Навіны

На сайце прэміі імя Ежы Гедройца працягваецца публікацыя рэцэнзій на кнігі прозы, якія сёлета патрапілі ў лонг-ліст. Крытык Марыя Мартысевіч піша пра мінскі раман Уладзіміра Някляева. Нагадаем, што крытычныя артыкулы пачалі з'яўляцца на сайце прэміі пачынаючы з 15 студзеня (рэцэнзія Ганны Янкута на кнігу Альгерда Бахарэвіча). Пасля выйшлі матэрыялы пра творчасць Алеся Пашкевіча, Людмілы Рублеўскай, Уладзіміра Сцяпана. Напрыканцы месяца, праз некалькі дзён пасля апублікавання апошняй рэцэнзіі, з'явіцца шорт-ліст прэміі.

 

Марыя Мартысевіч: "Мінсктранс" рэкамендуе

Літаратурную прэмію імя Ежы Гедройца варта было прыдумаць хоць бы для таго, каб Уладзімір Някляеў напісаў свой другі раман. Бо, эксплуатуючы метафорыку пераможцы Гедройца-2011 Паўла Касцюкевіча, траплянне кнігі Някляева ў доўгі спіс прэміі можна назваць “голам у шатню”. “Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без” выйшаў друкам у апошнія дні снежня, прычым адначасова ў часопіснай версіі і асобным выданнем партала www.prastora.by.

Што праўда, на момант, калі пішуцца гэтыя радкі, нават самыя актыўныя спажыўцы кніжных навінак бачылі асобнае выданне хіба ў інтэрнэце. Такая спешка можа сведчыць, што аўтар выдатна разумее: ён меў што страціць, не паспей яго выдавец да 28 снежня. Бо надта шмат канкурэнтаздольных рэчаў сышліся ў рамане: тут вам і буйная форма, і зграбны стыль, і чытэльны тэкст, які не раздражніць “праславутага” “простага чытача” залішняй мудрагелістасцю, і гучная асоба аўтара, і актуальны, калі не сказаць “модны”, антураж паваеннага Мінска, і хрушчоўская эпоха, пра якую адносна Беларусі напісана параўнальна няшмат (калі не лічыць тагачасных шэдэўраў сацрэалізму, а іх чамусьці лічыць не хочацца), і нарэшце бяспройгрышная тэма стылягаў, якая пайшла на ўра ў моладзі 2000-х дзякуючы расійскаму мюзіклу 2009 года.
Карацей, “Аўтамат з газіроўкай…”, з сіропам ці без яго — бясспрэчны хіт і адзін з лідараў прэміяльнай гонкі. Бо дэклараваная мэта прэміі — папулярызацыя сучаснай беларускай літаратуры. А Някляеў, што ні кажы, стварыў папулярны раман. Ён напісаў, каб мы прачыталі. А не адставілі, з уздыхам пагартаўшы, на паліцу кнігарні, як гэта часта здараецца з новай прозай на беларускай мове.

Азартны чалавек гэты Някляеў — вось і матыў фартуны, лёсу фактычна распачынае “мінскі раман”, калі тралейбус №1 выязджае на Праспект і вязе героя ў бок вуліцы Падлеснай (здаецца, цяпер Петруся Броўкі): 

“Я загадаў: калі дама ў каракулі выйдзе і рушыць уперад па праспекце — ажанюся з Асяй, калі назад — з татаркай Нэлай. (…) Дама выйшла і павярнула на Даўгабродскую. Не ажаніцца мне ні з кім…”

Гэтак у лёс галоўнага героя ўплятаюцца вуліцы горада. Таксама героя, дарэчы. 

Горад — герой

Хоць крытыкі і чытачы дагэтуль працягваюць стагнаць, маўляў, беларуская літаратура — уся неактуальная і несучасная, бо пра вёску, асабіста я бачу зусім адваротную тэндэнцыю. Рэакцыяй на засілле вясковай тэматыкі ў беларускай савецкай літаратуры стаў выбух у 1990-х беларускай літаратурнай урбаністыкі, папярэднікам якога выступіў Міхась Стральцоў са сваім канцэптам “сена на асфальце”. (Як на мяне, сёння нам, наадварот, бракуе якасных, актуальных твораў пра вёску, напісаных сучаснымі аўтарамі сучаснай мовай). І як адзін з аспектаў гэтай самай урбаністыкі развіваецца тое, што можна назваць “мінскай прозай”. 

