Мікалай Аляхновіч узначаліў Брэсцкае абласное аддзяленне СБП

Валянціна Осіпава, Мікалай Аляхновіч, Лявон Валасюк (стаіць), Іван Мельнічук

Старшыня філіі Іван Мельнічук распавёў пра сваю дзейнасць на гэтай пасадзе з 2010 года, а ў якасці намесніка — з 2006-га. Менавіта ў той час філія дамаглася афіцыйнай рэгістрацыі ў органах юстыцыі ў якасці абласной структуры грамадскай творчай суполкі.

Увогуле ж кантакты з мясцовымі ўладамі былі, на жаль, збольшага аднабаковымі. Практычна не былі пачутыя прапановы берасцейскіх літаратараў пра ўшанаванне памяці Міколы Засіма, Ніны Мацяш, пра стварэнне літаратурнага музея Палесся (што праўда, усталявана дошка на доме, дзе жыў Мікола Купрэеў, а ў Баранавічах з’явіліся вуліцы імя Івана Лагвіновіча і Венанцыя Бутрыма).

Аднак і ў такіх варунках Брэсцкая філія СБП працавала досыць плённа. Штогод выходзяць альманах “Жырандоля”, кнігі сябраў філіі, адбыўся “абмен” кнігамі перакладаў з літаратарамі Валыні, традыцыйным стаў фестываль “Бабіна лета” ў Белаазёрску. Плённа працавала большасць сябраў Рады філіі, у тым ліку па рэдагаванні калектыўных зборнікаў і іншых кніг, напісанню прадмоваў, рэкамендацый і г.д.

Штогод ушаноўваліся юбіляры. Нямала было выступаў у школах, бібліятэках — напрыклад, з удзелам Алеся Каско ў Жабінкаўскім, Баранавіцкім, Ганцавіцкім раёнах, Аляксея Філатава — у Маларыцкім. Філія імкнулася наладзіць працу творчых суполак у аддаленых раёнах, добры вопыт у чым маюць Баранавічы і Лунінец. Дапамагала ў працы філіі газета “Брестcкий курьер”, якую рэдагуе Мікалай Аляксандраў, а Мікола Папека за мінулыя гады фундаваў 16 “Мядовых прэмій”…

Выступае Іван Мельнічук, побач: Барыс Пятровіч

Па меры магчымасцяў падтрымку філіі аказвала кіраўніцтва Саюза беларускіх пісьменнікаў: у серыі “Кнігарня пісьменніка” выходзілі кнігі берасцейцаў, некаторыя літаратары здолелі адпачыць і творча папрацаваць у Швецыі.

Іван Мельнічук спыніўся і на недапрацоўках. Актыўнейшымі маглі б быць творчыя стасункі з украінскімі і польскімі калегамі, амаль не прымалі маладыя берасцейскія аўтары ўдзелу ў працы Школы маладога пісьменніка пры СБП.

Раіса Раманчук распавяла пра дзейнасць баранавіцкіх літаратараў, пра іх выступы ў Зэльвенскім, Карэліцкім, Слонімскім раёнах, пра новы зборнік “Крыніца дабрыні” з творамі 33 аўтараў.

Вадзім Жылко падзяліўся аналагічным досведам сябраў філіі на Лунінеччыне, згадаў штогадовыя мерапрыемствы і акцыі, запрасіў да больш актыўнага супрацоўніцтва з бюлетэнем “Выток”, да пашырэння фоталетапісу і архіву публікацый пра справы філіі.

Мікалай Аляксандраў выказаў занепакоенасць пэўным зніжэннем узроўню літаратурнага прафесіяналізму, узроставым старэннем філіі.

На думку Алеся Паплаўскага, галоўная праблема — не ва ўзросце, а ў наяўнасці ці адсутнасці яркіх талентаў. Пісьменнік — звычайна асоба камерная, гэта не чалавек натоўпу, але моладзь заўсёды гуртавалася і будзе гуртавацца вакол творцаў маштабу Уладзіміра Калесніка, Ніны Мацяш ці Алеся Разанава. Усе літаратары павінны адказна ставіцца да сваёй творчасці, праяўляць прынцыповасць пры адборы твораў у “Жырандолю” і іншыя кнігі, не ісці на кампраміс з графаманіяй.

Валянціна Осіпава, са свайго боку, выказалася за актыўнае прыцягненне маладых творцаў да конкурсаў, выступленняў, за пазбаўленне іх празмернай “камернасці”.

Лявон Валасюк спыніўся на некаторых арганізацыйных момантах дзейнасці філіі.

Старшыня СБП Барыс Пятровіч у сваёй прамове назваў Брэсцкую філію адной з мацнейшых сярод абласных суполак, нягледзячы на самакрытычнасць папярэдніх выступоўцаў. Берасцейцы першымі пачалі выдаваць уласны альманах, ладзіць стасункі з замежнымі калегамі, выдаюць свой бюлетэнь. Ім актыўней трэба распавядаць пра свае справы на сайце СБП, як робяць гэта, напрыклад, магілёўцы. Больш моладзі трэба накіроўваць у Школу маладога пісьменніка, у тым ліку і з ліку рускамоўных творцаў. Дарэчы, сярод аўтараў 19 кніг серыі “Пункт адліку” ўжо ёсць і берасцейскія маладыя літаратары.

Барыс Пятровіч уручыў ад імя кіраўніцтва Саюза падзяку Івану Мельнічуку за шматгадовую плённую працу ў якасці кіраўніка філіі.

Новым старшынём філіі абраны Мікалай Аляхновіч. У склад Рады філіі таксама ўвайшлі Сяргей Амяльчук, Лявон Валасюк, Валянціна Осіпава, Мікола Сянкевіч (намеснікі старшыні), Мікалай Аляксандраў, Яўген Бяласін, Васіль Дэбіш, Алесь Паплаўскі, Аляксандр Рызо, Марыя Якімук. Ганаровымі сябрамі Рады абраны Алесь Каско, Іван Мельнічук і Аляксей Філатаў.

Вадзім Жылко, Брэсцкая абласная філія СБП