Міхасю Стральцову — 75

 

Як палягчэлі ў дрэваў кроны!

Свіціцца будуць і расці

Аж навылёт у сінь прахоны

У парадзелым іх лісці.

 

Што верасам на сонцы сніцца?

Як трапятацца перастаць

Асінніку на звон сініцы

Ад панізовага куста?

 

Пайду без думак адмысловых

Туды палянай нацянькі,

Дзе ў верасовых сцішных сховах

Яшчэ растуць баравікі, —

 

У свет знаёмы і радзінны, —

Не на журбу, не на бяду,

I ніць празрыстай павуціны

He абыду, не абыду.

 

 ***

Мой дзень брыдзе дрымотнай каляінай,

А твой вавёркай скача на сасне,

Цвіце пры лузе белаю калінай,

Затым, каб ноччу доўжыцца у сне.

 

Свяцілы дня і ночы над табой

Усходзяць шчыра ўвечары і ўранку:

За днём зара ідзе, а ноч вядзе заранку

Свяціць табе спагадай, мне — журбой.

 

Ды наракаць не стану я на лёс.

Я на цябе дзіўлюся ў захапленні,

Адно хачу, каб сінь тваіх нябёс

He засмуцілі раптам хмарак цені,

Каб ты была, каб новы дзень прынёс

Табе свае на ўдачу блаславенні.

 

 ***

Два вершы

 

В начале жизни школу помню я...

                                                                      А. Пушкін

 

                                I

 

Святло ад сцішанай лямпы над сталом

У хаце цёткі Ганны ці Сахвеі.

Паслухаеш, у садзе ветралом —

I скон, і наступ лютаўскай завеі.

 

А газа ў лямпе ўсё сіпіць, сіпіць.

Ад кніжкі зірк сцярожлівы сяброўкі.

На печы цётка грэецца ды сніць

Ці не параграфы ды загалоўкі?

 

Вазьмі ты кніжку, адкладзі убок,

Будзь да мяне уважлівей хоць трошкі!

Ну што, калі не вывучым урок?

Мо заўтра і не выклічуць да дошкі.

 

Ну што, калі завея ці буран?

Няхай гудуць сабе хоць і да ранку.

Я гаспадар сабе, бо кватарант,

Бо вось і ты ж таксама кватарантка.

 

Бо калі-небудзь за другім сталом —

Ужо не ў цёткі Ганны ці Сахвеі —

Успомнім гэты ў садзе ветралом,

I скон, і наступ лютаўскай завеі.

 

                           II

 

He помню ўжо у годзе у якім,

Але ў маленстве, на жыцця пачатку,

«Айчызны дым» і слова «пілігрым»

Зарыфмаваў — і кудзер, і крылатку.

 

Далёкая, наіўная пара!

Рука для ўдачы поўнае шукала

Надзейнага гусінага пяра,

А не стальнога з школьнага пенала.

 

I тое «дым», і тое «пілігрым»,

Прыдаўшыся абмарачэннем-словам,

Няўжо натхненнем дыхала старым,

А не сваім і непадкупна новым?

 

О, адчапіцеся!.. Над полем дым...

Нізрынуты з вышынь Парнаса,

Чаго, чаго я прыблукаў сюды

З сваім настаўнікам і класам?

 

О, не! Мне б лепей музе памагчы,

Мне б лепей вершык напісаць, пакуль вы

Вось тут павыбіраеце карчы

Свае зусім не паэтычнай бульбы!

 

А мо не так. А можа, той парой,

Тады (я так падумаю сягоння)

I ўпала тое белае пяро

На родныя, на восеньскія гоні?

 

І, можа, зрыфмаваліся тады

I сёння вабяць да сябе штосілы

Над полем дым, айчызны сіні дым,

Мой родны кут і кут мой мілы.

 

***

Такая цёплая вада, 

Такая жоўтая вада –

Ад сонца, можа, у якога

Агністым вехцем барада.

Стаю ў вадзе, малы і босы,

Між пальцы шчэміцца трава.

А жабы кумкаюць. Як восы,

У вочы промні. Галава 

Цвіце здзічэлаю сурэпкай.

Ад рабаціння твар пячэ...

І уладай нечай, гэткай чэпкай,

Я і дагэтуль там яшчэ.

 

Міхась Стральцоў



Даведка:


СТРАЛЬЦОЎ Міхась Лявонавіч, празаік, паэт, эсэіст. Нарадзіўся 14 лютага ў в. Сычын Слаўгарадскага раёна Магілёўскай вобласці. Скончыў аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Працаваў у рэдакцыях газеты “Літаратура і мастацтва”, часопісаў “Полымя”. “Маладосць” і “Нёман”. 
Дэбютаваў вершамі ў 1952 годзе. Потым перайшоў на прозу. Першая кніжка апавяданняў М. Стральцова “Блакітны вецер” выйшла ў 1962 годзе. Праз чатыры гады свет убачыў зборнік яго “малой прозы” “Сена на асфальце”. Загаловак аднайменнага апавядання, змешчанага ў кнізе, стаў ужывацца ў літаратурнай крытыцы і публіцыстыцы для азначэння так званага прамежкавага чалавека – чалавека, які яшчэ не парваў сувязяў з вёскай, аднак і не ўцягнуўся цалкам у гарадское жыццё. Аўтар аповесці “Адзін лапаць, адзін чунь” (1970). У 1973 годзе напісаў апавяданне “Смаленне вепрука”, якое адразу ж увайшло ў залаты фонд беларускай навелістыкі. Гэта быў апошні празаічны твор пісьменніка.


Паступова Міхась Стральцоў вяртаўся да паэзіі і атрымаў прызнанне як паэт. У 1973 годзе ён выдаў зборнік вершаў “Ядлоўцавы куст”. Наступны арыгінальны зборнік – “Цень ад вясла” – выйшаў праз шэсць гадоў. Апошняя кніжка вершаў – “Мой свеце ясны” – убачыла свет у 1986 годзе.


Міхась Стральцоў засведчыў сябе і як тонкі знаўца беларускай і расійскай літаратуры. Ягоныя творы на літаратурныя тэмы цяжка назваць артыкуламі або рэцэнзіямі. Амаль усе іх можна аднесці да жанру эсэ, у якім аналітыка спалучаецца з мастацкай прозай. Класічнай яго працай стала эсэ “Загадка Багдановіча” (1967–1968), якое многія адносяць да мастацкай прозы, хоць у творы ўсе персанажы рэальныя. У свет выйшлі тры зборнікі працаў Міхася Стральцова на літаратурныя тэмы: “Жыццё ў слове” (1965), “У полі зроку” (1976) і “Пячатка майстра” (1986).


Выступаў Міхась Стральцоў і як перакладчык.


Памёр пісьменнік 23 жніўня 1987 года ад раку стрававода. Пахаваны на Чыжоўскіх могілках у Менску.


Пасмяротна за зборнік вершаў “Мой свеце ясны” Міхасю Стральцову прысуджана Дзяржаўная прэмія імя Янкі Купалы.


Паэт Уладзімір Някляеў і Магілёўскі аблвыканкам заснавалі літаратурныя прэміі імя Міхася Стральцова. У Беларусі гэта адзіны выпадак, калі ў гонар аднаго і таго ж пісьменніка заснаваны дзве прэміі.

 

Паводле gazetanm.eu ды інш.