Муракамі – найбольш верагодны прэтэндэнт на Нобеля?

Канечне, нельга ўспрымаць такія рэйтынгі, як ісціну ў апошняй інстанцыі, але вельмі часта букмекеры даюць правільныя адказы. Напрыклад, два гады назад менавіта на шведа Тумаса Транстромера былі найбольшыя каафіцыенты – прэмію ён і атрымаў. Год назад кітаец Мо Янь ішоў другім у букмекераў.

А лідзіраваў і тады, і цяпер 64-гадовы японскі пісьменнік Харукі Муракамі (3 да 1). Ён папулярны і ў Беларусі. Ён аўтар такіх раманаў, як «1Q84», «Кафка на пляжы», «Нарвежскі лес», «Дэнс, Дэнс, Дэнс», «Слухай песню ветру». Аднак выкажам меркаванне: вельмі сумнеўна, што другі год запар прэмію атрымае аўтар з Азіі.

На другім месцы аказалася амерыканская аўтарка Джойс Кэрал Оўтс (6 да 1). <...>

Амерыканская літаратура вось ужо 20 гадоў не атрымлівала Нобелеўскую ўзнагароду. Таму Оўтс можна разглядаць як фаварытку.

На трэцім месцы вугорскі аўтар Петэр Надаш (7 да 1). Сёлета па-беларуску выйшаў ягоны раман “Канец адной сямейнай сагі”. Праўда, пераклад рабіўся не з мовы арыгіналу, а з польскай.

На шостай пазіцыі сірыйскі паэт Адоніс. Цяжка сказаць, ці дапамогуць падзеі на ягонай Радзіме атрымаць прэстыжную ўзнагароду. Адоніс ужо шмат гадоў у спісе магчымых лаўрэатаў.

На восьмым месцы вядомы ізраільскі пісьменнік Амас Оз (16 да 1), род якога паходзіць з абшараў колішняга Вялікага княства Літоўскага.

Шанцы чэшска-французскага аўтара Мілана Кундэры разглядаюцца як 25 да 1, аўтара “Імя ружы” Умберта Эка – 50 да 1. Англійскі драматург Том Стопард, які неаднакроць выказваўся аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, сябруе з многімі нашымі суайчыннікамі, ацэньваецца букмекерамі як 66 да 1.

З суседніх нам краін у спісе прысутнічае расійскі паэт Яўген Еўтушэнка (100 да 1), а таксама польскія аўтары Адам Загаеўскі і Вольга Такарчук (таксама 100 да 1).

Прадстаўнікоў Украіны, Літвы, Латвіі ў спісе няма. Як і Беларусі. Хоць зусім нядаўна праходзіла інфармацыя, што Святлана Алексіевіч мае добрыя шанцы на ўзнагароду.

Зміцер Панкавец

nn.by