Міхась Мушынскі: "У творчасці Гарэцкага — нацыянальная непаўторнасць"

Набліжаецца 120-годдзе з дня нараджэння Максіма Гарэцкага — беларускага празаіка, публіцыста, гісторыка літаратуры. У пярэдадзень гэтай даты пра Гарэцкага і ўвогуле пра месца беларускай класічнай літаратуры ў свядомасці народа адбылася гутарка з членам-карэспандэнтам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктарам філалагічных навук, вучоным, дзякуючы шматгадовым памкненням якога вернуты да жыцця многія старонкі жыцця і творчасці пачынальнікаў сучаснай беларускай літаратуры, — Міхасём Іосіфавічам Мушынскім.

— 120-гадовы юбілей Максіма Гарэцкага — нагода ўспомніць яшчэ пра аднаго класіка беларускай літаратуры пачатку ХХ стагоддзя ці нешта большае? У чым актуальнасць творчасці Гарэцкага сёння?

— Усё ж гэта нешта большае. Спроба ці магчымасць тое багацце, якое мае класічная літаратура, выкарыстаць дзеля дзяржаўна-культурнага будаўніцтва. Класіка — гэта абярэг народа і нацыі... Творы класічнай літаратуры маюць падтэкставыя глыбіні, маюць планы, якія наступнымі пакаленнямі павінны расчытвацца. Ім павінна быць нададзена сучаснае гучанне. У чым прычына неўміручасці класікі? Чаму абярэг? У чым каштоўнасць класічных твораў для наступнай эпохі? Як правіла, пісьменнік, які звязаў сваё жыццё з жыццём сваёй нацыі, свайго народа, глядзіць далёка наперад. Прырода адорвае такіх людзей здольнасцю бачыць кірунак развіцця гісторыі, уяўляць, якім будзе жыццё ў далейшым. Вось якраз да такіх пісьменнікаў адносіцца Максім Гарэцкі, які багата зрабіў і для літаратуры свайго часу, і для будучыні.

У прадмове да 20-томнага Збору твораў Коласа, выданне якога толькі што завершана "Беларускай навукай", я гэтае перакананне пра празорлівасць класіка дастасоўваю і да Якуба Коласа. Робячы нешта важнае для свайго часу, пісьменнік глядзіць далей і піша тое, што цікава нават не толькі свайму, але і іншым народам, іншым нацыям. У гэтым — прычына эстэтычнай даўгавечнасці іх, Гарэцкага і Коласа, творчасці. Перагарніце старонкі "Новай зямлі" Коласа ці "Камароўскай хронікі" Гарэцкага — і вы будзеце ўспрымаць напісанае як фактар сучаснага інтэлектуальнага, грамадскага жыцця.

— Міхась Іосіфавіч, і ўсё ж, што зрабіў Гарэцкі для чытача свайго часу?

— Рассунуў ідэйна-тэматычныя межы сучаснай прозы. Увёў новага героя — вясковага інтэлігента, які ўжо спазнаў праз вучобу ў горадзе прычыны сялянскай бядоты, нацыянальнай прыгнечанасці народа, але які не ведае, як выйсці з гэтай сітуацыі. Першы перыяд творчасці Гарэцкага прайшоў пад сцягам асветніцкага рэалізму. Пісьменнік лічыў: асвета пакажа селяніну шлях, выйсце да лепшага жыцця. Прайшло небагата часу, у 1914 годзе пачалася імперыялістычная вайна, і Гарэцкі ўбачыў, што асветай, кнігай, газетай, прапагандай агранамічных ведаў справу не вырашыш. Ёсць жа і іншыя фактары, якія могуць прывесці да карэнных змен у становішчы народа. Вайна пераканала ў гэтым Гарэцкага. І пісьменнік павярнуўся тварам да палітыкі. І ў 1917 годзе паверыў, што патрэбна такая сіла, якая ўзначаліць гэтыя рухі. Адсюль і лозунг Гарэцкага: "Няхай жыве камуністычная Беларусь!"

