Міхась Скобла: Партызанка Зоська Верас

Сьмерць і радзіны не выбіраюць гадзіны. Зоська Верас не дажыла да свайго стагодзьдзя ўсяго месяц з паловай – памерла 10 кастрычніка 1991 году. А так хацелася, каб дажыла, каб заставалася жывым злучнікам паміж пакаленьнямі, эпохамі і стагодзьдзямі. Не збылося – сувязь часоў распалася.
Зоська Верас
Яе, маладую ўдаву нацдэма Фабіяна Шантыра, расстралянага бальшавікамі ў
1920 годзе, прытуліў Панарскі лес пад Вільняй. А лес у беларусаў зь
лёсам сугучны, і лёсу скрыжалі недвухсэнсоўна вызначаюць, дзе і што нам
рабіць: у сасновым лесе маліцца, у бярозавым – любіцца, у дубовым – волю
каваць, у яловым – душу д’яблу прадаваць. А вось у якім лесе беларусу
паміраць – скрыжалі тыя не паведамляюць. Таму Зоська Верас, калі прыйшла
пара пакінуць гэты сьвет, пераехала ў Вільню, да сына.
Я ня быў на яе магіле, і мне здаецца, што нікуды яна не пераяжджала.
Проста выйшла аднойчы за парог і – сама стала лесам, сунічнікам,
верасам. Або шарай пташкай – яшчэ адзін зь яе псэўданімаў.
Амаль сем дзясяткаў гадоў – цэлае чалавечае жыцьцё – Зоська Верас
пражыла ў сваёй Лясной хатцы. У глінабітнай, без усякіх выгодаў, у двары
нават калодзежа не было. Улетку зьбіралі ў бочкі дажджавую ваду, узімку
– тапілі сьнег.
Зоська Верас жыла ў лесе не пустэльніцай, хутчэй – партызанкай. І
ваявала яна – актыўна і бескампрамісна – з усімі, хто пасягаў на
гістарычную праўду. “Фальш шкодзіць гісторыі”, – не стамлялася паўтараць
старая дзяячка ў лістах да сваіх шматлікіх адрасатаў. Толькі за
паваенны час лістоў гэтых яна напісала больш за шэсьць тысячаў, і ў
кожным – штосьці ўдакладняла, кагосьці папраўляла, камусьці выносіла
свой няўмольны прысуд.
Паказальны ў гэтым сэнсе выпадак з кнігай Алега Лойкі “Як агонь, як
вада”, якая выйшла ў 1984 годзе. Хітрамудры жанр “раману-эсэ” не дапамог
аўтару пазьбегнуць зьнішчальнай крытыкі ад Зоські Верас. За прыніжэньне
Янкі Купалы і “Нашай Нівы”, за хлусьлівыя вобразы Івана і Антона
Луцкевічаў (названых у рамане Лапкевічамі), за дыскрэдытацыю асобы
Вацлава Ластоўскага (у рамане – Ласоўскі) кніга Лойкі ў Лясной хатцы
атрымала найвышэйшую меру пакараньня – аўтадафэ і была неадкладна
спаленая на рытуальным вогнішчы. Пра што і было паведамлена ў лістах
блізкім сябрам, прыкладам – Ларысе Геніюш.
Аднойчы я даволі бестактоўна спытаўся ў свайго ўнівэрсытэцкага
выкладчыка, ці ведаў ён пра тое лясное аўтадафэ? Алег Антонавіч са
скрухай прызнаўся, што ведаў. Мала таго, тое вогнішча ў Панарскім лесе
не давала яму спакою да канца дзён, яно і прымусіла ўрэшце перапісаць
раман. Пасьля дапрацоўкі ён павялічыўся на сто старонак, а ягоным героям
былі вернутыя іх сапраўдныя прозьвішчы.
Аўтарытэтаў на гэтай сваёй партызанскай вайне за праўду Зоська Верас не
прызнавала. Дасталася ад яе і Зьмітраку Бядулю – за непраўдзівыя
ўспаміны пра Максіма Багдановіча, і супрацоўніку Гістпарту пры ЦК КПБ
Мікалаю Сташкевічу. Гаспадыня Лясной хаткі прачытала ягоную манаграфію
“Прысуд рэвалюцыі: крах антысавецкага руху ў Беларусі (1917–1925)” і на
правах відавочцы апісаных там падзеяў вынесла свой прысуд: “Блытаніна!”.
Зьняпраўджвала Зоська Верас і распаўсюджаную ў савецкіх дасьледаваньнях
інфармацыю пра падтрымку немцамі беларускага руху ў 1917–1918 гадах.
