Міхась Скобла: Занадта блізкі Багдановіч

Два гады таму падчас Пушкінскага юбілею па адным з фэдэральных расейскіх
тэлеканалаў чыталі “Яўгенія Анегіна”. Людзі розных прафэсій і
пакаленьняў, кожны па некалькі радкоў – “с чувством, с толком, с
расстановкой”. І дзейства тое нагадвала добра зрэжысэраваны ўсенародны
спэктакль, дзе кожны ахвотны мог пастаяць на адной сцэне з Пушкіным.
Глядзелі той спэктакль мільёны – і дарослыя, і дзеці.
А цяпер уявім, што які-небудзь вядомы актор (пісьменьнік, акадэмік,
касманаўт – хто заўгодна) замест чаканых гледачамі радкоў з “Яўгенія
Анегіна” раптам вырашыў прачытаць нешта больш зразумелае народу і ні з
пушчы ні з поля збалантэсіў з экрану: “Вчера я с Божьей помощью тр…л
Анну Керн”. Таксама ж, маўляў, Пушкін – у ліставаньні з сябрамі.
Прыкладана тое самае адбылося нядаўна ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі
падчас прэзэнтацыі мультыпраекту “Вянок Максіму Багдановічу”. Мяне на
тую прэзэнтацыю з беларускай залі выцягнуў Уладзімер Содаль і, пакуль
мы падымаліся на трэці паверх, расказаў, што яшчэ дзесяць гадоў таму на
месцы бібліятэкі ён ускопваў уласны гарод і садзіў там памідоры ды
агуркі. Што ж, ня кожнаму дасьледчыку літаратуры так пашанцуе – займець
на гародзе Нацыянальную бібліятэку.
Спачатку на прэзэнтацыі ўсё ішло адпаведным чынам: дзіцячы драмгурток
паказаў сваю пастаноўку “Вежа міру”, прадстаўніца Міністэрства культуры
паабяцала, што ў наступным годзе помнік Максіму Багдановічу зьявіцца ў
Горадні, а прадстаўнік выдавецтва “Беларуская энцыкляпэдыя” абнадзеіў,
што празь месяц у кнігарні патрапіць пэрсанальная энцыкляпэдыя “Максім
Багдановіч” – трэцяя пасьля Скарыны і Купалы.
Раптам на імправізаванай сцэне зьявіліся Ён і Яна. Спачатку – як
рэдактар і журналістка. Журналістка (акторка Тэатру беларускай
драматургіі Настасься Баброва) з інтымным прыдыханьнем паведаміла, што
здабыла для публікацыі сэнсацыйны матэрыял – дзёньнік Багдановіча. На
рэзоннае пытаньне значна менш сэксуальна заклапочанага рэдактара (актор
Аляксандар Марчанка): як жа гэта табе ўдалося? – з забойчай шчырасьцю
адказала: пераспала з дырэктарам Багдановічаўскага музэю, вось ён і
аддзячыў.
Знаўца біяграфій усіх клясыкаў Уладзімер Содаль расцаніў гэты пасаж як
каменьчык у гарод сёньня падсуднага Алеся Бяляцкага, які доўгі час
узначальваў той самы музэй. Гэткі сабе каменьчык з аднаго гароду ў
другі, зрэшты, мала кім заўважаны. Але вельмі своечасовы. Дзякуй Тэатру
беларускай драматургіі.
Затым тыя самыя акторы, як кажуць, бязь зьмены дэкарацый паказалі сцэнку
непасрэдна з інтымнага дзёньніка. Аляксандар Марчанка (гэтым разам у
ролі Максіма Багдановіча) абвёў паўнюткую залю іскрамётным ад жарсьці
позіркам і зусім ня шэптам прызнаўся: “У мяне ўстаў. Я задраў ёй
спадніцу і паваліў на траву”. У гэты час ягоная партнэрка
(тэмпэрамэнтная, трэба сказаць, дзявуля) качалася па падлозе ў яўна
перадчасным экстазе.
Шакаваныя былі ўсе – і школьнікі, і студэнцкая моладзь, і мой сусед
Уладзімер Содаль. Ён дык найбольш перажываў, што для акторкі не
прынесьлі з калідору канапу, і ёй давялося аголенымі плячыма коўзацца па
халодным мармуры...
Асабістае жыцьцё клясыкаў не схаваеш у музэйны сэйф. Ды і ня трэба
хаваць. Хто сёньня ня ведае пра дон-жуанскі сьпіс таго ж Пушкіна, ці пра
тое, як стары граф Путкамэр прысылаў на чыгуначную станцыю брычку, калі
ў Балценікі да ягонай жонкі Марыі прыяжджаў Адам Міцкевіч… Але як тут
не згадаць сказанае ў Эклезіясьце: “Усё мае свой час, і гадзіна кожнай
дзеі – пад небам”.
