“Мы выраслі сярод катаў і ахвяр” – Святлана Алексіевіч прэзентавала кнігу ў беларускім перакладзе

Сустрэча выклікала вялікую цікавасць публікі і журналістаў, бо ў Беларусі кнігі нашай славутай зямлячкі не выходзілі і не перакладаліся ўжо гадоў пятнаццаць. І творчыя сустрэчы са Святланай Аляксандраўнай у нас – таксама рэдкасць.

Святлана Алексіевіч

Цягам дзвюх з паловай гадзінаў можна было задаць пытанне аўтарцы і дазнацца пра многае – пачынаючы ад галоўнай ідэі “Часу second-hand і заканчваючы поглядам спадарыні Святланы на будучыню Беларусі.

Выступае Зінаіда Бандарэнка

Фрагменты з кнігі можна было пачуць у выкананні Народнай артысткі Беларусі Зінаіды Бандарэнка. Мадэратарам сустрэчы выступіў празаік, старшыня ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”, галоўны рэдактар часопіса “Дзеяслоў” Барыс Пятровіч.

Барыс Пятровіч зачытвае пытанне з глядацкай залі для Святланы Аляксандраўны

-- Дзвюх чароўных жанчын, якіх я зараз маю гонар прадставіць – Святлану Алексіевіч і Зінаіду Бандарэнка – вы выдатна ведаеце і любіце яшчэ з тых часоў, пра якія піша ў сваім пяцікніжжы спадарыня Святлана, -- распачаў сустрэчу спадар Барыс, звярнуўшыся да гледачоў.

-- Твор “Час second-hand”, як магістрал у вянку санетаў – з’яўляецца галоўным і ўвабраў у сябе ўсе тэмы папярэдніх кніг аўтаркі: “У вайны не жаночае аблічча”, “Цынкавыя хлопчыкі”, “Апошнія сведкі” і “Чарнобыльская малітва”.

Астатні раз кніга Святланы Алексіевіч выходзіла па-беларуску ў Беларусі ў 1999 годзе, прычым малым накладам, і з той пары не было ні выданняў, ні выступаў, акрамя ўдзелу пісьменніцы ў кніжных кірмашах. Таму сённяшняя сустрэча ўнікальная, як і адметная сама Святлана Алексіевіч, якая заўсёды імкнецца пачуць і запісаць “хор галасоў сучаснікаў”, -- адзначыў Барыс Пятровіч і перадаў слова аўтарцы.

Вашай увазе – самыя цікавыя выказванні Святланы Аляксандраўны ў форме маналогу. Бо, нягледзячы на вялікую колькасць гледачоў, творца прамаўляла спершага, разважаючы ўнутры сябе, як бы прадстаўляючы “думкі ўголас”.

“Вырвацца з зададзенай спрошчанасці”

-- Нават не верылася, што гэтая кніга па-беларуску калі-небудзь выйдзе. Здавалася многія гады, я пісьменнік дзесьці, а не ў Беларусі. Справа не ў татальным страху або ціхім канфармізме -- усё залежыць ад канкрэтнага чалавека. Адзін дырэктар школы тэлефануе і просіць кнігі, а іншы баіцца згадваць нават імя. Насамрэч шмат сярод нашых людзей і гордых, і нязломных, якія змаглі вынырнуць з палону страшных ідэй, з адчаю, застаўшыся людзьмі.

Пра сябе гаварыць складана, бо любы пісьменік стамляецца сам ад сябе. Маючы ўкраінска-беларускія карані, дзяцінства я правяла ў вёсцы, дзе панавала жабрацтва, і ўсе гаварылі пра смерць -- і ў Беларусі, і на Украіне, таму сталець і радавацца жыццю было цяжка.

Ужо з пяцігадовага ўзросту я ведала, што буду пісаць, і калі настаў час, паступіла на факультэт журналістыкі. Там жа некалі вучыўся і мой бацька, праўда, адтуль ён пайшоў на фронт.

Тады складана было вызначыцца з каштоўнаснымі арыенцірамі. 1970-я гады -- зусім глухі час, плоскі чорна-белы свет, маса рэчаў і з’яў, маса кніг былі закрытыя, недаступныя. Мы сталі закладнікамі спрошчанага погляду на свет, і задачай было -- вырвацца з зададзенай спрошчанасці.

У гэтым сэнсе я часта ўспамінаю маю ўкраінскую бабулю, якая расказвала пра чырвонаармейцаў і пра немцаў, і здавалася б, як можна шкадаваць немцаў і бачыць у іх людзей? Якраз гэта і пашырала мой светапогляд.

Бо сэрца павінна быць здатнае да любові. Пішучы чалавек мусіць бачыць “каляровага” чалавека і паказваць яго. Няма хімічна чыстага зла, яно вельмі раскіданае, яно жыве нечаканымі момантамі.

Як паказваюць гісторыі людзей з кнігі “Час second-hand”, усё заблытана ў жыцці, у чалавеку ўсяго зашмат. І гэта карпатлівая праца, бо ніколі не ведаеш, дзе сустрэнеш кавалачак праўды, дзе яна блісне, а дзе не. Павінен быць давер да жыцця. Да чалавека трэба прыглядацца.