2000-я гады — гэта ўвогуле мінскацэнтрычны перыяд, калі літаратары, якія нарадзіліся ў сталіцы Беларусі або пражылі тут большую частку жыцця, усур’ёз заняліся канцэптуалізацыяй свайго горада. Ад эсэ “Горад, якога няма” Валянціна Акудовіча і навелы “Мінская опера” Ігара Бабкова праз раман Майкла Галдзянкова “Палёт дубовага ліста” ды літаратурна-мастацкі праект “Горад СОНца” Артура Клінава — да “Шабаноў” Альгерда Бахарэвіча.

І гэта пералічаныя толькі творы, галоўным героем якіх у той ці іншай ступені выступае Мінск (або яго сегменты)… Кнігі, дзе Мінск выступае асноўным месцам дзеяння, увогуле не паддаюцца пераліку, дый выводзіць падагульненні з такога пераліку — занятак бессэнсоўны: так склалася натуральна. Але пры ўсім гэтым “мінскім буме” раман Уладзіміра Някляева пра аўтамат з газіроўкай успрымаецца як наватарства.

Магчыма, таму, што пісьменнік добра зветрыў найноўшыя тэндэнцыі брэндавання нашай дарагой сталіцы. Усе папярэднія аўтары (за выняткам хіба Галдзянкова) адштурхоўваліся ад архітэктуры. Яна, як вядома, застылая музыка. Але будзьма шчырымі хоць самі з сабою: што такога ўскрай меладычнага нам можна зайграць Мінск? Ходкі эўфемізм для сентэнцыі: 

“Вы, беларусы, — бесхрыбетныя мямлі, якія ні слова не сказалі, калі савецкія чынушы руйнавалі ваш горад, калі зносілі цэрквы, касцёлы, сінагогі, мячэты і старыя камяніцы — і працягваеце маўчаць, калі ваш горад руйнуюць ужо новыя ўлады... Дык на што цяпер глядзець замежнікам у вашым панэльным царстве?” — “Мінск — гэта найперш людзі”.

Пішучы мінскацэнтрычны раман, ураджэнец старажытнага Крэва Някляеў ці не ўпершыню ў беларускай літаратуры паставіў не на сам Мінск, а на мінчукоў. І не прагадаў. 

Дакумент эпохі

Асноўная прэтэнзія, якую могуць выставіць (і ўжо выстаўляюць) пісьменніку чытачы, — небяспечнае балансаванне паміж рэчаіснасцю і літаратурай, якое дазваляе сабе Някляеў. Паўсюль дэкларавана, што раман — мастацкая прыдумка, але твор мае прыкметы дакументальнай прозы, да таго ж амаль усе дзейныя асобы — рэальныя людзі, якія жылі або і цяпер жывуць у Мінску. Вось так — асобы рэальныя, а іх учынкі — выдуманыя або як мінімум істотна дадуманыя аўтарам. Можа, менавіта таму прынамсі ключавыя персанажы твора, пазычаныя з жыцця, фігуруюць пад сваімі тагачаснымі мянушкамі — Палкоўнік (Хадзееў) і Амерыканец (Освальд). Аўтар, нібы празрыстай фіранкай, адмяжоўвае сваіх герояў ад іх прататыпаў.

Так ужо ўладкаваны сучасны чалавек: нон-фікшн вабіць нас мацней за фікшн. Не абы-які стымул да чытання дае гарантыя, што, маўляў, апісанае ў кнізе мела месца насамрэч. Сярмяжная праўда кранае значна мацней за любыя мастацкія тыпізацыі, гратэскі і сюжэтныя калізіі, якія толькі можа прапанаваць фікшн. Злавіла сябе на тым, што сэрца білася часцей, калі я чытала паслямову журналіста Віктара Ледзенева — персанажа (прататыпа персанажа?) рамана, чым калі ўнікала ў прыгоды асноўнай часткі твора. Бо Ледзенеў як бы расстаўляў кропкі над “і” наконт таго, як жа ўсё адбывалася насамрэч. Смакуючы кактэйль з праўды і фантазіі, чалавек схільны прыняць усю канструкцыю за чыстую манету. І тады выходзіць, што Някляеў — хлус. 