Але пісьменнік працягваў развівацца эвалюцыйна... Гарэцкі ў хуткім часе ўбачыў, што рэвалюцыя нясе з сабою не толькі сцвярджэнне ідэалаў новага жыцця, але і вялікія разбурэнні і ахвяры. Гэтае разуменне адбілася ў аповесці "Дзве душы"... Новым для літаратуры пачатку дваццатага стагоддзя з'яўляецца і тое, што Гарэцкі ўвёў жанр гістарычнага апавядання. На той час гэта было даволі істотным момантам ва ўзбагачэнні беларускай літаратуры. Без вывучэння вытокаў праблемы сучаснай вёскі не вырашыць, разумеў Гарэцкі. Ён пераканаўся і пераконваў сваім прыкладам іншых: трэба даследаваць прычыны абыякавасці селяніна. У беларуса надоўга і трывала захавалася псіхалогія прыгоннага... Але ж і шэраговы, вясковы беларус здольны быў бачыць, адчуваць месца і ролю інтэлектуальнай, асветніцкай дзейнасці як выразнага сродку асветы.

Гістарычны падыход і разуменне, што літаратура — спецыфічная форма адлюстравання жыцця, і зрабілі Гарэцкага выдатным пісьменнікам. Маю на ўвазе яго аповесці "У чым яго крыўда", "Меланхолія", "Ціхая плынь", кнігу "На імперыялістычнай вайне", раман "Віленскія камунары", манументальную эпапею "Камароўская хроніка".

— У "Гісторыі беларускай літаратуры" М. Гарэцкага, якую ў перавыданні 1992 года якраз вы і рэдагавалі, ёсць у "Назваслоўі" наступнае значэнне слова "Хроніка": "... — 1. Кроніка, летапіс. 2. Раздзел у газеце або ў журнале, што ў ім адзначаюцца бягучыя падзеі часу". "Камароўская хроніка" Максіма Гарэцкага — гэта што: раман ці публіцыстычны зрэз жыцця, адкрытага менавіта Гарэцкім?

— "Камароўская хроніка" — гэта галоўная кніга Гарэцкага. Калі ён быў сасланы ў Вятку, напісаў у лісце да жонкі: "Можа быць, гэта кніга, якая застанецца ў гісторыі як мастацкі твор". Словам, высока цаніў сваю працу...

Перакананы, што "Камароўская хроніка" недаацэнена. Здаецца: у хранікальным плане — гэта толькі хроніка сям'і... А калі ўважліва пачынаеш чытаць, то раскрываеш глыбіні нацыянальнага характару, нацыянальнага ўкладу жыцця. Возьмем адзін прыклад. Пра тое, як блізкія ўспрымаюць адыход бацькоў, дзядоў... Чалавек пражыў жыццё. Адчувае, што прыйшоў яго час развітацца... Апранае чыстую бялізну. Той, хто пражыў жыццё годна, дае наказ блізкім, стараецца паспець выкласці свае парады, свой тастамент давесці. Наказвае самаму роднаму чалавеку: беражы блізкіх, беражы сына, дачушку, маці...

Трагічным эпізодам у "Камароўскай хроніцы" з'яўляецца смерць сястры самога аўтара. Бацька не хацеў адпускаць у горад дачку, якая праз некаторы час патрапіла пад трамвай і памерла ад страшных пакут у бальніцы. Дачка сяброўцы расказала сон, які прыйшоў да яе перад трагедыяй. Заходзіць яна, маўляў, у пакой, дзе стаяць тры дамавіны. Адна з іх пустая... Брат ёй раіць легчы ў адну. Тая: сам кладзіся, калі хочаш, а я не збіраюся паміраць. Прачнулася дзяўчына, запаліла святло. Ізноў прыснула. Ізноў — той самы сон...

— У чым жа прароцтва?

— Дамавіна — гэта не труна, гэта — дом родны. Так тлумачыць фальклор. А сястра была бліжэй да гарадскога мышлення, начытаная, раманы дамскія любіла. А калі б узгадала бацькоўскі фальклор, то выснову іншую зрабіла і паслухалася бацьку: трэба заставацца дома!.. Такімі сэнсамі, якія ідуць ад ведання, спасціжэння народнай сутнасці, народнай міфалогіі, і напоўнена "Камароўская хроніка"... Таму і ўзяў Гарэцкі такую форму апавядання, што расповеды пра асобныя сем'і — гэта расповеды пра непаўторнасць, асобаснасць. Кожны чалавек — індывідуальнасць. Фактычна пра кожнага аднавяскоўца пісьменнік гатовы быў пісаць хроніку. Жыццё ў розных праявах і асэнсаваннях бачылася бясконцай дарогай. І хіба ж яно не так?