"Сэрца павінна быць здатнае да любові"

“Шорах таямніцы”

Алесь Адамовіч – беларускі Вацлаў Гавэл. Шкада, што Алесь мала пражыў і не паспеў стаць для нашага народа тым, кім стаў для чэхаў Вацлаў Гавэл.

Мне пашчасціла пабачыць у асобе Адамовіча чалавека, які вырваўся з сістэмы, які вучыўся ў Тастога, Дастаеўскага, Чэхава. Чалавека еўрапейскага складу, які як настаўнік даў болей, чым увесь універсітэт, “паставіў” мне “машыну мыслення”, як спеваку ставяць голас.

Якраз тады сфарміравалася канцэпцыя творчасці, якую можна выказаць у двух словах – “шорах таямніцы”.

“Шорах таямніцы” – гэта тое, чаго я шукала ў сваіх кнігах, а не толькі сталінізм. Цікавіла прырода чалавечага вар’яцтва ўвогуле, наколькі чалавек здольны на злачынства. Цікавіў філасофскі падмурак чалавечага існавання ў прынцыпе.

Назбіраць кашмараў, шакуючых жыццёвых гісторый у кожным доме нескладана. Але трэба было “сабраць” чалавечы дух, жаданне і ўменне выстаяць і застацца чалавекам. Так у працэсе пошуку я ішла па чырвонай утопіі ад кнігі да кнігі.

Паказальным для мяне стала знаходжанне ў час пасля Чарнобылю ў выселенай вёсцы, дзе засталася адзінокая жанчына. Побач з разбурэннем і смерцю – вясковы свет. І словы той мудрай жанчыны: “Бяда ад таго, што чалавек жыве з пазіцыі сілы. А я кожны дзень малюся за тых, хто з’ехаў адсюль, і за ўсіх жывых істот, звяроў, птушак”.

Адзін з гледачоў палемізуе з пісьменніцай

 

“У нас застыў, спыніўся час”

Васіль Быкаў, Алесь Адамовіч ускладалі вялікую надзею на змену пакаленняў.

Дачакаліся новага пакалення, але нічога не адбылося -- па-ранейшаму культура насілля, па-ранейшаму апантаныя ідэямі, упартыя людзі, у якіх “гараць” вочы. Аднак нянавісць ніколі не выйграе.

Пятая кніга падвяла вынікі і вывела мяне да тэмы “рэстаўрацыі” ў Расіі. У нас спыніўся час – капіталізм, сацыялізм і імператарства – усё разам, але і “рэстаўрацыя” прыйдзе і да нас у Беларусь.

Камунізм сышоў, застаўся чалавек, які не ведае, як жыць, а ёсць толькі “кухонныя” ўяўленні пра жыццё. Пра свабоду не можа быць гаворкі, пакуль каштоўнасць жыцця ацэньваецца ў капейку.

Нават калі гляджу на Кіеў, бачу тое самае. Калі многія рэчы высветліліся, то становіцца страшна. Свабодных людзей няма.

Свабоду зробіш не на вуліцы, а ўнутры чалавека, -- вось дзе адбываецца самае галоўнае, барацьба дабра са злом, як казаў яшчэ Дастаеўскі. А калі душа пустая, то пабяжыш на вуліцу з сякерай.

Хацелася б змяніць унутраны інструментарый і пісаць ужо пра любоў, пра старасць. Хацелася б увогуле зразумець штосьці пра жыццё. Прыходзіш у гэты свет, урэшце, не для таго, каб пісталет трымаць у кішэні або ненавідзець кагосьці, а ўсё-такі -- каб любіць.

 “Варта вырасці са свайго гора”

Гэтую кнігу пісала гадоў 15, апытала каля 500 чалавек. Ёсць хоравыя кавалкі, а ёсць доўгія аповеды. Бывае, што запісваю некалькі дзён. Адзін аповед можа пісацца і паўгода.

Успамінаю, як ствараліся “Цынкавыя хлопчыкі”. Была ў Кабуле, бо калі пішаш, то мусіш быць шчырым, павінен ісці да канца. Давялося пабачыць і смерць, і кроў, відовішча было настолькі жудасным -- страчвала прытомнасць. Памятаю, як мяне папярэдзілі, што могуць папросту выстраліць у спіну, калі не буду асцярожнай у выказваннях. Тады стала ясна, якая гэта страшная вайна.

Атрыманыя дыктафонныя запісы я доўга асэнсоўвала, каб зрабіць з гэтага мастацтва. Безумоўна, дакументальнасць у чыстым выглядзе – нешта зусім іншае, чым літаратура.

Часта мае апавядальнікі адмаўляліся ад сваіх ранейшых прызнанняў, бо на іх ціснулі грамадская думка, або страх перад афіцыйнымі структурамі, або іншыя акалічнасці, перадузятасць. Бывала, што расказчык вырастаў са свайго гора і нешта ўсведамляў – але такое здаралася вельмі рэдка.

