Музэй-дача Быкава – пад замком

Летась у Ждановічах пад Менскам быў урачыста, з удзелам міністра культуры, адчынены Музэй-лецішча Васіля Быкава – да 90-годзьдзя народнага пісьменьніка.

Былі сказаны патасныя словы пра тое, як Мінкультуры клапоціцца пра ўшанаваньне памяці вялікага творцы, не шкадуе на гэта сродкаў. І гэта пры тым, што дзяржава ў будаўніцтва музэю ня ўклала ні капейкі – лецішча было падараванае ёй удавой пісьменьніка Ірынай Міхайлаўнай Быкавай.

На жаль, новаствораны музэй працаваў усяго некалькі месяцаў. Сёньняшнія наведнікі могуць пабачыць толькі вялікі замок на ўваходнай браме. Пра сытуацыю вакол мэмарыяльнага лецішча Быкава Міхась Скобла гутарыць зь яго былым загадчыкам Алесем Гібкоўскім.

Алесь Гібкоўскі: Для мяне зразумела, як двойчы два: асоба Быкава, як нішто іншае і ніхто іншы, можа аб’яднаць усіх беларусаў. Нават мова нас усіх ня можа аб’яднаць, нават рэлігія, а Быкаў – можа. У зьвязку з тымі падзеямі, якія адбываюцца сёньня ва Ўкраіне, беларуская дзяржава павінна думаць найперш пра нацыянальную кансалідацыю. А тут проста сабатаж нейкі. Такія адносіны да імя Быкава, ды яшчэ напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, мне абсалютна незразумелыя. Той “капітальны рамонт”, пра які гаворыць адміністрацыя, можа было б зрабіць за пару тыдняў, не зачыняючы музэй.

 

Міхась Скобла, Радыё Свабода