"Мой лістапад..." Алеся Усені

Успаміны Алеся Усені “Мой лістапад”, што часткамі друкаваліся ў часопісе “Дзеяслоў”, нарэшце выйшлі кнігай у серыі Саюза беларускіх пісьменнікаў “Кнігарня пісьменніка” ў выдавецтве “Медысонт”.

“Кніга беспрэцэдэнтная па сваёй шчырасці і справядлівасці”, — гаворыцца ў анатацыі. — “Сярод пісьменнікаў пануе думка: “Калі напішаш успаміны, дык адразу памрэш…” Аўтар вырашыў правесці эксперымент на сабе”.

Ва ўступе да кнігі ўспамінаў аўтар расказвае пра тое, чаму вырашыў яе напісаць, назва ў тэкста красамоўная:

“Эксперымент”

Неяк я спытаўся ў паэта Сяргея Законнікава:

— А чаму б вам не напісаць успаміны? Пагартайце любы часопіс: хто толькі ні згадвае “пра сваё басаногае дзяцінства” і “творчыя дасягненні!”

А ў Вас жа сапраўды багатая на падзеі, прычым, агульнадзяржаўнага значэння, біяграфія...

Сяргей Іванавіч трохі падумаў і нейкім прыглушана-таемным голасам, як быццам ён вырваўся з самай глыбіні душы, мовіў:

— Ведаеш, сярод пісьменнікаў бытуе такая думка: як толькі ты напішаш свае ўспаміны, дык амаль адразу і памрэш. Вось, напрыклад, мой сябар Болтач...

Валянцін Болтач (друкаваўся пад псеўданімам Блакіт) сапраўды памёр неўзавабе пасля таго, як апублікаваў успаміны ў часопісе “Дзеяслоў”.

Аргумент Сяргея Законнікава на першым часе мяне пераканаў. Аднак душу грыз чарвяк сумневу: ну не можа быць сувязі-повязі паміж напісаннем успамінаў і смерцю. Паспрабаваў знайсці такую заканамернасць на прыкладах памерлых літаратараў і... не знайшоў. Проста зусім нямногія беларускія пісьменнікі пакінулі пасля сябе ўспаміны! Чаму? А можа, яны, як і Сяргей Законнікаў, асцерагаліся: напішаш — памрэш? Апублікаваў жа, напрыклад, Васіль Быкаў сваю аўтабіяграфічную “Доўгую дарогу дадому”, і кніга стала ягоным апошнім прыжыццёвым выданнем...

Калі тэорыю нельга пацвердзіць дастатковай практыкай, дык я на свой страх і рызыку вырашыў зрабіць эскперымент на сабе. Напэўна, мала каго зацікавяць нататкі пра маё жыццё: адно што пражыў ўсяго пяцьдзесят з невялікім хвосцікам, а другое — не такая ўжо я выбітная асоба, каб выклікаць у кагосьці інтарэс.

Аднак я ўсё ж зраблю спробу выкласці нешта на паперу. Па-першае, любы чалавек цікавы сам па сабе (нездарма кажуць: кожная асоба — гэта цэлы свет). Па-другое, у мяне ёсць дочкі, унукі, спадзяюся, будуць і праўнукі. Дык няхай хоць яны прачытаюць, што быў у іх такі продак, нешта рабіў, пра штосьці думаў...

Мае запісы — не зусім успаміны ў традыцыйным сэнсе, хоць пасля напісання я паспрабую прыдаць ім нейкую храналогію. Чалавечая памяць непрадказальная. То яна выхапіць яркі фрагмент з дзяцінства, то азорыць зусім нядаўні эпізод жыцця. Так і ў мяне. Таму я не буду сядзець, як корч, за сталом і высмоктваць з пальца гэтыя фрагменты. Падкажа памяць — запішу, а не — дык, мусіць, так і трэба, бо не гэтак важна...

Пра аўтара:

Алесь Усеня нарадзіўся ў 1958 годзе ў вёсцы Пасека, што на Старадарожчыне. Скончыў факультэт журналістыкі Белдзяржуніверсітэта. Працаваў у шматтыражцы “Інтэграл”, старадарожскай раённай газеце “Поступ Кастрычніка”, “Гомельская праўдзе”, “Звяздзе”, часопісе “Вожык”. Зараз — заснавальнік і галоўны рэдактар газеты “Частный детектив”. Жыве ў Мінску.

Алесь Усеня выдаў каля пятнаццаці кніг паэзіі, прозы, сатыры, публіцыстыкі: “Я хачу на сваю планету”, “Здань на хутары”, “Споведзь знявечаных душ”, “Аднойчы ў ціхім завулку”, “Дзежка дзёгцю”, “Адлуп”, “Ад аргазму да маразму”, “Пустадомкі”, “Глобус Беларусі” і інш.

Асобныя творы друкаваліся ў часопісах “Неман”, “Маладосць”, штотыднёвіку “Літаратура і Мастацтва”, газетах “Літаратурная Беларусь”, “Народная Воля”, “Свободные новости”, “Наша Ніва” і інш.   

Прэсавая служба СБП