Міколу Касцюкевічу — 50!

Шаноўны Мікалай Яўгенавіч! Шчыра віншуем Вас з 50-годдзем і зычым усяго найлепшага: моцнага здароўя, дабрабыту, аптымізму, плённай творчай працы, удачы ва ўсіх справах!

ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"

Мікола Касцюкевіч. Фота Алены Казловай

КАЛЯДЫ

Рабіна пад снегам яшчэ чырванее
апошняй сваёю пяшчотай жаночай,
а ўжо на Каляды марозы мацнеюць,
і зоры заглядваюць вокнам у вочы.


Спяваюць платы. Каб крыху абагрэцца,
завея праз комін вядзе перамовы
з утульнасцю хатняй. Застылі, здаецца,
чырвоныя слёзы на твары зімовым.

* * *
Спыніліся фараў разбегі
на цёмным, заспаным акне.
Ды вэлюм, сатканы са снегу,
сатлеў у чырвоным віне.


Прамень вадкім золатам цёпла
крыжы на царкве запаліў.
I горад, як сонечны поплаў,
зялёным віном затапіў.

* * *
Калі скараюся ў адчаі
ад надакучлівых спакус,
маўклівы голас прыгадае
імя — Ісус.


Ёсць у жыцці дзве пуцявіны:
адна — пазбыцца ўсіх турбот
і помніць, помніць штохвілінна
Хрыстовы словы пра любоў.


Другая — марна мітусіцца,
душу зласліва загубіць.
Прад моцнымі не бачыць выйсця,
як безнадзейна падаць ніц.


Праз лес спрадвечны, праз завалы
іду. Губляецца прасцяг.
Але рассмоктвае памалу
імглу павага да жыцця.

Мікола Касцюкевіч, вершы са зборніка "Настальгія" (1995)

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"