Міхасю Скоблу – 50!

Рада і Сакратарыят Грамадскага аб’яднання “Саюз беларускіх пісьменнікаў” шчыра віншуе Міхася Уладзіміравіча з 50-гадовым юбілеем, зычыць доўгіх гадоў жыцця, моцнага здароўя, натхнення і поспехаў на літаратурнай ніве!

Нагадваем, што ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча ў Траецкім прадмесці 25 лістапада (вул. Багдановіча, 7а) пройдзе творчая вечарына паэта, эсэіста і перакладчыка Міхася Скоблы. Падчас імпрэзы будуць прэзентаваныя яго новыя кнігі «Камізэлька для месяца» (вершы і пераклады) і «Саркафагі страху» (эсэ).

У прэзентацыі возьмуць удзел: Анатоль Вярцінскі, Уладзімір Някляеў, Барыс Пятровіч, Эдуард Акулін, Хрысціна Лялько, Яраш Малішэўскі, Таццяна Матафонава, Юры Несцярэнка, Аксана Спрынчан, Вальжына Цярэшчанка.

На вечарыну абяцалі завітаць і ўзяць яе пад сваю апеку Ларыса Геніюш, Зоська Верас і Мікалай Улашчык — галоўныя героі кнігі эсэ.

“Міхась Скобла ў сваім паэтычным мысленні неадрыўны ад таго, што насамрэч адбываецца з чалавекам на крыжовых дарогах лёсу, з якіх не сысці і па-за лёсам. Толькі з гэтакім мысленнем, у якім не разарваныя зямля і неба, жыццё і смерць, карані і вецце, можна напісаць: “За пазухаю ў дуба, у дупле / Хаваюцца маланкі, як вужакі”. Усё жывое, і ўсё — адно ў адным.

У новай кнізе паэта, як ва ўпарадкаванай беларускай хаце, гаспадар якой ведае, што і калі ў жыцці можа спатрэбіцца, ёсць усё, што трэба. І ўсё на сваім, асобным месцы. Як на сваім, асобным месцы ў сучаснай беларускай паэзіі і сам аўтар кнігі”.

Уладзімір Някляеў. З прадмовы да кнігі “Камізэлька для месяца”

Пачатак імпрэзы а 18:00. Уваход вольны

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"