Музей Багдановіча ў Мінску афіцыйна стаў філіялам Музея гісторыі беларускай літаратуры

Рэарганізацыя гэтай установы ніякім чынам не паўплывае на працу музея Максіма Багдановіча, адзначыла ў інтэрв`ю БелаПАН цяпер ужо былы дырэктар музея Таццяна Шэляговіч. «Супрацоўнікі музея прадоўжаць сваю штодзённую працу, якая заключаецца ў даследаванні творчасці Максіма Багдановіча, папулярызацыі яго творчасці, рэалізацыі літаратурных, музейных, адукацыйных праектаў», — сказала яна. 

«Нічога не спыняецца, — запэўніла Шэляговіч. — Гэта ўсяго толькі змяненне статусу. Выставы, мерапрыемствы, сустрэчы і прэзентацыі — усё гэта будзе. Калектыў літаратурнага музея зробіць усё, каб просты чалавек, які цікавіцца творчасцю Максіма Багдановіча, адчуў нейкае душэўнае цяпло да гэтага чалавека, не заўважыў гэтых намінальных бюракратычных змяненняў». 

У філіяле «Літаратурны музей Максіма Багдановіча», паводле яе слоў, засталося працаваць 15 чалавек з 40 гэта «роўна столькі, колькі неабходна для забеспячэння годнай працы філіяла».

Шэляговіч нагадала, што ў складзе самога музея Багдановіча былі два філіялы — «Фальварак «Ракуцёўшчына» і філіял «Беларуская хатка». У выніку рэарганізацыі музей і два яго падраздзяленні сталі трыма паўнацэннымі і раўнапраўнымі філіяламі Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. 

Тым не менш, лічыць яна, былым філіялам музея Багдановіча цяпер патрэбная «чалавечая падтрымка», таму што «магчымасці філіяла «Літаратурны музей Максіма Багдановіча» на 100% перавышаюць магчымасці філіяла «Беларускай хаткі» або «Фальварка «Ракуцёўшчына». 

«Заўсёды тут, па адрасе вуліца Багдановіча, 7а, быў цэнтр навуковай, даследчай, збіральнай працы. Гэта быў як рэактар на атамнай станцыі, які выпрацоўваў самае неабходнае для жыццядзейнасці ўсіх астатніх агрэгатаў. Былыя філіялы музея на сёння пазбаўленыя вопыту самастойнай працы і матэрыяльнай базы. У Ракуцёўшчыне цяпер няма ні камп`ютара, ні факса, там пячное ацяпленне на дровах», — падкрэсліла яна. 

Нагадаем, рэарганізацыя літаратурных музеяў Максіма Багдановіча і Петруся Броўкі была зацверджана загадам Міністэрства культуры ад 4 студзеня 2014 года, аднак інфармацыя аб паніжэнні статусаў гэтых музеяў з`явілася яшчэ ў канцы мінулага года.

Тады прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі заклікалі ўрад перагледзець гэтае рашэнне. У снежні мінулага года асобныя культурныя і грамадскія дзеячы правялі на ганку музея Багдановіча некалькі акцый у падтрымку музея, якія не збіралі вялікай колькасці людзей. На гэтых акцыях традыцыйна прысутнічалі супрацоўнікі праваахоўных органаў, аднак удзельнікі мерапрыемстваў не затрымліваліся.

nn.by