Музычна-літаратурныя сустрэчы разам з «Будзьма беларусамі!»

2 красавіка сямейны дуэт Аксану Спрынчан-Малішэўскую і Яраша Малішэўскага сустракалі ў дзіцячай бібліятэцы № 1 г. Мінска. Яднанне паэзіі, прозы і музыкі прадэманстравалі выступоўцы, раскрыўшы перад 5-класнікамі 42-й гімназіі некаторыя таямніцы краіны творчасці. Спадар Яраш, кіруючы музычнай часткай, зачараваў аўдыторыю змястоўнай інфармацыяй пра беларускія інструменты – яна перамяжалася з жывым гучаннем тых самых інструментаў, пра якія ішоў расповед. Спадарыня Аксана вяла рэй у літаратурнай частцы. Апрача дэманстрацыі сваіх кніг: “Смачная кніга”, “Таташ Яраш, мамана Аксана і дачэта Альжбэта”, і аповедаў пра іх, пісьменніца праверыла кемлівасць гледачоў рыфмаванымі загадкамі. А завяршылася сустрэча песняю, якую гімназісты развучылі разам з Ярашам.

Гэтам жа днём паэт Міхась Скобла і спявачка Таццяна Грыневіч-Матафонава завіталі на Вілейшчыну: у Любанскую і Куранецкую сярэднія школы. Па просьбе школьнай адміністрацыі госці прысвяцілі свае выступы Яе Вялікасці Беларускай Кнізе – расказалі пра свае першыя кнігі, прыгадалі найбольш памятныя чытацкія ўражанні. Спадар Міхась, пазнаёміўшы старшакласнікаў са сваёй новай кнігай “Выспятак ад Скарыны”, прачытаў кнігазнаўчую міні-лекцыю пра ролю кнігі ў гістарычным лёсе Беларусі: “У свеце ведаюць пра Вялікую Кітайскую сцяну ці пра самы высакагорны горад Мачу-Пікчу ў перуанскіх Кардыльерах, абгароджаны высечанай з суцэльнай скалы каменнай сцяной. За тымі сценамі і кітайцы, і перуанцы пачуваліся ў бяспецы. А як вы думаеце, з чаго складзеная абарончая сцяна Беларусі? З якіх найтрывалейшых матэрыялаў, што і ў агні не згарэлі, і перад ваеннымі землятрусамі ўстаялі?” – з такім пытаннем да школьнікаў звярнуўся паэт.

Адказ на яго просты і складаны адначасова: “З кніг. З тысячаў і мільёнаў кніг, якія леглі ў тую сцяну замест цаглінаў і камянёў. І гэта самая трывалая сцяна, самы надзейны мур у свеце, бо яго не падкапаеш і таранам не разаб’еш. Я называю гэта – Беларускі кнігамур. Ён самаўзводзіцца ў кожным з нас, робіцца вышэй і мацней з кожнай прачытанай кнігай. Таму мы, беларусы, павінны ў кожнай кватэры-хаце мець па бібліятэцы. Невыпадкова вялікі будаўнік ахоўнай сцяны Беларусі Уладзімір Караткевіч напісаў у адным са сваіх праграмных вершаў: “Чалавек прыходзіць з-за далёкіх, чужых нам меж і здзіўляецца: што вы за нацыя, хай вас халера, што ні дом – сотні кніг! Гэта правільна, дружа, іначай бы мы не былі ні народам, ні нацыяй, а гноем, хімерай”. Таму і не дзіўна, што беларус, “выходзячы пад бомбы ў дарогу, мае – у сэрцы Бога, а ў кайстры – Багдановіча, Танка, Купалу, Коласа, Панчанку і Эклезіяста”. Нам трэба радавацца кожнай таленавітай беларускай кнізе – з яе выхадам ахоўная сцяна Беларусі мацнее”, – падкрэсліў пісьменнік.

Спадарыня Таццяна захапіла школьнікаў віртуозным выкананнем песень на вершы беларускіх класікаў, пацвердзіўшы вышэй сказаныя словы. Некалькі вясёлых народных песень прагучалі ў імправізаваным харавым выкананні, у якім удзельнічалі і вучні, і настаўнікі.

3 красавіка творча-сямейны дуэт Яраша і Аксаны Малішэўскіх зноўку завітаў у дзіцячую мінскую бібліятэку – на гэты раз № 16. Госці адразу ж апынуліся ў прыязнай і цёплай атмасферы, якая выявілася дужа сугучнай з цудоўным веснавым днём. Дзякуючы душэўнаму настрою, створанаму супрацоўнікамі бібліятэкі і настаўнікамі, выступ перад навучэнцамі чацвертых класаў праходзіў лёгка і нязмушана. Тэма стагоддзя ўтварэння Беларускай Народнай Рэспублікі сталася адным са стрыжняў, на якіх будавалася імпрэза. Практычна адразу быў наладжаны “кантактны мост” паміж слухачамі і выступоўцамі. Спадарыня Аксана як пісьменніца, дэманструючы свае кнігі, апавядала пра сваю ўнікальную калекцыю жабак, а спадар Яраш – пра зборы музычных інструментаў, частку якіх ён узяў з сабою для дэманстрацыі. Слухачы даведаліся пра дуду і акарыну, пішчык і варган, дудкі і жалейкі. Па-сяброўску цёплая і плённая сустрэча не пакінула раўнадушным ніводнага наведвальніка.

А 4 красавіка ў кніжнай краме “Акадэмкніга” адбылася аўтограф-сесія Пятра Васючэнкі. Тут прэзентавался яго новая кніга “Дзівоснае лета паноў Кубліцкага ды Заблоцкага”. Раман-казка стаў працягам прыгодаў знаёмых чытачам ажно з 1989 года герояў. Наведвальнікі крамы з цікавасцю слухалі спадара аўтара, з удзячнасцю атрымлівалі ад яго аўтографы на толькі што набытых кнігах. Тут жа прысутнічала і мастачка, якая афармляла кнігу, Хрысціна Баранава.

Больш падрабязна гл.тут

P.S. Калі Вы жадаеце зладзіць цікавую сустрэчу з “Будзьма беларусамі!” у сваёй мясцовасці, пішыце на скрыню: stasyaky88@gmail.com – будзем рады новым сябрам!