Мікола Яцкоў і Алесь Казека выступілі ў Магілёве

15 студзеня ў магілёўскай гімназіі № 1 адбылася вечарына, прысвечаная творчасці паэтаў Міколы Яцкова і Алеся Казекі.

Настаўнік беларускай мовы і літаратуры Юрась Каласоўскі прадставіў гасцей і адзначыў важнасць пераемнасці літаратурных традыцый, у тым ліку створаных айчыннымі класікамі Янкам Купалам і Якубам Коласам.

Мікола Яцкоў

Мікола Яцкоў падзяліўся з гледачамі сваім бачаннем беларускага паэтычнага сусвету, прачытаў уласныя вершы. Алесь Казека распавёў пра свой шлях да творчасці, расказаў, над якімі тэмамі ён цяпер працуе. У выкананні Алеся прагучалі ягоныя вершы і ўрыўкі з паэм.  

Алесь Казека

Асобнай тэмай вечарыны стала музычнае пераасэнсаванне класічных вершаў. Мікола Яцкоў патлумачыў асаблівасці паэтычнага тэксту, пакладзенага на музыку, распавёў пра спецыфіку пераўтварэння радкоў у песню і ў якасці прыкладаў выканаў некалькі сваіх кампазіцый на вершы Якуба Коласа і Янкі Купалы. Спадар Мікола не абышоў увагай і творы свайго сучасніка і калегі Алеся Казекі.

Быў прэзентаваны новы песенны зборнік спадара Яцкова на вершы Якуба Коласа “Родныя вобразы”, экзэмпляр якога гімназісты атрымалі ў падарунак. Алесь Казека ўручыў дзецям зборнік сваіх песень “Единственный друг”. У адказ госці атрымалі на памяць аб наведванні гімназіі сувеніры – па-майстэрску зробленых дамавічкоў.

Юрась Каласоўскі пазнаёміў гасцей з інтэр’ерам гімназіі. Значнае месца ў афармленні займаюць матэрыялы па ўшанаванні памяці Купалы і Коласа. Пазнаёміліся выступоўцы таксама з гімназічнымі друкаванымі выданнямі. Асобнае месца тут займае беларускамоўны бюлетэнь “Літара”, дзе змяшчаюцца творы вучняў і настаўнікаў, падаюцца навіны культурнага жыцця не толька роднай альма матэр, але і Магілёва, і краіны.

Ул. інф. Магілёўскага аддзялення СБП