Міхась Скобла — лаўрэат прэміі «Воін святла» імя Міхася Жызнеўскага

Пісьменьнікі вырашылі 26 студзеня ўручаць штогадовую літаратурную прэмію «Воін сьвятла» памяці героя Нябеснай сотні беларуса Міхася Жызьнеўскага, які загінуў на кіеўскім Майдане. Летась першым ляўрэатам прэміі стаў Анатоль Бароўскі — за раман «Воляй абраны», прысьвечаны падзеям 1863 году, у якім расказваецца пра вызвольнае паўстаньне супраць расейскага царызму, пра каханьне Кастуся Каліноўскага і яго нарачонай Марыі Ямант.

— Міхась, вы ў 2014 годзе прысьвяцілі памяці Міхася Жызьнеўскага пранікнёны верш, а сёлета сталі ляўрэатам прэміі «Воін сьвятла». Што яна значыць для вас?

— Думаю, у многіх на памяці тыя драматычныя студзеньскія дні 2014 году, калі адным зь першых на кіеўскай плошчы Незалежнасьці загінуў наш суайчыньнік Міхась Жызьнеўскі. Тады за падзеямі ва ўкраінскай сталіцы сачыў увесь сьвет. І калі пачаўся расстрэл бяззбройных людзей фактычна ў жывым эфіры... У мяне дагэтуль усё перад вачыма стаіць. У Максіма Багдановіча ёсьць верш-шкадаваньне пра беларусаў, якія «пад чужымі сьцягамі ўміралі». Дык вось, для мяне Жызьнеўскі загінуў хоць і далёка ад радзімы, але не за чужыя інтарэсы, а за Беларусь. Бо тады праз Майдан праходзіла лінія фронту, якая сёньня падзяліла Ўсходнюю Ўкраіну. Бо па той бок фронту — агрэсар, які заўтра можа прыйсьці і на беларускую зямлю. Таму ў маіх вачах Жызьнеўскі — герой ня толькі ўкраінскай Нябеснай сотні, але і Беларусі. І для мяне вялікі гонар быць адзначаным прэміяй ягонага імя.

Вокладка кнігі эсэ «Саркафагі страху»

Вокладка кнігі эсэ «Саркафагі страху»

— Што вас зьвязвае з Украінай?

— Багата што. Усіх нас. Не забывайма, што нас жывіць адна магутная рака — Дняпро. Два гады таму я быў у Каневе, дзе на Чарнечай гары пахаваны Тарас Шаўчэнка і дзе адзначаліся 200-я ўгодкі Кабзара. Дык вось мне расказалі, што калі ў XIX стагодзьдзі беларускія плытнікі праплывалі міма, яны здымалі шапкі і кланяліся Шаўчэнку, як свайму паэту. Тыя плытнікі наўрад ці чыталі ягоныя творы, але такія паводзіны дыктавала ім памяць народная. Я цяпер рэдагую адну гістарычную кнігу, дык там сеймікі ВКЛ адбываюцца то ў Наваградку, то ў Луцку, то ў Слуцку, то ў Чарнігаве. Я нават быў заблытаўся ў Гароднях — аказваецца, на Чарнігаўшчыне ёсьць яшчэ адна Гародня. Так што ў нас нават гарады аднолькава называюцца. Ну і мову ўкраінскую я люблю, яна для мяне як музыка. Калісьці Янка Брыль падараваў мне кніжку Ліны Кастэнкі, я там знайшоў верш пра полацкую князёўну Рагнеду. Думаю, што новага ўкраінка можа сказаць пра полацкія падзеі тысячагадовай даўніны? Аднак жа змагла. Я потым той верш пераклаў, але працытую ў арыгінале (там толькі адно слова «ґава» незразумелае — па-беларуску гэта «варона», паэтка так называе другую жонку князя Ўладзімера):

«Ой Боже ж мій, як він же тебе кинув,
княгинечку, постарілу від сліз,
навіщо ж він привіз тебе у Київ,
із Полоцька, із попелу привіз?!
А ти жива. І жах тебе прониже:
тебе цілує той, хто їх убив.
О найстрашніше із усіх принижень!
О найдивніше з найдивніших див!
Порфирородна візантійська ґава,
в душі якої можна заблудить.
Княгинечка, Рогніда, Горислава...
Ото ж не треба ворога любить!»

Гэтую баляду трэба ў беларускіх школах вывучаць — асабліва ў кантэксьце апошняга часу, калі князю-забойцу, князю-гвалтаўніку ў Расеі помнікі ставяць і здымаюць пра яго мастацкія фільмы.

— Ведаю, што вы служылі ў савецкім яшчэ войску ва Ўкраіне, можа, адтуль любоў ідзе? Тады чаму вы самі сябе называеце акупантам?

