Міхась Скобла: У які саюз пісьменьнікаў уступіць Лукашэнка?

Раптоўнага паўстаньня на мінулым зьезьдзе Саюзу пісьменьнікаў Беларусі
не адбылося – ягонага старшыню пераабралі на другі тэрмін. Прычым
перавыбары тыя сталі трыюмфальнымі для Мікалая Чаргінца – за яго
прагаласаваў 461 дэлегат, адзін выказаўся супраць і трое ўстрымаліся. З
чым і віншую пераможцу і ўвесь гэтак адданы яму СПБ. Такога адзінства ў
пісьменьніцкіх шэрагах ня змог дамагчыся ніводзін папярэдні старшыня.
Нават у савецкія часы пры Максіму Танку сякое-такое іншадумства
дазвалялася. А ў сёньняшнім СПБ, як у войску: “Вы – за?” – “Так точна,
таварыш генэрал!”
Але, як выглядае, і ў Чаргінца неўзабаве можа зьявіцца моцны канкурэнт. На нядаўняй сустрэчы зь пісьменьнікамі Аляксандар Лукашэнка прыгадаў, што і сам у маладосьці вершыкі папісваў. “А давайце мы іх апублікуем, а вас у наш саюз прымем”, – тут жа прагучала падхалімская прапанова.
Прапанова падхалімская, але небеспадстаўная: пры жаданьні Аляксандар
Лукашэнка можа хоць сёньня зарэкамэндавацца аўтарам некалькіх кніг
(скажам, зборніка афарызмаў, старанна сабраных Уладзімерам Падголам),
дый літаратурная прэмія імя Шолахава – ого які падмацунак. І вось калі
такі новы член зьявіцца ў СПБ, старшынёўскае крэсла з-пад Чаргінца само
выскачыць і на ўсіх чатырох ножках перабяжыць самі ведаеце пад каго. Ня
быць жа яму шараговым членам. Дый да павышанай грамадзкай нагрузкі яму
не прывыкаць – Нацыянальным алімпійскім камітэтам вунь як кіруе! Лядовыя
палацы па гарадах і мястэчках як грыбы растуць. Хай бы і Дамы
літаратара па ўсёй Беларусі размнажаліся…
Уступіць у сцэмэнтаваныя любоўю да свайго старшыні шэрагі СПБ дастаткова
проста. Паводле статуту, прэтэндэнт нібыта павінен мець за душой хоць
адну ўласную кнігу. Але насамрэч – можна і бяз кнігі. Так прынялі,
напрыклад, дырэктара выдавецтва “Мастацкая літаратура” Ўладзіслава
Мачульскага, які ні паэзіі, ні прозы аніколі не пісаў. Не пісаў, а
чырвоную кніжачку з чаргінцоўскім подпісам мае. Колькі ў СПБ такіх
творцаў, мне, шчыра кажучы, да лямпачкі. Гэта Мікалай Чаргінец увесь час
падлічвае колькасны склад саюзу-канкурэнта.
Між іншым, калі ў Саюз пісьменьнікаў у далёкім ужо 1978 годзе ўступаў
сам Чаргінец, разгляд прэтэндэнтаў быў куды больш прынцыповым.
Можна падумаць, што я занадта прыдзірліва і тэндэнцыйна стаўлюся да
Мікалая Чаргінца. Зусім не, і кніжкі ягоныя разам з блогерам Яўгенам
Ліпковічам я не паліў і паліць не зьбіраюся. Паленьне кніг выклікае ў
маёй сьвядомасьці тры гістарычныя паралелі: сярэдневяковую інквізыцыю
(тады разам з кнігамі і людзей палілі), гітлераўскую Нямеччыну і
сталінскі СССР, калі вогнішчы з кніг палалі і ў Менску, у дворыку
“амэрыканкі”. Зразумела, што я не хачу, каб да такой барацьбы з
іншадумствам вярнуліся ў Рэспубліцы Беларусь. Так што не прыдзірлівы я і
не тэндэнцыйны. А вось Мікалай Чаргінец да маёй сьціплай асобы чамусьці
даўно неабыякавы. Каб у гэтым пераканацца, дастаткова пачытаць афіцыйны
сайт СПБ. Ці, скажам, дае Чаргінец інтэрвію “Белгазете” і раптам – ні з
пушчы ні з поля – як выгукне: “Не нужен нам Михась Скобла!”2.
