Міхась Скобла: Літаратура зберагае нацыю

Паэт расказаў пра нацыястваральную ролю беларускай літаратуры, прачытаў вершы, прысвечаныя Францішку Багушэвічу, Карусю Каганцу, Ларысе Геніюш, Рыгору Барадуліну. Падчас выступу ён падкрэсліў:

“Апошнім часам я назіраю дзіўную тэндэнцыю – праводзяцца шматлікія сацапытанні, з’яўляюцца на самых розных сайтах публікацыі, мэта якіх – даказаць, што беларуская літаратура нежыццяздольная, што беларусы не чытаюць і не ведаюць сваіх пісьменнікаў. У гэтай сувязі мне прыгадваюцца радкі з аднаго майго верша: “Толькі ляж пад абразы – адпявалы знойдуцца”. У нашым выпадку “адпявалы” з’явіліся яўна перадчасна – чуткі пра хуткі скон беларускай літаратуры відавочна перабольшаныя. У беларускага прыгожага пісьменства будучыня адназначна ёсць. І зарукай гэтага – літаратурная моладзь, якая дзякуючы сучасным камунікацыйным тэхналогіям не мае праблем з публікацыяй сваіх твораў. Як у свой час беларуская літаратура выканала нацыястваральную ролю, так сёння яна выконвае ролю нацыязберагальную. Наша літаратура валодае велізарным запасам нацыянальнай энергіі, і нам усім трэба падсілкоўвацца ёю”.

Другая сустрэча прайшла ў Ганцавіцкай раённай бібліятэцы – як прэзентацыя кніг Ларысы Геніюш (“Лісты з Зэльвы”) і Зоські Верас (“Я помню ўсё”), якія ўклаў і пракаментаваў Міхась Скобла. Паэт і даследчык літаратуры прызнаўся, што проста захоплены гэтымі дзвюма асобамі.

“Ларыса Геніюш і Зоська Верас паказалі ўсім нам прыклад узорнага служэння літаратуры і Беларусі. Гэтыя дзве пасіянарныя беларускі ўмелі і пчолы гадаваць, і кветкі разводзіць, і вершы пісаць, і нацыянальным духам палымнець, ды так, каб і другія займаліся!” – заўважыў выступоўца.

Абедзве сустрэчы прайшлі ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”, ад імя якой Міхась Скобла ўзнагародзіў арганізатараў і ўдзельнікаў кнігамі і памятнымі сувенірамі.

budzma.org