Мінінфарм: Наклады кніг па-беларуску адпавядаюць патрабаванням рынку

Аб гэтым на прэс-канферэнцыі 3 верасня ў Мінску заявіў намеснік Міністра інфармацыі Уладзімір Матусевіч

«Шмат гэта ці мала, сказаць цяжка. Напэўна, гэта столькі, колькі таго сёння патрабуе рынак», — адзначыў чыноўнік. 

Паводле звестак Міністэрства інфармацыі, за мінулы год у Беларусі выдавецтвамі і арганізацыямі розных форм уласнасці, якія выдаюць кнігі, было выпушчана каля 11,4 тыс. найменняў кніг і брашур агульным накладам прыкладна 31,5 млн асобнікаў. 

Матусевіч падкрэсліў, што выданне кніг на беларускай мове з'яўляецца адным з асноўных кірункаў дзейнасці дзяржаўных выдавецтваў. «Дзяржаўныя выдавецтвы выдаюць больш за дзве траціны ад усяго аб'ёму літаратуры, якая выходзіць на беларускай мове», — растлумачыў ён. 

Кажучы аб прысутнасці ў продажы дзіцячых кніг на беларускай мове, намеснік міністра інфармацыі заявіў: «Сказаць, што іх сёння вельмі мала, нельга». 

«Вельмі цяжка сказаць, у вялікім ці малым аб'ёме яны прадстаўлены ў кнігарнях, але найменняў дзіцячай літаратуры на беларускай мове ў магазінах дастаткова», — перакананы Матусевіч.

nn.by