Пра нешта падобнае згадвае Сяргей Балахонаў, аўтар самай паспяховай беларускай кнігі ў жанры mockumentary — “Зямлі пад крыламі Фенікса”. Маўляў, ягоныя чытачы прымаюць на веру нават тое, што Францішак Скарына служыў у гомельскім спецназе, і таму на вядомай гравюры на ім берэт. Што ўжо тут казаць пра твор Някляева. Можна адно прагназаваць: намучаецца аўтар з чытацкай перцэпцыяй, не атрымаўшы прачухону хіба ад лянівага знаўцы савецкай гісторыі. 

Вінегрэт з хранатопу

“Аўтамат з газіроўкай…” — свядомая містыфікацыя Мінска 1960-х, штучнае апладненне горада гарадскімі легендамі, якія, праз імклівую міграцыю адных жыхароў з вёскі ў горад, а іншых — з горада ў Ізраіль, не мелі шанцаў у ім зарадзіцца. Калі першапраходцы мінскай прозы збіваюць ногі ў пошуках тутэйшага genius loci і ў выніку змушаныя прыйсці да высновы, што дух Мінска — у адсутнасці якога-кольвек духу, Някляеў прышчэплівае гораду гэты самы дух, як высакародны гатунак на дзічку. 

Хрушчоўскі Мінск быў у параўнанні з Масквой ці Ленінградам прэсным і нудным настолькі, што псіхолагі ў пагонах вырашылі выслаць туды апантанага амерыканскага камуніста Освальда, каб закіс, утаймаваўся і вымеўся назад у свой Тэхас (што ўрэшце і адбылося). У рамане адліжны Мінск Хрушчова паўстае нейкім вірам карнавалу, эпіцэнтрам руху стылягаў і разборак Грушаўкі з Сельгаспасёлкам, а дысідэнтаў — са спецслужбамі, такім савецкім Чыкага. Ды тут ледзь не замах на Хрушчова адбываецца — а вы кажаце… Аўтар дбайна перабірае ўсе драбкі нонканфармізму, якія толькі мелі месца ў Мінску яго юнацтва, і звальвае іх да кучы ў агульную нарацыю. Што там? Анархісцкі гурток Хадзеева? Бярэм. Кімку — на царства. Забойца Кенэдзі? Проста супер! Будзе ў творы блізкім сябрам і ідэйным паплечнікам Кіма. Свабодалюбівыя канцэрты на прыступках ТЮЗа? — самае тое. Малады Караткевіч — о-о-о, жыр. Хай затроліць самага галоўнага троля мінскай багемы. А, каб не забыцца: у Мінску гралі амерыканскі джаз! Студэнты-мурыны — інтэрнацыянальны каларыт, уключаем. Эскімо ў парку, у калгас на бульбу… Фу, банальна. Нафіг. А вось паездка “дзікунамі” ў Крым будзе вельмі дарэчы. Што там яшчэ? Голымі на “слабо” перад сядзібай КДБ бегалі? У кошык. Так і тчэцца канва аповеду.

Лявон Баршчэўскі спецыяльна для азначэння жанру някляеўскага рамана вынайшаў тэрмін “фэнтэзі-хранатоп”, але мне здаецца, Някляеў спрацаваў у рэчышчы альтэрнатыўнай гісторыі. Напрыклад, вельмі нестандартна і правакацыйна выглядае версія, нібыта Освальд практыкаваўся страляць у адным з мінскіх тыраў, цэлячы ў партрэт беларускага стылягі Толіка, з якім змагаўся за каханую Марыну. Лішне казаць, копіяй каго быў з твару той Толік…

Мяне тут папрасілі не захапляцца пераказам сюжэту. Маўляў, спойлеры — зло, і людзям потым будзе нецікава чытаць. Але просьба была лішняй: аўтар і так зрабіў усё, каб сюжэт адышоў на другі план. Прытым што ён захапляльны, пакручасты і працуе бездакорна, як без памылак запоўненая таблічка Excel, ён мае другаснае значэнне. “Аўтамат з газіроўкай…” цяжка назваць прыгодніцкім або дэтэктыўным раманам, дзе на папярэдняй старонцы нельга здагадацца, што здарыцца на наступнай. Гісторыя пра тое, як юнак хацеў “танцаваць рок-н-рол, слухаць Дзюка Элінгтана, Джона Рыда і Элвіса Прэслі, чытаць Агату Крысці (…) і кахаць Асю”, а замест гэтага хадзіў на допыты ў КДБ і прымусова лячыўся ў Навінках, выкладзеная хаатычна, так, нібы апавядальнік падаé сваю версію ўсім вядомых падзеяў. 

