладчык. Пераможца шматлікіх літаратурных конкурсаў, у тым ліку конкурса на найлепшы пераклад паэзіі Віславы Шымборскай на беларускую мову. Аўтар зборніка вершаў ”Парасонечнасць”. Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў і Беларускага ПЭН-цэнтра.
У вечарыне быруць удзел:
Алесь Емяльянаў-Шыловіч
Наста Кудасава
Наталля Кучмель
Вядоўца — Андрэй Хадановіч
Пачатак прэзентацыі — 19:00. Уваход вольны (пр. Незалежнасці, 37а).
17 лістапада
Насыпаць горы ў Мінску
Прэзентацыя кнігі "Насыпаць горы" Малгажаты Шэйнерт — літаратура факта пра беларускае Палессе. З удзелам аўтаркі і перакладчыц Марыі Пушкінай і Алены Пятровіч.
У Прэс-клубе (вул. Веры Харужай, 3) а 19:00.
Уваход вольны.
24 лістапада
Афрыканская ліхаманка
Прэзентацыя кнігі Рышарда Капусцінскага "Чорнае дрэва". З удзелам перакладчыка Яўгена Салейчука, асабістага сакратара Капусцінскага Бажэны Дудко і гурта "Нагуаль".
У Галерэі TUT.BY (вул. Дзяржынскага, 57) а 19:00.
Уваход вольны.
Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"