Мода на "Бэўвульфа"

Антон Францішак Брыль

Гэтае выданне адметнае не толькі тым, што змяшчае сам тэкст паэмы. У кнізе выдатная прадмова перакладчыка, каментары, індэкс эпізодаў і ўстаўных аповедаў, радаводы, спіс літаратуры… Ды што казаць ― амаль падручнік па “Бэўвульфу” атрымліваецца. Пра гісторыю рукапісу, адметнасці алітэрацыйнага верша і спосабы перадаць яго сродкамі беларускай мовы, пра імкненне зрабіць пераклад, як вучыў Толкін, ― адначасова і паэтычным, і традыцыйным спадар Антон Францішак досыць падрабязна распавядае ў прадмове. Таму ў гутарцы з перакладчыкам мы закранаем крыху іншыя пытанні.

— Думаецца, вам будуць удзячныя ўсе беларускія выкладчыкі, якія чытаюць курс лекцый па літаратуры Вялікабрытаніі. Выданне стане добрым дапаможнікам (і ці не выратаваннем, што дазволіць разабрацца з многімі складанымі пытаннямі адносна паэмы) для студэнтаў. Чаму для перакладу вы абралі менавіта “Бэўвульф”?

— Спачатку мяне прывабіла паэтычная тэхніка — было цікава, ці атрымаецца стварыць па-беларуску нейкі пераканаўчы адпаведнік алітэрацыйнага верша. Паспрабаваў перакласці пачатак паэмы, пасля яшчэ крышку, а пасля неяк само сабою аказалася ясна, што трэба рабіць цалкам. Што датычыць складаных пытанняў паэмы, між іншым, то тут трэба папярэдзіць: пераклад ― што беларускі, што рускі, што на любую іншую мову ― не замяняе арыгінала. У перакладзе можна з тэкстам пазнаёміцца, можна скласці аб ім уражанне, але тым, хто захоча ўсур’ёз займацца менавіта гэтаю паэмаю, ад арыгінала, зразумела, нікуды не падзецца.

— На дварэ ХХІ ст. а тут ― англа-саксонскі эпас. Як вам падаецца, наколькі гарманічна кніга ўвойдзе ў агульны кантэкст сучаснай беларускай літаратуры і ў цэлым наш літаратурны працэс?

— Мне здаецца, добрая паэзія ўпішацца ўсюль і заўсёды. А менавіта ў выпадку "Бэўвульфа" трэба заўважыць яшчэ, што гэта тэкст у пэўным сэнсе сучасны. Шмат стагоддзяў пра яго зусім не памяталі, пасля ён досыць доўга быў прадметам увагі адных толькі навукоўцаў. Сапраўдная "чытацкая мода" на гэтую паэму прыйшла толькі ў ХХ стагоддзі і звязаная ў немалой ступені з іменем Дж. Р. Р. Толкіна, які вельмі захапляўся "Бэўвульфам".

— Ці можна сказаць, што “Бэўвульф”, яго пераклад абавязкова павінен прысутнічаць у кожнай нацыянальнай літаратуры?

— Залежыць ад таго, напэўна, наколькі доўгі той спіс абавязковых перакладаў, і ці ёсць ён увогуле. Напрыклад, на французскую "Бэўвульфа", калі не памыляюся, пераклалі толькі год з трыццаць таму.

— А ўвогуле, на якія мовы перакладалася і ў якіх краінах гэтая эпічная паэма выходзіла асобным выданнем?

— На сучасную англійскую мову "Бэўвульфа" пераклалі ўжо шмат разоў і пакуль што, здаецца, не думаюць спыняцца. Перакладалі — хто вершам, хто прозаю — на французскую, на рускую, на нямецкую, на польскую; поўнага спісу я не шукаў. Украінскі пераклад апярэдзіў беларускі на некалькі гадоў.

— Ведаю, што падчас працы над перакладам урыўкі з паэмы вы змяшчалі ў сваім блогу. Ці ўплывалі чытачы і іх каментары на працэс працы?

— Так, зразумела. Шмат добрых заўваг было, напрыклад, ад паэта Ігара Кулікова, які пільна цікавіцца літаратурай таго перыяду. Апроч таго, калі б я не бачыў цікавасці, з якою сустракалі гэтыя ўрыўкі чытачы блога, я б, магчыма, і закінуў працу недзе на паўдарозе. Калі нешта робіш, то вельмі дапамагае веданне, што гэта камусьці патрэбна.

— Ці кансультаваліся з замежнымі навукоўцамі падчас працы над перакладам?

— Некалькі разоў пісаў лісты з пытаннямі, і на іх, што прыемна, адказвалі. Але нашмат часцей даводзілася шукаць і чытаць даўно напісанае — на кожнае цёмнае месца паэмы знойдзецца па некалькі артыкулаў і кніг, дзе яго разбіраюць, бо твор значны і ўвагаю навукоўцаў зусім не абдзелены.

— Беларускія даследчыкі літаратуры ўжо ўхвалілі пераклад, і я цалкам з імі згодная. Кніга можа абсалютна ўпэўнена прэтэндаваць на ролю самага знакавага выдання 2013 года. А ці былі нейкія водгукі з боку замежных калег?

— Украінскай перакладчыцы, Олене О’Лір, беларускі пераклад спадабаўся. Аб чым мне было вельмі прыемна пачуць.

— Падзяліцеся планамі на будучыню. Магчыма, будзеце працаваць на запаўненне новых лакунаў перакладу старажытных твораў на беларускую мову?

— Зараз займаюся паэзіяй старажытнага Рыма, спрабуючы для пачатку ахапіць усіх патрошку. Ужо публікаваліся невялікія падборкі маіх перакладаў з Катула, Гарацыя, Марцыяла, урывак з Плаўта, вось-вось з’явіцца пераклад чатырох элегій Авідыя.

Марына Весялуха

апублікавана ў газеце "Літаратура і мастацтва" 12.07.2013