Жанглюючы топавымі тэмамі, апавядальнік Някляева пераскоквае з эпізоду на эпізод, забягае наперад, нязмушана вандруе між 1960-м і 2010-м (калі ён — вы не паверыце! — быў збіты і арыштаваны КДБ у дзень выбараў, на якіх балатаваўся ў прэзідэнты). Усе гэтыя праспекцыі і рэтардацыі дадаюць твору дадаізму, надзейна адводзячы яго ўбок ад жанравай літаратуры. Лішне казаць, што падзеі маладосці героя і яго сталага жыцця паўтараюцца і рыфмуюцца. Аўтар расстаўляе персанажаў, як фігуры на дошцы, і гуляецца сам з сабою, ствараючы прыгожыя шахматныя камбінацыі.

Да, што да дадаізму. Што падкупляе найбольш — дык гэта наіўнае пісьмо “Аўтамата з газіроўкай…”. Дзіўна, але Някляеў-раманіст чароўным чынам адрозніваецца ад Някляева-стваральніка-іншых-жанраў-прозы. У сваіх раманах, безумоўна, аўтабіяграфічных, ён нібы хавае частку сябе ў цень, выстаўляючы наперад толькі адну са сваіх іпастасяў. Калі ў эратычным “раманчыку” “Лабух” галоўны герой, на патрэбу часу (канец 1990-х, эпоха распачатай Адамам Глобусам дэфларацыі белліту), — зацяты бабнік, то апавядальнік “Аўтамата з газіроўкай…” — здзіўлены падлетак, які глядзіць на свет шырока расплюшчанымі вачыма: “Аднойчы ў Скразным гроце, дзе мы шукалі скарбы піратаў, і Ася пры мне прысела на кукішкі, я спытаў: чаму? Чаму яна мяне не саромеецца? Таму што я для яе хлопчык, якога можна ўзяць з сабой у лазню? Яна засмяялася: “Дурненькі! Глядзі: я не саромеюся мора, сонца, ветру… Ты ў такой кампаніі — і крыўдуеш?”

Я крыўдаваў: Я раўнаваў яе да мора, сонца, ветру…”

Нэла і Ася

Саюз выдумкі і рэчаіснасці знайшоў у Някляева ўвасабленне ў жаночых вобразах: татарка Нэла існавала насамрэч, а габрэйка Ася была “мара… збіральны вобраз усіх тых дзяўчат, якія былі побач з намі, у якіх мы былі закаханыя” (Віктар Ледзенеў). Маюць гэтыя вобразы і іншае значэнне.

Па-першае, значэннае паходжанне гераіняў. Габрэй і татарын — гэта, калі разабрацца, нацыянальнасці анёлаў, што кленчаць на гербе Мінска абапал Дзевы Марыі. Нэла і Ася — карэнныя жыхаркі Мінска, маці апошняй загінула ў мінскім гета. Някляеву, безумоўна, было важна ўвесці такі ненавязлівы гістарычны код у раман пра паваенны Мінск. З гэтага ж разраду — тэндэнцыя падаваць поруч з савецкімі назвамі вуліц і плошчаў аўтэнтычныя: “Плошча Перамогі! — Якая плошча? — Ды Круглая, Круглая… Усе ведаюць, а кожны пытае”. Сюды ж дадамо паварот сюжэту, паводле якога адзін з герояў імкнецца перадаць Хрушчову план рэканструкцыі старажытнай Нямігі, перадухіліць яе знос, які працягваецца і цяпер, у 2013-м. 

Па-другое, сімвалічныя лёсы дзяўчат: “Абедзве мае каханыя, заліваючыся румянцам, выйшлі замуж за гэбістаў”. 

