“Мора ўнутры”— вершы і песні гучалі ў Зялёным Бары (фота)

Праект “19-га а 19-ай” існуе ў Зялёнаборскім Доме культуры ўжо даўно — неўзабаве ён адзначыць сваё пяцігоддзе. Да гасцінных жыхароў пасёлка з задавальненнем прыязджаюць з выступамі госці з Мінска — паэты, пісьменнікі, барды.

Работы Генадзя Масальскага

У наведнікаў дома культуры была магчымасць не толькі паслухаць канцэрт, але і пазнаёміцца з выяўленчым мастацтвам — якраз цяпер у адной з залаў праходзіць выстава мясцовага жывапісца Генадзя Масальскага.

Выступае Таццяна Беланогая

Распачаўся канцэрт з выступлення Таццяны Беланогай, якая выканала песні розных гадоў — як добра вядомыя публіцы, так і новыя, з альбома “Святло і цені”. Таццяна праспявала таксама некалькі рамансаў на тэксты Яўгеніі Янішчыц.

Паэтка Віка Трэнас прачытала нядаўна напісаныя вершы і распавяла гледачам пра свежы, 71-ы нумар часопіса “Дзеяслоў”. Пару асобнікаў выдання былі перададзены на палічку буккросінгу, што ёсць у доме культуры.

Наталля Нікіціна

Выканаўца аўтарскай песні Наталля Нікіціна мае ў рэпертуары кампазіцыі на рускай і беларускай мовах як на яе ўласныя тэксты, так і на вершы сучасных нашых паэтаў.

Вольга Акуліч і Наталля Нікіціна

Спачатку бард выступала сольна, але нядаўна Наталля супольна з Вольгай Акуліч, вакалісткай і кіраўніцай рок-гурта “Верасень”, стварылі дуэт, дзе Вольга выступае як акампаніятар і аранжыроўшчык.

У Зялёным Бары Наталля і Вольга спявалі і паасобку, і разам.

Гурт "Верасень". Злева направа: Анастасія Броуда, Вольга Акуліч, Арцём Лабін. 

Гурт “Верасень”, які існуе ўжо больш за тры гады і выдаў некалькі альбомаў, на гэтым канцэрце выступіў як акустычнае трыа — Вольга Акуліч (гітара), Арцём Лабін (сола-гітара), Анастасія Броуда (клавішныя). Дарэчы, для Насці, навучэнкі мінскай кансерваторыі, выступ у складзе “Верасня” быў дэбютным.

Калектыў праспяваў песні з розных кружэлак, але адна з іх, “Мора ўнутры”, якую Вольга і Анастасія прадставілі публіцы ўпершыню, уразіла мяккасцю і лірызмам, у адрозенне ад звыклых для гурта цвёрдых рокавых рытмаў.

Дарэчы, на адну з песень, выкананых у Зялёным Бары, “Халодны блюз”, быў створаны анімаваны кліп, які будзе прэзентаваны ў Мінску 25 верасня.

Інтэрактыўную частку імпрэзы склалі праведзеныя арганізатарамі латарэя і віктарына на веданне беларускай мовы. Найбольш актыўныя гледачы атрымалі падарункі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”.

   

Тэкст і фота: ВТ, для lit-bel.org