Музей Алеся Адамовіча можа адкрыцца на Бабруйшчыне

Тут у будынку былой аптэкі на пачатку вайны пачыналася праца Алеся Адамовіча ў антынацысцкім падполлі.

Аптэка ў вёсцы Глуша, дзе пісьменнік Алесь Адамовіч удзельнічаў у антыфашысцкім падполлі.

Праўда, толькі сёлета супольная ініцыятыва знайшла падтрымку на ўзроўні Магілёўскага аблвыканкама і Бабруйскага райвыканкама. У траўні адбылася працоўная нарада з удзелам зацікаўленых бакоў пад старшынствам кіраўніка раённай вертыкалі Міхаіла Шалкоўскага, на якой былі вызначаны асноўныя кірункі супрацы.

Алесь Адамовіч
Алесь Адамовіч

Спецыялісты архітэктурнай секцыі Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры выканалі агульнае абследаванне тэхнічнага стану будынка і яго архітэктурна-археалагічныя абмеры. 14 жніўня старшыня таварыства Антон Астаповіч перадаў матэрыялы Міхаілу Шалкоўскаму і начальніку аддзела ідэалагічнай працы, культуры і спраў моладзі Галіне Чарновай.

Па выніках працоўнай сустрэчы былі акрэсленыя далейшыя этапы працы. У прыватнасці, грамадскаму аб’яднанню даручана распрацоўка эскізнага праекта рэканструкцыі і музеефікацыі будынка былой аптэкі ў Глушы. Да гэтай працы спецыялісты таварыства мяркуюць прыступіць ужо ў верасні, па завяршэнні сезону адпачынкаў.

Паводле слоў Антона Астаповіча, стварэнне музея Алеся Адамовіча «Вайна пад стрэхамі» — выдатны ўзор рэалізацыі прынцыпаў дзяржаўна-грамадскага партнёрства ў сферы культуры. Не так шмат прыкладаў, калі валанцёрскія намаганні грамадскасці маюць падтрымку з боку органаў мясцовай улады.

svaboda.org