Як быццам я днюю і начую на ганку абжытага Чаргінцом Дому літаратара –
прыміце мяне ў ваш саюз чатырыста шэсьцьдзясят шостым членам! І
памкненьня такога ў мяне не было. Так што, як кажуць у народзе, бі хоць
таўкачом, абы было па чом. А няма па чым, дык схавай свой таўкач куды
падалей.
Цяпер колькі словаў пра ўжо згаданую сустрэчу прадстаўнікоў прыўладнага
Саюзу пісьменьнікаў з Аляксандрам Лукашэнкам. Падчас тае нарады ён
некалькі разоў скіроўваў свой праведны гнеў супраць тых пісьменьнікаў зь
незалежнага СБП, якія вось ужо пяць гадоў неяк абыходзяцца безь
дзяржаўных ганарараў і нэкралёгаў у тыднёвіку “ЛіМ”. Кіраўнік краіны
чамусьці называў іх сьвядомымі, у сувязі з чым мне хочацца зьвярнуцца да
яго беспасярэдне.
Аляксандар Рыгоравіч, можа, вы ня ведаеце: сьвядомы – гэта сознательный,
находящийся в сознании, ці, як у народзе кажуць, пры сваім розуме.
Называючы сьвядомымі толькі пісьменьнікаў з СБП, вы псыхалягічна
траўмуеце членаў чаргінцоўскага саюзу, бо атрымліваецца, што яны
несьвядомыя, то бок нешта з галавой у іх не ў парадку. Ня злуйце вы іх.
Пісьменьнікі – істоты помсьлівыя, і могуць пра вас зьедлівых эпіграмаў
насачыняць.
Правільна вы наконт цэнзуры выказаліся. Не павінна яе быць. А яна, ліха
на яе, завялася ў дзяржаўных выдавецтвах. Прывесьці прыклады? Можна і
прыклады. Няхай вам міністар інфармацыі Праляскоўскі прынясе нядаўна
выдадзеную выдавецтвам “Літаратура і мастацтва” кнігу “Уладзімер
Караткевіч: вядомы і невядомы”. Там на старонцы 26 вы ўбачыце такі
значок […]. Гэта і ёсьць сьлед цэнзуры. З кнігі была выкінутая цэлая
старонка тэксту пра нейкага нячысьціка з берагоў Дняпра. Дык вось,
цэнзары палічылі, што нячысьцік гэты – вы. Гэта ж дадумацца толькі!
Уталкуйце вы ім, што рабіць так больш – нельга.
Існуе ў нашай краіне і найгоршы від цэнзуры – на імёны. Калі ў 2008 годзе ў выдавецтве “Беларуская энцыкляпэдыя” рыхтаваўся да друку двухтамовы “Слоўнік
фразэалягізмаў” прафэсара Івана Лепешава, зь яго пільнымі
“энцыкляпэдыстамі” былі выкасаваныя наступныя пісьменьнікі: Сьвятлана
Алексіевіч, Уладзімер Арлоў, Сяргей Астравец, Ларыса Геніюш, Сяргей
Дубавец, Сяргей Законьнікаў, Аляксандар Лукашук, Вінцэсь Мудроў,
Уладзімер Някляеў, Алесь Пашкевіч, Барыс Пятровіч, Масей Сяднёў. Трапіў
пад цэнзарскія нажніцы і аўтар гэтых радкоў. Сьледам за імёнамі вылецелі
са слоўніка і цытаты з нашых твораў – больш за 500. Прафэсар назваў
гэткую праполку свайго слоўніка “напорыстай, бескампраміснай і жорсткай
цэнзурай”. І як тут зь ім не пагадзіцца?
