Міхась Скобла і Таццяна Матафонава — у магілёўскім цэнтры «Кола»

У кнізе «Даць народу гісторыю» сабраны ўспаміны і лісты беларускага гісторыка, археографа, этнографа, краязнаўцы і літаратара Міколы Улашчыка, аднаго з самых дасведчаных знаўцаў ВКЛ, і перш за ўсё – гістарычных летапісаў тых часоў. Вельмі падрабязна пра біяграфію самога навукоўца, ягоную працу і даследаванні, а таксама гісторыю выхаду кнігі, распавёў укладальнік выдання паэт Міхась Скобла. Спадар Міхась нават правёў невялічкую гістарычна-літаратурную віктарыну з прызамі для знаўцаў і рупліўцаў беларушчыны.

А яшчэ на імпрэзе магілёўцам быў прадстаўлены новы кампакт-дыск «Галасы паэтаў», што выйшаў пад рэдакцыяй Таццяны Матафонавай. На ім сабраныя запісы вядомых і знакамітых беларускіх паэтаў, ад класікаў да сучаснікаў, якія чытаюць свае вершы. Спадарыні Таццяне ўдалося сабраць на адным дыску больш за чатыры сотні вершаў шасцідзесяці паэтаў у аўтарскім выкананні. Гэтаму папярэднічалі гады доўгіх росшукаў сярод фондаў радыё, зваротаў да сваякоў спачылых у вечнасці паэтаў, наконт запісаў, што маглі захавацца ў дамашніх архівах, а таксама прапановы і ўгаворы запісаць свае творы ва ўласным выкананні нашым сучасным аўтарам. Цяпер кожны зможа не толькі пачуць вядомыя (і не вельмі) паэтычныя творы, але і адчуць аўтарскія інтанацыі, эмоцыі, перажыванні, якія не заўсёды заўважыш у друкаваным слове. Дыск прадставіла сама ўкладальніца – наша цудоўная і таленавітая спявачка Таццяна Матафонава.

Алесь Сабалеўскі, фота аўтара