Музычная драма ў дзвюх дзеях

А творы вельмі розныя. Гэта гісторыя хлопчыка, які ўпершыню сутыкнуўся з маразмам свету і адкрыў для сябе, што таксама з’яўляецца часткай камічнага і брыдкага дзейства. Гісторыя юнага музыкі, улюбёнага ў сваё мастацтва настолькі, што невясёлыя карцінкі нашай роднай правінцыі не палохаюць яго ― адно дадаюць іроніі ў музыку, якая толькі пачала нараджацца. Юнак ператвараецца ў вайскоўца, а што такое войска – казаць не трэба. І зноў – у моры алкаголю уратавальнай выспай паўстае яна, музыка.

У асобных выпадках Юры Несцярэнка дасягае ледзве не гофманаўскай фантасмагарычнасці, іншыя яго навелы адгукаюцца амаль цвейгаўскім сумам. Але гэтыя “ледзве” і “амаль” паўсталі слупамі на мяжы іроніі і мастацтва. Перасягнуць яе аўтару ўдаецца вельмі рэдка, у асобных апісаннях (прыкладам, “несувымерныя фігуры” старога і слана, заспетыя прыцемкамі). Або – у асобных сюжэтах. Навелы яго (“Той, хто ў курсе, ― не паверыць”, “Трубач перад брамай зары”) поўныя драматызму, якога магло б хапіць на паўп’есы Шэкспіра.

Але іронія, у якую аўтар закаваўся наглуха і ёй жа ўзброіўся, праступае ў стылі, мове і, на жаль, не дазваляе навелам падняцца вышэй за выпад у бок бязглуздай рэчаіснасці. Іронія гэтая часам мяккая, блізкая да дабрадушнага пакеплівання; часам – горкая, вострая і набліжаецца да цынічнага сцёбу.

І ўсё ж за смехам праступае нешта большае.

Героі Юрыя Несцярэнкі падзяляюцца на два лагеры – дзівакі-рамантыкі, яны ж музыкі, і шэрая маса, глухая да тонкіх мелодый. Узрушыць іх могуць толькі першабытныя рытмы і бой барабану. Не раз аўтар апісвае спробы гэтых людзей наблізіцца да прыўкраснага. У выніку яны руйнуюць ударную ўстаноўку, ломяцца на святочную сцэну – словам, яны разбуральнікі, у адрозненне ад стваральнікаў-музыкаў. Калі тыя бачаць у музыцы сродак павесяліцца, аўтар даводзіць іншае: музыка – аснова свету. Прынамсі, яго асабістага.

У “Сазе пра школу музыкі” ён адкрыта разважае пра прыроду гэтага мастацтва, задаецца пытаннем: “З’яўляемся мы першапачатковымі стваральнікамі і адзінымі ды апошнімі спажыўцамі вынікаў гульні з рэзанансам гукавых хваляў ці толькі медыумамі, якія аднекуль атрымліваюць і перадаюць далей нешта такое, што закранае нас, магчыма, толькі на падсвядомым узроўні?”. Уласна кажучы, гэта і ёсць адно з галоўных пытанняў кнігі.

Юры Несцярэнка падчас аднаго з выступленняў

Што цікава, тыя самыя дзівакі-рамантыкі, якія шукаюць адказ на пытанне, пакутуюць ад супярэчнасці: ім абрыдла хлусня, у якой людзі захраслі, якая падступае да горла; яны прагнуць праўды; і ў той жа час ― баяцца яе, шукаюць гармоніі і збягаюць у музыку (перафразуючы цытату з “Аднакласнікі.gov”, шлях да эскапізму не мае брамы, тысячы дарог вядуць да яго, і той, хто пройдзе праз гэтую заставу, будзе жыць вольна – адзін у цэлым свеце).

Зрэшты, усе “станоўчыя” (азначэнне ўмоўнае) героі “Звычайнага шоу-бізнесу” ― адбіткі аўтара; па вялікім рахунку, усе яны адзін і той жа герой.

Заўважная яшчэ адна супярэчнасць, а лепей сказаць, неадпаведнасць –  між тым, пра што гаворыць аўтар, і як ён пра гэта гаворыць. “Трубач перад брамай зары” ў іншай танальнасці мог прагучаць не як эксцэнтрычная замалёўка пра вар’ята, але як прытча ― такі яркі вобраз стаіць у цэнтры апавядання. Трубач мкнецца з кветкамі да Прэзідэнта, каб выкласці яму сваю светлую мару... Пазнавальны партрэт.

Але з іншага боку ― як іначай? Без пасмейвання расповеды пра сумнае ператварыліся б у песні- жальбы, а яны не да твару сталаму аўтару. Ці, што яшчэ горш, ― у пасрэдныя мемуары. А так – так мы бачым сціплы помнік мужнасці айчынным музыкам (і выпускнікам Інстытута культуры ў цэлым).

“Прывітанне з Лас-Вегаса” і “Адно пытанне” расхінаюць прорву між насельнікамі разбітага сацыялістычнага лагеру і дзецьмі капіталізму. “Адпаведны рай” і “Чатыры погляды на праблему абутку” (для апошняга Юры Несцярэнка знайшоў надзвычай удалую форму) наноў заводзяць кружэлку пад назвай Праўда; гукі яе рэзкія і малапрыемныя – акурат ігра саксафаніста Мата Густафсана ў “Сазе пра школу музыкі”, але ў тым і ўдача названых твораў. Згаданы раней “Падарунак здалёк” самы багаты на мастацкія дэталі, самы маляўнічы.

Аматары чытаць кнігі з канца ў выпадку са “Звычайным шоу-бізнесам” аказваюцца ў выйгрышным становішчы. “Перамены” (якіх так прагнуць нашыя сэрцы – і сэрца аўтара) можна лічыць ключом да ўсёй кнігі.

“Мацней зашумела лісцё, пахавалія прыгожыя кветкі, гучней зарыпелі моцныя ствалы...”; “Трава, што слалася пад імі, поўнілася ледзь улоўнымі гукамі: ці то нейкія жывыя істоты стваралі іх, ці то сама трава жыла ўласным жыццём”.

Музыка без нот, створаная не чалавекам, а прыродай, гучанне самога свету – вось што сапраўды мае значэнне. На тым і трымаецца звычайны шоу-бізнес (чытай: камічнае быццё, якое апісвае аўтар): па адзін бок – праўда, што прабіваецца праз хлусню, як трава з-пад асфальту; па другі ― музыка, якая выступае то сэнсам існавання, то сродкам узняцца над брудам, то адлюстраваннем праўды і адным з яе складнікаў, часткай Мастацтва.

Не такія ўжо і гліняныя ногі, на якіх стаіць калос. Усведамленне гэтага, відаць, і дае аўтару сілы “працягваць шоу”.

Наста Грышчук, для lit-bel.org

Музыку Юрыя Несцярэнкі можна бясплатна спампаваць і паслухаць ТУТ.

Кнігу можна замовіць на KNIHI.BY