Салідарны я з вамі, Аляксандар Рыгоравіч, і наконт вульгарнасьці і
пошласьці, якія падступна пракраліся ў нашу літаратуру. Вось тут
адназначна трэба ставіць заслон вышынёй з Брацкую ГЭС, каб ніводзін
пашляк у наша прыгожае пісьменства не пратачыўся. А то заходжу я нядаўна
ў сталічную кнігарню “Сьветач”, міма якой вы штодня на работу езьдзіце,
і чытаю ў кнізе, выдадзенай ва ўсё той жа РВУ “Літаратура і мастацтва”:
Что-то печень, что-то печень расходилася,
А как ляжешь – в почки отдаёт.
Мне снотворное бы очень пригодилося,
Да понос вот что-то не перестаёт.
Аўтар кнігі, відаць, сапраўды не вылазіў з прыбіральні, бо ў наступным
вершы апавядалася пра “народище” нейкай незвычайнай “породищи”, які
В унитаз – за ихних двух,
Только дай борща…
И раз в двадцать крепче дух
Из туалетища.
Любы прафэсійны крытык (а пра крытыку вы таксама на сустрэчы гаварылі)
пацьвердзіць вам, што працытаваныя радкі і ёсьць праява вульгарнасьці і
пошласьці. Паэта трэба было б пакрытыкаваць, каб ён і надалей не
разбэшчваў чытача. Але крытыкам да яго не дастукацца – высакавата
сядзіць. Патэлефануйце вы яму па ўрадавай сувязі ў Савет рэспублікі,
паўшчувайце. Паэта завуць Анатоль Рубінаў, ён там старшынюе.
Разумею я вашу заклапочанасьць і дрэннымі школьнымі праграмамі па літаратуры, куды напралазіла “другарадных аўтараў”. Правільна, і жук і жаба цяпер у
той праграме. Гэта ж кожнага разу, калі па вашым загадзе ператрасалі тыя
праграмы, яны і шчаміліся туды – хто ціхенька, хто пішчом лез. Так што
тут яшчэ раз ня трэба ровар вынаходзіць. Трэба проста вярнуць старыя
праграмы, па якіх дзеткі вучыліся да ўсіх рэвізій, і ўсе другарадныя
застануцца на сваіх купінах сядзець.
Што да “навядзеньня парадку з ганарарамі, якіх пісьменьнікі чакаюць па
5-7 гадоў”, то ў мяне на гэты конт ёсьць рацпрапанова. Хай тыя два
рэстараны, якія разьмяшчаюцца сёньня ў Доме літаратара, з кожнай
прададзенай там чаркі адлічваюць пэўны адсотак у касу пісьменьніцкай
узаемадапамогі. Хачу вас запэўніць – тады хопіць усім, ня толькі апарату
СПБ. А то цяпер атрымліваецца, як у той прыказцы: гарую, бацюшка, гарую
– з адной карчмы ды ў другую.
Праўда, ня ведаю, як да маіх парадаў і рацпрапановы Мікалай Чаргінец
паставіцца. Можа, ізноў выгукне, як калісьці ў “Белгазете”: “Не нужен
нам Михась Скобла с его советами!”…
Але тут я ня раю Мікалаю Іванавічу апярэджваць падзеі. А раптам
Аляксандар Лукашэнка і сапраўды пажадае ўступіць у саюз пісьменьнікаў,
але не ў ягоны? Каб чарговым разам усіх з панталыку зьбіць – і Захад, і
Ўсход, і “сьвядомых”, і “несьвядомых”. Вось жа нядаўна ўступіў у СБП яго
колішні паплечнік – Аляксандар Фядута. Ён і рэкамэндацыю свайму былому
шэфу не адмовіцца напісаць. Ой, што ні кажыце, цікавае жыцьцё на
беларускім Парнасе можа пачацца.
1 Цытата паводле: Гілевіч Н. Запісы зь дзёньнікаў розных гадоў. – Мн., Про Хрысто. – 2006. Стар. 47.
2 “Белгазета”, 15 февраля 2010 г., альбо: http://www.belgazeta.by/20100215.06/320094881/