 

"Хацелася б увогуле зразумець штосьці пра жыццё"

“Ідзі, не бойся душы чалавека, але будзь там, як у храме”

Заўжды была супраць таго, каб лічыць, што толькі ў пісьменніка – такая цяжкая праца, калі бярэш чужое гора на сябе, перажываеш яго разам з героем. Напрыклад, можна прыгадаць доктара-хірурга або анколага, які штодзень бачыць смерць і мусіць паведамляць родным і блізкім хворага самыя страшныя весткі.

Я не асаблівы чалавек, і ў маёй прафесіі няма нічога звышадметнага. Але мая прафесія ўключае ў сябе чэснасць.  

Магла і не ехаць у Кабул, але калі ты хочаш сумленна зрабіць сваю справу, то, як казала мая бабуля, “ідзі, не бойся душы чалавека, але будзь там, як у храме”.

Да сваіх апавядальнікаў я прыходжу, як просты чалавек. Калі гавару з тымі, хто перажыў вайну, то закранаю тэмы, пра якія ім хочацца пагаварыць, пра што нельга гэтым суразмоўцам падзяліцца ні са сваякамі, ні з афіцыйнымі прадстаўнікамі. Як гаварыць з чарнобыльцамі – ведаю па ўласна перажытым досведзе.

Патрэбныя чалавечая шчырасць і давер. Нашыя людзі ўмеюць гаварыць захапляльна два разы ў жыцці – у каханні і ля смерці. І я застаю чалавека ў гэтым стане.

Пасля кожнай кнігі ў мяне застаюцца сябры. Напрыклад, пасля “У вайны не жаночае аблічча”. З чарнобыльскімі жанчынамі падтрымліваю сувязь. З афганцамі цяжэй, бо кніга была праблемнай, а мужчыну цяжка развітацца з мілітарызмам, для многіх з іх вайна становіцца інструментам жыцця, яны хочуць быць героямі, а не ахвярамі. Тым больш, у Расіі ўжо вяртанне культу Вялікай Айчыннай вайны і іншага.

Гісторыя выбірае дакладна, але ці дажывем да чэснасці -- невядома. Яшчэ вельмі моцныя памылковыя погляды – нацыянальныя, дзяржаўныя, яшчэ не час для пераменаў.

 

“Моцны інтэлектуальны ўплыў”

Сярод літаратурных уплываў магу назваць стыль і мову Міхася Стральцова, творы Янкі Брыля, Вячаслава Адамчыка, метафізіку Кузьмы Чорнага, Віктара Казько.

Некалі ўразіў Рэмарк, пасля лацінаамерыканская літаратура -- Маркес, асабліва Картасар і Борхес – самы моцны інтэлектуальны ўплыў.

Аўтограф-сесія 

“Маю касмапалітычныя погляды”

Часта задаюць пытанне пра выбар мовы – чаму руская, і чаму ў кнізе “мы” як Беларусь і Расія разам. Заўсёды тлумачу, што пісала гісторыю чырвонай утопіі – тады гэта было “мы”, адна агромністая краіна, дзе не было падзелу, дзе бытавала фактычна адна мова. Да таго ж, я запісвала гісторыі ад людзей з усёй Расіі, не толькі Беларусі.

Часам з беларушчынай ходзяць як з аўтаматам, успрымаюць яе як спосаб спрасціць сабе жыццё. Маем мы і мяккасць, і разуменне рэчаў, талерантнасць. А ў той жа час – ад нянавісці, ад правакацыйных выказванняў, абвінавачанняў у прэсе гэта не ратуе.

Абараняюся ад несправядлівай крытыкі тым, што маю шчаслівую прафесію – абдумваць, гаварыць. Праўда, як казаў Ілля Арэнбург, “прафесія шыкоўная, але паміраем, як шахцёры”.

Знешняе жыццё, прэміі, -- усё ідзе паралельна са мной. Галоўнае – унутры, і гэта абараняе ад усяго дрэннага.

Палярызатарства, нецярпімасць у грамадстве нас яшчэ чакаюць, але хацелася б, каб мы вырашылі гэта талерантна, а не як на Украіне.

Пасля чарнобыльскай кнігі для мяне няма пытання патрыятызму. Тады адбыўся пераварот у маёй свядомасці.

Уявіце, расказваў бортнік, -- пчолы тыдзень не вылазілі з вулляў, ведалі пра катастрофу; расказвалі тыя, хто вудзіць рыбу, што чарвякі з-пад зямлі не выходзілі – ведалі. А людзі -- не.

Калі назіраеш, як з будынка школы ў чарнобыльскай зоне выбягаюць ваўкі, з закінутай хаты – статак кабаноў, тады разумееш – ты як прадстаўнік біялагічнага віду можаш знікнуць у адзін момант, нібы матылёк. Прыехала адтуль з касмапалітычнымі, агульначалавечымі поглядамі.

 

Запісала Віка Трэнас

Фота: Алена Казлова, для lit-bel.org

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"