Расказала, як немцы брутальна выганялі беларускія арганізацыі з
губэрнатарскага дому ў Менску, як нейкі кайзэравец літаральна схапіў яе
за руку, калі яна спрабавала забраць з шуфляды пячатку…
Дарэмна шукаць артыкулаў Зоські Верас пра ўсё гэта ў афіцыйным друку (а
тады ўвесь друк быў афіцыйны). Па-першае, не надрукавалі б. Па-другое,
ня надта яна таму друку давярала. І таму ў ход звыкла ішлі
лісты-лістоўкі – правераная партызанская практыка.
Усе менскія нефармалы 80-х перабывалі ў Лясной хатцы. І такой бяды, што
фотаздымкі з тых візытаў потым траплялі на старонкі адыёзнага
“Политического собеседника”. Усім хацелася дакрануцца да жывой гісторыі.
Памятаю, як улетку 1988 году мы з Анатолем Сідарэвічам ішлі па
чыгуначным палатне ў кірунку Панараў. Між бліскучых рэек палахліва
прыгіналі галовы прыземістыя рамонкі, чыгунка на даляглядзе
пакалыхвалася ў сьпякотным марыве. Вось і чаканая паваротка. У лесе наш
рух запаволіўся – проста абапал сьцежкі (як хто крапідлам пакрапіў) –
чырвоныя россыпы суніцаў. Яны і прывялі нас да партызанскага жытла –
Лясной хаткі. Нас сустрэў Лявон Луцкевіч – зяць гаспадыні і найлепшы
знаўца гісторыі Вільні. Ягоная жонка Галіна Войцік частавала нас
чарніцамі з малаком. Пачастунак зацягваўся – Людвіка Антонаўна
заседжвалася дапазна, таму з раніцы яе стараліся не будзіць. Мы бавілі
час на падворку, дзе Лявон Луцкевіч паказваў нам жыцьцёва важную ў
сухаземным лесе сыстэму вадасьцёкаў.
Пані Галіна паклікала нас у хату – прачнулася маці і гатовая з намі
сустрэцца. І вось – зацішная бакоўка, нейкія старыя камоды з шуфлядамі і
ў зручным фатэлі – Яна. Маленькая, прыветлівая, з маладымі вачыма.
Анатоль Сідарэвіч пісаў вялікімі літарамі свае пытаньні (на дзясятым
дзясятку Зоська Верас кепска чула), а мне было няёмка і турбаваць яе
прыпамінаньнямі. Колькі падобных паломнікаў і цэлых дэлегацый прыняла
яна за сваё жыцьцё і перад кожным дапытлівым суразмоўцам браму скарбаў
сваіх адчыняла.
Гэта яна надрукавала свой першы твор яшчэ ў 1907 годзе – усяго на два
гады пазьней за Янку Купалу, а аўтарам легендарнай “Нашай Нівы” стала ў
1911-м.
Гэта яна ў 1916 годзе прывячала ў Менску Максіма Багдановіча, які абяцаўся пісаць ёй зь Ялты, зь “белага дома над сіняй бухтай”.
Гэта яна на ўсё жыцьцё запомніла, як бальшавікі ў сьнежні 1917-га разганялі ў Менску І Усебеларускі кангрэс.
Гэта яна за свае сьціплыя заробкі ў 1928 годзе выдала паэтычны зборнік
Міхася Машары “Малюнкі” і толькі за гэта заслугоўвае ня меншай пашаны,
чым Магдалена Радзівіл – фундатарка неўміручага “Вянка”.
Гэта яна рабіла і выпускала ў сьвет часопісы для дзяцей “Заранка” і
“Пралескі”, а для дарослых – месячнік “Беларуская борць”, якім
карысталіся пчаляры па ўсёй Заходняй Беларусі.
Гэта яна склала і выдала ў 1924 годзе знакаміты
“Беларуска-польска-расейска-лацінскі батанічны слоўнік”, у які і сёньня
не зашкодзіць зазірнуць самым дасьведчаным лексыкографам, каб даведацца,
як праўдзіва на роднай мове называецца тая ці іншая расьліна.
