Мова з вушацкім прысмакам — выйшла новая кніга Рыгора Барадуліна

«“Вушацкі словазбор” — спроба сабраць  за адным бяседным сталом хоць крышачку непераўзыдзенага шматгалосся роднае мне зямлі, шматгалосся, якое, на жаль, пачынае глухнуць», — піша Рыгор Іванавіч ва ўступным слове да кнігі, прысвечанай “Светлае памяці мамы Куліны”.

Нездарма на вокладцы змешчанае фота беларускай вёскі — Народны паэт склаў не проста слоўнік адметнай лексікі Вушаччыны, ён імкнуўся перадаць “паганскія карані і біблейскае неба”, “чысціню бачання свету”, галасы “мамы Куліны, крэўных і блізкіх”.

Першая частка “Слоўнік” змяшчае ўстойлівыя выразы, параўнанні, прыказкі й прымаўкі ў алфавітным парадку. Раздзел “Ізборнік” з’яўляецца сапраўднай калекцыяй звычаяў, страваў, прыкметаў, лекавання, прыгаворак і зычэнняў, дзіцячых гульняў, хуткамовак, загадак — усяго таго, што адлюстроўвае мысленне і побыт нашых продкаў. Трэці раздзел “Жывое слова, або Жыццё, як яно ёсць” утрымлівае запісы жывой вушацкай гаворкі, якія перадаюцца з улікам аўтэнтычнага вымаўлення.

Гэтая кніга, апублікаваная выдавецтвам “Кнігазбор”, узбагаціць любую бібліятэку і будзе даспадобы не толькі спецыялістам-мовазнаўцам — дзякуючы таму, што гэта навукова-папулярнае выданне, у якім — жывая памяць народа, уважліва захаваная і перададзеная Рыгорам Барадуліным.

 

Шукайце “Вушацкі словазбор Рыгора Барадуліна” ў кнігарнях Мінска!

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"