Улада над жанчынай — навязлівая метафара ўлады над краінай — з’яўляецца яшчэ ў рамане Някляева “Лабух”. Але ў “мінскім рамане” — каб да кожнага дайшло — усе каханыя жанчыны героя дастаюцца ворагам. Трэба думаць, як для аўтара, так і для яго лірычнага героя (абодва — аматары слабага полу) самае крыўднае ў таталітарызме — тое, што гэтыя нелюдзі, апроч усяго іншага, яшчэ “і дзевачак нашых вядуць у кабінет”. 

Каханне да жанчыны дыктатара — нешта сярэдняе паміж топасам канспіралагічнага дэтэктыву і сэксуальнай фантазіяй. Маленькае суцяшэнне — даведацца праз паўстагоддзя, што найлепшыя жанчыны аддавалі “гэтым” адно свае целы: “Ты чаму не вярнуўся?.. Я за яго пайшла, бо за цябе баялася. Ён мяне застрашыў. (…) Яна заплакала… Я ўстаў і пацалаваў заколку ў яе валасах”.

Асноўны пафас “мінскага рамана” — гэты, як мне здаецца, светлы смутак аўтара з нагоды таго, што ў жыцці ўсё пайшло так, хоць магло б іначай. Сум рызыкоўнага гульца, фаталіста, які падпарадкоўвае лёс волі выпадку. 

Пра мінскі грамадскі транспарт

У адной з сувенірных крамаў Мінска прадаюцца магніцікі на лядоўню ў выглядзе аўтазакаў. Такія драўляныя машынкі, пафарбаваныя ў цёмна-балотны колер. Абавязкова схаджу і куплю, бо аўтар ідэі трапіў у кропку. Для мяне гэтыя “машынкі” — сімвал Мінска, супастаўны з рыжскімі трамваямі.

Сваім раманам Уладзімір Някляеў прапанаваў Мінску яшчэ адзін магніцік — дошчачку, пафарбаваную ў шэры колер, з надпісам “ВОДА”. І таксама трапіў у кропку. 

“Палёт дубовага ліста” Майкла Галдзянкова, кніга пра Мінск канца 1980-х, заканчваецца лацінскім выслоўем. Саму лаціну без памылак, баюся, не прыгадаю, але пераклад такі: “Любі свой час”. Уладзімір Някляеў, без сумневу, свой час любіць. Свой час, свой горад і людзей навокал. Можа, таму Мінск Някляева — светлы і сонечны, такі, які ён, здараецца, бывае ў жыцці, але ніколі — у сучаснай літаратуры. Таму рэкамендую. Чытайце гэтую кнігу. Чытайце на ўсіх чатырох відах мінскага грамадскага транспарту: у аўтобусах, тралейбусах, трамваях і метрапалітэне. Толькі ў маршрутках не чытайце, бо там трасе і цёмна.

 
Уладзімір Някляеў. Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без. Мінскі раман. — Мінск: Паперус / Дзеяслоў. — №6 — 2012.

 

Марыя Мартысевіч, gedroyc.by

На фота: Марыя Мартысевіч, budzma.org

[TypeError] 
count(): Argument #1 ($value) must be of type Countable|array, bool given (0)
/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/templates/ibwm/components/bitrix/news/news/bitrix/news.detail/.default/template.php:50
#0: include
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:790
#1: CBitrixComponentTemplate->__IncludePHPTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:885
#2: CBitrixComponentTemplate->IncludeTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:784
#3: CBitrixComponent->showComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:724
#4: CBitrixComponent->includeComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/components/bitrix/news.detail/component.php:515
#5: include(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:615
#6: CBitrixComponent->__includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:692
#7: CBitrixComponent->includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/main.php:1195
#8: CAllMain->IncludeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/templates/ibwm/components/bitrix/news/news/detail.php:16
#9: include(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:790
#10: CBitrixComponentTemplate->__IncludePHPTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:885
#11: CBitrixComponentTemplate->IncludeTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:784
#12: CBitrixComponent->showComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:724
#13: CBitrixComponent->includeComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/components/bitrix/news/component.php:336
#14: include(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:615
#15: CBitrixComponent->__includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:692
#16: CBitrixComponent->includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/main.php:1195
#17: CAllMain->IncludeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/news/index.php:107
#18: include_once(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/include/urlrewrite.php:184
#19: include_once(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/urlrewrite.php:2
----------