Месяц тэатральных прэм'ераў у Літве

Прамінулы веснавы месяц аказаўся надзвычай урадлівы на новыя тэатральныя прэм'еры ў суседняй Літве. Публіцы былі прадстаўленыя тры спектаклі, даволі паказальныя што да дэманстрацыі цяперашняга літоўскага мастацкага думання, - два з іх на сцэне Віленскага гарадскога тэатра Оскараса Каршуноваса, адзін у Панявежскім тэатры, але аўтарства віленскага рэжысёра.


У Панявежы рэжысёр Рымас Маркунас прадстаўляў спекталь "Эквус" (Ekvus) паводле п'есы Пітэра Шафэра. Гэты спекталь колькі гадоў таму стаў знакаміты ў свеце, калі яго ставілі ў Лондане, а ў галоўнай ролі быў Дэніэл Рэдкліф, вядомы сваёй роляй Гары Потэра.

Ставячы свой спекталь, Рымас Маркунас пераносіць акцэнты, спрабуе скарыстаць розгалас лонданскай пастаноўкі дзеля ўвагі на літоўскую рэчаіснасць. Рэжысёр адзначае, што п'еса была перакладзеная на літоўскую надзвычай хутка, ужо ў 1973 годзе (напісаная зусім незадоўга да таго), и нагадвае, што адбылося гэта праз год пасля самаспалення ў Коўне маладога літоўскага патрыёта Рымаса Каланты ў знак пратэсту супраць панавання ў Літве савецкай улады.

Паводле Маркунаса, у п'есе "ўздымаецца пытанне - наколькі ў дэмакратычным грамадстве дазволена пасоўвацца ў асабістае жыццё?.. У гэтай п'есе шмат гаворыцца пра праўду. Яна ня мае аднаго спосабу выяўлення. Яна шматгранная".

П'еса "Эквус" (з лаціны - "конь") была напісаная за часоў папулярнасці руху гіпі і распавядае пра маладога чалавека, што жыў з бацькамі пры стайні і меў надзвычайныя асабістыя, інтымныя перажыванні да коней. На напісанне гэтай п'есы аўтара натхніў выпадак, калі пад Лонданам у стайні адной начы невядома хто павыколваў вочы шасцём каням.


Спектакль "Закрыты вечар" (Uždaras vakaras), наадварот, грунтуецца на глыбока літоўскай фактуры - але ўздымае не менш глыбокія сучасныя тэмы. Яшчэ летась акторка і спявачка Брыгіта Бублітэ напісала музычна-драматычны твор паводле старажытнага літоўскага падання "Жонка-багіня". А ключавыя асобы Віленскага гарадскога тэатра сцэнограф Юрата Паўлякайтэ і актор Дайнюс Гавяноніс вырашылі перанесці гэты твор на тэатральную сцэну.

"Закрыты вечар" хутчэй нагадвае перфоманс, пра што кажуць і самі аўтары. Гледачам прапануецца паглыбіцца ў трансавы стан, у які адразу адпачатку ўпадае галоўны герой спектаклю. Вобразы-бачанні, што ён бачыць у такім сне, увасабляюцца на сцэне. У тых вобразах адлюстроўваецца процістаянне мужчынскага і жаночага пачаткаў, як яно разгортваецца ў сучасным свеце: мужчынскае інфантылізуецца, жаночае набывае рысы ўсеахопнай і беспярэчнай міфічнай Жанчыны Матрыярхату. Трансавае сненне мужчыны разгортваецца вакол вобразаў увязнення ў шкляны слоік, увязнення пад жаночую спадніцу.

Спекталь суправаджаецца натуральнымі спевамі і акампанементам са скрыпкі і кантрабаса.

Паводле Юраты Паўлякайтэ, "Калі грамадства робіцца ўсё больш адкрытым, а тэатр усё больш сацыяльны, цікавымі робяцца такія рэчы, якіх немагчыма паінтэрпрэтаваць адназначна, якія вельмі індывідуальна ўспрымаюцца. Нам гэтым разам цікава зносіцца не з гуртом гледачоў, а з асобным індывідумам той групы, прапануючы тэмы, якія грунтуюцца на асабліва асабістым досведзе. Акторы, што імітуюць сэанс гіпнозу, дазволяць гледачу назіраць сон".


Нарэшце, спектакль "Паромшчык" (Keltininkas), прэм'ераваны заўчора, 26 траўня, пастаўлены на зусім сучасную тэматыку. Але галоўная лінія літоўскіх тэатральных пошукаў - паглыбленне ў перажыванні чалавека ў цяперашні час - захоўваецца. Малады рэжысёр Паўлюс Будрайціс зрабіў пастаноўку паводле п'есы сучаснага літоўскага аўтара Сігітаса Парульскаса.

Паводле рэжысёра, п'еса Парульскаса зацікавіла яго тым, што "яна гаворыць пра сягонняшняга чалавека - літоўца, звычайнага бізнэсоўца - и ягоныя перажыванні. Персанажы сучаснай драматургіі найчасцей бываюць памежнымі дзеячамі, а герой 'Паромшчыка' - пазнавальны, так званы 'нармальны чалавек' і гледачы у ім могуць пазнаць свайго родзіча, сябра ці нават мо' самога сябе. Перажыванні гэтага героя уздымаюць пэўныя пытанні, якія надзённыя, важныя для цяперашняга чалавека, адно што наш лад жыцця, плынь інфармацыі альбо забаваў іх заглушае".

 

Паводле delfi.lt, okt.lt, lzinios.lt, menufaktura.lt падрыхтаваў А.М.