Бо ж і праўда, калі спэктакль “Дзёньнік паэта” Віталя Баркоўскага з
посьпехам прайшоў на міжнародным тэатральным фэстывалі “Славія” ў
Бялградзе, гэта яшчэ ня значыць, што яго трэба паказваць школьнікам. На
сучасных фэстывалях і Шэксьпір расейскім матам загаварыў, а
Дунін-Марцінкевіч засьпяваў непаліткарэктную песеньку: “А расейцы і
палякі нам да дупы, нам да с…кі”. Усё мае свой час і сваё месца.
“Інтымны дзёньнік” засланіў сабою ўсю творчасьць Максіма Багдановіча. Я
адмыслова праверыў праз Google – сотні спасылак. Якія там “Слуцкія
ткачыхі”, калі ў аўтара “ўстаў, і ён паваліў яе на траву”? “Кожную ночку
на зорку дзівіцца” – ці ж гэта не архаічна? А сучасна і крута –
залезьці ў ложак да клясыка. Бедныя настаўніцы беларускай літаратуры, як
мне вам дапамагчы?
Давайце зьвернемся да першакрыніцы. Перада мною на стале – тэкст, які
прынята называць інтымным дзёньнікам Багдановіча. Але гэта аніякі ня
дзёньнік, калі пільнавацца жанравага вызначэньня. Проста некалькі
занатовак, зробленых алоўкам. Так, пра блізкасьць з жанчынай. Так,
вельмі асабістых і не прызначаных для друку. Нават у самым поўным зборы
твораў. А паколькі пісаў паэт не для чытача, скарачаючы і прапускаючы
словы, то і прачытаць ягоныя запісы дасьледчыкі не змаглі.
Зьвярнуліся па дапамогу да спэцыялістаў. Тры супрацоўнікі
Навукова-дасьледчага інстытуту судовай экспэртызы (іх прозьвішчы і
адпаведная пячатка стаяць пад тэкстам) прачыталі хіба палову запісаў –
роўна 800 словаў. І вынесьлі свой вэрдыкт: “Цалкам прачытаць тэкст не
ўяўляецца магчымым з-за невыразнасьці почырку, спрошчанай яго будовы, у
выніку якое цэлы шэраг розных літараў выкананы аднатыпна, а таксама ў
сувязі са скарочаным выкладам тэксту (недапісваньнем літараў)”.
800 словаў перасыпаюцца, як шарыкі ў лятатроне. І кожны канструюе зь іх
тую фігуру, якую сам захоча. Драматург Сяргей Кавалёў сканструяваў
экспэрымэнтальную п’есу для Тэатру беларускай драматургіі.
Але і сам Максім Багдановіч выкарыстаў свае запісы. Прачытайце ягоны
верш “Пачуцьцю цёмнаму падлеглая” – гэта паэтычная квінтэсэнцыя
зробленых у Крыме запісаў. Бярыце і чытайце – без пасярэдніцтва судовых
экспэртаў.
Ты ўжо рассталася з уборам
І ў ложка шлюбнае лягла,
Свой сорам, свой жаноцкі сорам,
Дрыжачая, перамагла.
Ды абясьсіленай душою
Ты можаш аднаго жадаць, –
Каб семя бурнае муское
У нетрах цела захаваць.
Кожны сапраўдны паэт умее выказацца самай шчыльнай, самай скандэнсаванай
мовай. Замест васьмі сотняў словаў ён можа пакінуць восем і – сказаць
тое самае.
Неяк сябра-выдавец задумаў выдаць выбраныя творы Маскіма Багдановіча пад
назвай “Інтымны дзёньнік”. З гледзішча маркетынгу – крок зразумелы.
Кніга ўжо запускалася ў вытворчасьць, а абавязковы для яе твор усё не
знаходзіўся. Я паказаў шуканы тэкст сябру, загадзя перакананы, што на
варштат Скарыны ён ня трапіць. Так і сталася. Сябра расчаравана
ўздыхнуў, вяртаючы машынапіс. Але кніга так і выйшла пад інтрыгоўным
загалоўкам і, як і трэба было чакаць, хутка разышлася. Мабыць, яе
прачыталі і гандляры бялізнай у Баранавічах, і цяпер вершы Багдановіча
на вітрынах тамтэйшых крамаў можна прачытаць літаральна паміж аголенымі
нагамі манэкенаў.
Так што “Інтымны дзёньнік” Максіма Багдановіча ў прыродзе існуе і можа
падараваць вам хвіліны чытацкага шчасьця. А калі кагосьці па-ранейшаму
цікавяць 800 чарнавых словаў паэта, магу паспрыяць – за пэўную плату.
Скажам, за прачытаны на памяць верш клясыка, чые 120-я ўгодкі будуць
адзначацца ў сьнежні. Да ведама асабліва дапытлівых: тыя 800 словаў я не
атрымліваў за адпаведныя паслугі ні ад колішняга дырэктара, ні ад
сёньняшняй дырэктаркі Багдановічаўскага музэю.
А на разьвітаньне раю ўсім аматарам інтымных старонак з жыцьця клясыкаў
сустрэцца з Максімам Багдановічам на Траецкай гары. З адпаведнай
адлегласьці вы ўбачыце яго ва ўсёй велічы. А калі падыдзеце занадта
блізка, пабачыце хіба шнурок на ягоным чаравіку.
svaboda.org