— А хто ж я быў, калі не акупант? Наша дэсантна-штурмавая брыгада стаяла ў мястэчку Хыраў на Львоўшчыне. І два месяцы на год мы не давалі спаць львавянам, рэпетуючы па начах вайсковыя парады — на 9 траўня і 7 лістапада, ды яшчэ і з адпаведнымі савецкімі песьнямі ў сотні глотак. У нас і памідорамі з бальконаў кідалі, і колы ў аўтамабілях праколвалі. Для мяне гэта была своеасаблівая школа нацыянальнай загартоўкі. Менавіта тады я і вырашыў — за тое, што таптаў акупанцкімі ботамі вольналюбівую ўкраінскую зямлю, па скон жыцьця буду перакладаць украінскую паэзію. Замольваць віну. А калі ўкладаў анталёгію «Галасы з-за небакраю: паэзія сьвету ў беларускіх перакладах ХХ стагодзьдзя» (выйшла ў 2008-м), неяк само па сабе атрымалася, што ўкраінскіх паэтаў там сабралася найбольш — ажно 54.

Міхась Скобла

— Каго з украінскіх паэтаў вы перастварылі па-беларуску?

— Амаль у кожнай маёй кніжцы ёсьць такія пераклады. Вось украінскі разьдзел у апошнім па часе выданьня зборніку «Камізэлька для месяца»: Васіль Стус, Ліна Кастэнка, Васіль Герасімюк, Іван Андрусяк, Іван Малковіч, Алеся Мамчыч, Сяргей Панцюк. А яшчэ я пераклаў вялікае эсэ Ліны Васілеўны «Гуманітарная аўра нацыі, альбо Дэфэкт галоўнага люстэрка» (друкавалася ў «Дзеяслове»). Чытаеш яго і разумееш — гэта ўсё і пра нас, беларусаў, чыя ахоўная «гуманітарная аўра» таксама пашкоджаная, прадзіраўленая ў многіх месцах і патрабуе неадкладнага цыраваньня.

— Украінцы заўсёды падтрымлівалі беларусаў — нават у Гулагу (пра гэта ўдзячна напісала ў сваёй «Споведзі» Ларыса Геніюш). А якія цяпер стасункі паміж пісьменьнікамі Ўкраіны і Беларусі?

— «Няма таго, што раньш было», калі пісьменьнікі езьдзілі ў госьці шматлюднымі дэлегацыямі. Цяпер завязваюцца пераважна прыватныя кантакты, чаму спрыяюць сучасныя сродкі камунікацыі. Скажам, нядаўна я праз «Фэйсбук» пазнаёміўся зь перакладчыкам Дзьмітром Шчарбінам, які жыве ў Крывым Розе на Кіраваградчыне і якога там жартоўна называюць «замаскаваным беларусам». А ён і ў Беларусі ні разу ня быў, вывучыў нашу мову (прычым дасканала!), чытаючы часопіс «Вожык» і слухаючы Радыё Свабода. Дзьмітро пераклаў цэлую бібліятэчку беларускай паэзіі — вершы Максіма Багдановіча, Анатоля Вярцінскага, Рыгора Крушыны, Уладзімера Някляева... Дзякуючы Дзьмітру зьявілася па-ўкраінску і кніга прыпавесьцяў Васіля Быкава, прычым не ў зацішным Львове ці Кіеве, а ў прыфрантавым Луганску. На такіх, як Дзьмітро, і трымаецца сёньня ўкраінска-беларускае літаратурнае сяброўства.

— Што «ўкраінскага» ў кнізе, за якую вас ўзнагародзілі, — у «Саркафагах страху»?

— Там чатыры тэксты, зьвязаныя з Украінай. Найперш гэта эсэ, якое дало назву ўсёй кнізе, — пра падзеі 30-х гадоў, пра «расстраляную літаратуру». Дарэчы, так называлася літаратурная анталёгія, якую мы з Кастусём Цьвіркам і Лідзіяй Савік зрабілі для сэрыі «Беларускі кнігазбор». Калі мы яе рыхтавалі, высьветлілася, што па такім жа сцэнары зьнішчалася і ўкраінская літаратура. І ва ўкраінцаў была свая чорная ноч — зь 15 на 16 сьнежня 1934 году, калі было расстраляна адразу 15 літаратараў. Так што яшчэ і гэта нас лучыць з украінскімі пабрацімамі. Хачу яшчэ згадаць эсэ «Ўкраінскі фронт Быкава». Бо так ужо атрымалася, што Васіль Быкаў сымбалічна загінуў за Ўкраіну — 10 студзеня 1944 году ў беларускую вёску Бычкі з-пад пасёлка Вялікая Севярынка была адпраўленая на яго «пахаронка». Там да гэтай пары помнік стаіць, і Васіль Уладзімеравіч не дазволіў яго «падрэдагаваць», прыняць са стэлы сваё прозьвішча. А вазьміце быкаўскую прыпавесьць «Насарогі ідуць» — яна ж пра сытуацыю ў сёньняшняй Украіне. Беларусы і ўкраінцы заўсёды адчувалі суседзкія беды як свае. Мне здаецца, калі выйсьці на правы бераг Прыпяці і гукнуць на поўнач «Слава Ўкраіне!», то ў адказ абавязкова пачуецца «Жыве Беларусь!».

Паводле Радыё Свабода