Музей Янкі Купалы запрашае на адкрыццё экспазіцыі

Багатую спадчыну пакінуў нам Янка Купала – паэт, драматург, палымяны публіцыст. Час не мае над ёй улады. Амаль кожны верш Песняра – як споведзь, як дзённік, па якім можна ўзнавіць увесь шлях паэта. І ніводзін радок багатай Купалавай спадчыны не ашукае даверу чытача.

Здаецца, і ведаеш творы паэта, а ўсё роўна кожны раз, калі разгортваеш яго кнігу і пачынаеш чытаць, – адкрываеш для сябе штосьці новае, нязведанае.

Стваральнікі новай экспазіцыі музея Янкі Купалы імкнуліся на якасна новым узроўні прадставіць творчасць Песняра ў лёсавызначальныя для Беларусі 1920-я гг., раскрыць драматургічную спадчыну Песняра і яе ролю ў гісторыі і сучаснасці нацыянальнага тэатра, адлюстраваць жыццё паэта ў Мінску, які стаў для Купалы родным горадам з 1919 г. па 1941 г.

Наведвальнікі новай экспазіцыі Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы атрымаюць унікальную магчымасць з дапамогай сучасных інфармацыйных тэхналогій пазнаёміцца з рарытэтнымі прадметамі музейных калекцый, убачыць Мінск часоў паэта, здзейсніць падарожжа па яго мінскіх адрасах, наведаць інтэрактыўную зону “Хлопчык і лётчык” для дзяцей і іх старэйшых сяброў.

Паводле прэс-рэліза