Мікола Кандратаў прэзентаваў сваю новую кнігу

Гэта ўжо трэці вершаваны зборнік Міколы, і выданне пабачыла свет у серыі “Кнігарня пісьменніка” Бібліятэкі Саюза беларускіх пісьменнікаў. Імпрэза прайшла ў межах Паэтычнага тэатра АРТ.С.  

Аксана Спрынчан і Мікола Кандратаў

Вядучыя вечара — паэтка Аксана Спрынчан і ўласна Мікола Кандратаў. Перад выступам кожнага творцы Мікола зачытваў свой верш, які прысвечаны гэтай асобе або асацыюецца з ёй.

Уверсе: Віка Трэнас, Аксана Спрынчан з маленькай Альжбэтай

Віка Трэнас распавяла пра серыю “Кнігарня пісьменніка”, паэты Алесь Емяльянаў, Наталля Кучмель (рэдактар “Кропель дажджу”), паэтка і дырэктар бібліятэкі імя Цёткі Рэгіна Багамолава расказалі свае гісторыі знаёмства з Міколам і прадставілі свае вершы.

Актыўны сябар суполкі “Літаратурнае прадмесце” Юрась Нераток напісаў некалькі пародый на вершы спадара Кандратава, а таксама праспяваў свае балады. Выступіў пісьменнік, галоўны рэдактар выдавецтва “Мастацкая літаратура” Віктар Шніп. Пераклад Шэкспіра на беларускую мову прадставіў Серж Мінскевіч.

Уверсе злева направа: Алесь Емяльянаў, Наталля Кучмель, Рэгіна Багамолава; пасярэдзіне Юрась Нераток, Віктар Шніп, Вадзім Клімовіч; унізе: Людміла Рублеўская, Яраш Малішэўскі, Серж Мінскевіч 

Запомнілася публіцы Паненка Так — шасцігадовая зорачка Альжбэта Малішэўская-Спрынчан, якая прачытала верш-прысвячэнне Міколу.

Гледачы маглі паўдзельнічаць у конкурсе, адказаць на пытанні па біяграфіі Міколы Кандратава і атрымаць салодкія прызы.

Пісьменніца Людміла Рублеўская падзялілася з публікай сваімі ўспамінамі пра падарожжы суполкі “Літаратурнае прадмесце”, у якіх бралі ўдзел большасць выступоўцаў (Мікола Кандратаў — нязменны “стараста” аб’яднання).

Музычную частку прэзентацыі працягнулі выступы Вадзіма Клімовіча і Яраша Малішэўскага.

 

Тэкст: ВТ

Фота: Алена Казлова 

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"