«Мы пінгвіны!», або Як дзеткі спрычыніліся да «Вершаў на асфальце» (+ФОТА)
Аксана Спрынчан з дачкой Альжбэтай
На вечарыну можна было прыйсці не толькі для таго, каб пачэрпаць веды пра выхаванне маленькіх беларусаў, але і каб пазнаёміцца з дзецьмі паэтаў, якія ў сваёй большасці пайшлі па слядах сваіх бацькоў.
Святы Валянцін не абмінуў і дзіцячую вечарыну. Мадэратар імпрэзы Анатоль Івашчанка прапанаваў усім дзеткам напісаць пажаданне на адмыслова зробленых для гэтага валянцінках.
Серж Мінскевіч
Адкрыў вечарыну паэт Серж Мінскевіч. Разам з дзеткамі ён праспяваў пад гітару “Мы — пінгвіны!”. Акрамя беларускамоўных вершаў, ён падрыхтаваў для малых і верш па-англійску, які выклікаліся прачытаць самыя смелыя.
Раіса Баравікова
Раіса Баравікова, акрамя чытання вершаў, павесяліла дзетак і ўласнымі загадкамі.
Усевалад Сцебурака
Усевалад Сцебурака закрануў блізкую малым тэму — тэму дамашніх жывёл. Ён прачытаў жартаўлівы верш-інструкцыю пра тое, як трэба паводзіць сябе дзецям, калі тыя вырашылі ўзяць дадому бяздомнага сабаку. Сабакі былі галоўнымі героямі і ў астатніх яго вершах.
Вера Бурлак з сынам
Вера Бурлак выступіла ў дуэце разам з сынам Кастусём. Кастусь прачытаў свае міні-вершы. А на заканчэнне маці з сынам выканалі песню, аўтарства якой належыць Кастусю. Песня было пра тое, як яны лячылі цацку, у якой завялася цвіль.
Алег Мінкін
На пытанне Анатоля Івашчанкі “Хто з вас быў у Вільні?” амаль палова дзетак з залі паднялі рукі. Па гэтай прычыне яны з цікавасцю сустрэлі віленскага госця Алега Мінкіна.
Спяваюць Анатоль Івашчанка і ягоная дачушка
Для ўжо стомленых дзетак была прадугледжана музычная паўза. Анатоль Івашчанка праспяваў разам з усімі вясёлую “Куру Шчабятуру”.
Не абышлася імпрэза і без творчай сям’і Аксаны Спрынчан. Аксана пазабаўляла дзетак уласнымі загадкамі. Таксама яна прынесла з сабой чароўны мех з цацкамі. Дзеткі па чарзе выцягвалі з меха адну цацку. Якую цацку выцягнулі, пра тое і чытала верш Аксана. Завяршыла сямейны выступ дачка паэткі Альжбэта прачытаннем уласнага верша.
Выступаюць Уладзімір Сіўчыкаў (уверсе) і Леанід Дранько-Майсюк
Леанід-Дранько Майсюк у сваім выступе быў самы лаканічны. Ён прачытаў толькі два вершы, адзін з якіх — пра Зюзю. Леанід заклікаў дзетак шанаваць і не злаваць яго.
Андрэй Хадановіч
Завяршыў вечарыну Андрэй Хадановіч. Ён пазабавіў дзетак вершамі з кнігі “Нататкі таткі”. Прачытаць іх сольна яму не ўдалося, бо малым бацькі набылі яго кнігу, таму “Нататкі для таткі” чыталі ўсе разам. З дзеткамі Андрэй Хадановіч заспяваў песню пра галоднага ваўка. А дачка паэта Алена прадэкламавала жартаўлівы татаў верш пра тое, якімі строгімі бываюць бацькі, калі ў малых няма дысцыпліны.
Больш фота на нашай старонцы ў Фэйсбуку
Тэкст і фота: Вікторыя Чаплева, для lit-bel.org