Гэта да яе паэт і бібліёграф Гальяш Леўчык пісаў са Слоніма прачулыя
лісты, якія пачыналіся ласкавымі звароткамі “залаценечка і дарагенечка
дзядзіначка”, альбо “паважаная цётухна і залатая сястронка”…
Лісты ў Лясную хатку прыходзілі часта. І на кожны нястомная гаспадыня
давала адказ – успамінала, тлумачыла, удакладняла. Уся карэспандэнцыя
захоўвалася ў ідэальным парадку – меў магчымасьць пераканацца ў гэтым на
свае вочы. Усе шуфляды ў бакоўцы былі літаральна забітыя фотаальбомамі і
акуратна перавязанымі стосікамі лістоў. Памятаю, Зоська Верас прасіла
адчыніць пэўную шуфляду, дастаць патрэбны альбом ці пакунак, а пасьля
асьцярожна трымала іх на каленях – лісты ад Віталя Скалабана, Янкі
Саламевіча, Дануты Бічэль, Зыгмунта Абрамовіча, Ларысы Геніюш…
Ліставаньне з Ларысай Геніюш доўжылася каля чатырнаццаці гадоў – з
1967-га па 1983-ці. Яно мела даволі інтэнсіўны характар – абедзьве
Антонаўны пісалі свае эпісталярныя летапісы проста самазабыўна. Ларыса
Антонаўна ў сьнежні 1967-га наведала Лясную хатку, нават заначавала ў
сваёй прыяцелькі, і яны да самай раніцы не маглі нагаварыцца. Гэтыя
дзьве пасіянарныя беларускі ўмелі і пчолы гадаваць, і кветкі разводзіць,
і вершы пісаць, і нацыянальным духам палымнець, ды так, каб і другія
займаліся.
Як жа шкада, што Лясная хатка, у якой Зоська Верас пражыла – так
прыкметна для Беларусі! – сем дзясяткаў гадоў, згарэла напачатку 90-х,
калі гаспадыні там ужо не было. Памятаю, пачуўшы пра пажар у Панарскім
лесе, я з жалем падумаў, што згарэла і ўся бачаная ў Лясной хатцы
перапіска. Але, дзякаваць Богу, вялікая частка эпісталярыю ацалела,
своечасова перададзеная на захаваньне ў Беларускі дзяржаўны архіў-музэй
літаратуры і мастацтва. Заснаваны там Фонд 318 – надзейная схоўніца тых
уратаваных з Панарскага лесу скарбаў.
Тады, у 1988-м, я адыходзіў зь Лясной хаткі зь дзіўным пачуцьцём –
быццам зьдзейсьніў падарожжа ў мінулае на машыне часу. І доўга ня мог
апрытомнець, нават ужо сеўшы ў менскі цягнік. Жалезныя колы разгоніста
татахкалі на рэйкавых стыках, я чытаў зборнік “Каласкі”, падараваны
Анатолю Сідарэвічу з аўтографам аўтаркі, і думаў, што дарэмна Зоську
Верас менскія парнасцы паблажліва называюць толькі дзіцячай
пісьменьніцай. Ёсьць у яе верш “Ліст”, які ня трапіў у “Каласкі” акурат
з-за свае недзіцячасьці. Гэтым лірычным шэдэўрам нашаніўскай эпохі
калі-небудзь адкрыецца збор твораў паэткі і мэмуарысткі, лексыкографа і
публіцысткі, перакладчыцы і асьветніцы Зоські Верас:
Хацела да цябе напісаці
На пялёстку ружы пахучай,
Але пялёстак мог згінуць
У пору буры грымучай.
Хацела да цябе напісаці
На скрыльлі у матылёчка,
Але матыль умірае,
Як прыйдзе цёмная ночка.
Хацела я ліст паслаці
Праз ластаўку з нашага дому,
Але ж яна магла даці
Яго каму-небудзь другому.
І так дзянёчкі праходзяць.
Не маю яго як паслаці,
А ліст такі ўжо сардэчны
Хацелася напісаці.
Адзін літаратуразнаўца, пачуўшы гэтыя радкі, усклікнуў: “Дык гэта ж
насьледаваньне Максіму Танку – ягонай «Перапісцы зь зямлёй»!”. Давялося
патлумачыць калегу, што ў час, калі пісаўся “Ліст”, падлетак Жэнік
Скурко (будучы Танк) бегаў са свайго пількаўскага хутара ў Сваткаўскую
школку і лісты пісаў хіба пад дыктоўку бабкі Ульляны –
жыцьцёва-празаічныя.
На эксьлібрысе Зоські Верас над усім дамінуе віленская вежа Гедыміна. І
гэта заканамерна – Зоська Верас была genius loci Вільні, genius loci
беларускай Вільні. Безь яе Вільня лягчэй ператвараецца ў Вільнюс. Шкада,
што грамадзянка Людвіка Антонаўна Сівіцкая – назавем нарэшце яе
сапраўднае імя – пахаваная не на Росах, дзе ёсьць нейкае падабенства
нацыянальнага нэкропалю. Сваім жыцьцёвым подзьвігам яна бясспрэчна
заслужыла на апошні гонар. Заслужыла сваім узвышэньнем праўды і
Беларусі. А ўзгорыстыя могілкі Росы – адзінае месца ў сьвеце, дзе
беларусы – вышэй за ўсіх.