Міхась Скобла і Таццяна Грыневіч-Матафонава наведалі Лунінец

Першая сустрэча адбылася ў Лунінецкім агульнаадукацыйным ліцэі. М. Скобла прачытаў вершы, прысвечаныя знакамітым айчынным пісьменьнікам і асветнікам: Карусю Каганцу, Ларысе Геніюш, Пімену Панчанку, расказаў пра свае сустрэчы з легендарнай Зоськай Верас, чыя нядаўна выдадзеная кніга “Я помню ўсё” ўжо маецца ў ліцэйскай бібліятэцы.

RES08046

Асаблівую цікавасць у школьнікаў выклікалі прадэманстраваныя ім два мініяцюрныя (2х3 см) зборнікі твораў Янкі Купалы і Якуба Коласа – самыя маленькія кніжкі не толькі ў калекцыі паэта, але і ва ўсёй Беларусі. Т. Грыневіч-Матафонава выканала песні на словы класікаў, прэзентавала дырэктару ліцэя аўдыёдыскі з вершамі са школьнай праграмы.

Другі выступ прайшоў у Лунінецкім сельскагаспадарчым коледжы, дзе прысутнічалі не толькі яго навучэнцы, але і інтэлігенцыя горада. Сустрэча была прысвечаная памяці лунінецкай спявачкі Наталлі Мурко, якой не стала два гады таму. Абодва выступы прайшлі ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”, ад імя якой арганізатары і ўдзельнікі сустрэчаў атрымалі памятныя сувеніры.

budzma.org