— Асобна ў творчасці Максіма Гарэцкага вылучаецца кніга запісак салдата 2-й батарэі N-скай артылерыйскай брыгады Лявона Задумы "На імперыялістычнай вайне"...

— Своеасаблівы франтавы дзённік класіка беларускай літаратуры паказвае вайну ва ўсёй яе трагічнай сутнасці, якой яна была ў сапраўднасці, без ідэалізацыі, без прыхарошвання. Высока цаніў гэтую мастацка-дакументальную кнігу Янка Брыль, быў проста ў захапленні ад яе. "На імперыялістычнай вайне" перакладзена, дарэчы, і на нямецкую мову.

...Хацеў бы нагадаць, што Гарэцкі не толькі мастак слова, не толькі празаік і драматург, але і крытык, тэарэтык-літаратуразнаўца, гісторык літаратуры...

"Гісторыю беларускай літаратуры", напісаную ім, лічы, амаль сто гадоў таму, можна чытаць і зараз як падручнік для ўніверсітэта ці школы...

Але перад напісаннем такой фундаментальнай работы як "Гісторыя..." Гарэцкі распрацоўваў пытанне нацыянальнай ідэнтычнасці — у артыкулах "Наш тэатр" і "Развагі і думкі"...

— Алесь Адамовіч некалі напісаў: "Творчасць Максіма Гарэцкага, прысутнасць яе "гравітацыйна" ўплывае на ўсю глыбіню беларускай літаратуры 20 стагоддзя. Не ўдакладніўшы месца М. Гарэцкага ў агульным працэсе развіцця беларускай і беларускай савецкай літаратуры, немагчыма правільна ўбачыць і ацаніць сам гэты працэс..." Што б вы дадалі да гэтых слоў сёння?

— Відаць, варта сказаць пра ўменне пісьменніка паглядзець на канкрэтную асобу ў звязцы з гістарычнымі падзеямі. Другое — у творчасці Гарэцкага прасочваецца жаданне выяўляць тую нацыянальную непаўторнасць, якая ўласціва кожнай нацыі... Нешта ёсць такое, што цікава і іншым народам. Асаблівасць мышлення, напрыклад. Наш фальклор. Псіхалогія нашага чалавека. Філасафічнасць, памяркоўнасць. Жаданне жыць у суладнасці з Боскімі законамі. Кажучы па-руску, надзвычайная "совестливость".

— Але ж ці ведаюць Гарэцкага ў свеце?

— Пераклады ёсць. І на рускую мову — таксама. І на нямецкую... Але прывяду такі прыклад. Мяне запрасілі да ўдзелу ў міжнароднай канферэнцыі ў Альдэнбургу. Прапанаваў даклад па творчасці Максіма Гарэцкага. Пераслаў тэкст. У адказ — ліст, дзе выклалі 49 пытанняў. Разгубіўся: няўжо ўсё так дрэнна? Пасля высветлілася, што арганізатары турбуюцца, што менавіта нямецкаму чытачу далёка не ўсё зразумела. І з пункту гледжання асэнсавання нашай рэчаіснасці на пэўным гістарычным адрэзку, і з пункту гледжання нашай літаратуры, самой прозы...

Вось і ў той жа кнізе "На імперыялістычнай вайне", акрамя іншага, і размова — пра ўпарадкаванасць, уладкаванасць нямецкага жыцця, парадак... Але ж — і з ясным асэнсаваннем, што ў нас, на славянскай прасторы, і дыхаецца лягчэй. Унармаванасць, педантычнасць пярэчыць славянскай душы. І хіба ёсць у гэтым нешта дрэннае? Так што выйсце ў пашырэнні нашай класікі ў свеце — у адным: трэба больш перакладаць на іншыя мовы самі мастацкія творы, а не толькі расказваць пра тое, якія яны, якія ў нас пісьменнікі былі ці ёсць.

 

Гутарыў Максім Раўнапольскі, газета "Звязда"