Музычны праект на вершы Алеся Чобата

Музычны праект на вершы Алеся Чобата

Алесь Чобат.

Менавіта на словы Алеся Чобата меркавалася запісаць будучы альбом гурта «Людзі на балоце». Чобат – паэт з мястэчку Скідаль, гісторык, перакладчык на беларускую Чэслава Мілаша. Яго паэзію называюць геніяльнай. Ён страціў зрок, летась атрымаў першую групу інваліднасьці, але працягвае пісаць.

Лідэр «Людзей на балоце» Алесь Дзянісаў стварыў цыкль песень на вершы Алеся Чобата са сборніка «Кароткая гісторыя Беларусі». Некаторыя зь іх ужо выконваліся гуртом на канцэртах. Але якраз падчас здымак відэа на песьню «Турма» Алесь падумаў пра тое, каб прэзэнтаваць гэты праект у сольнай якасьці, выканаць практычна пад адну гітару.  «Гэтыя вершы патрабуюць вельмі асьцярожнага падыхода і мінімальнай аранжыроўкі, бо словы могуць згубіцца ў тлуме інструмэнтаў. А мне хацелася бы зрабіць акцэнт менавіта на словы», – кажа музыка.

Валеры Руселік

Зьняць мінімалістычны кліп на песьню «Турма» задумаў Валер Руселік, журналіст і рэжысэр з Горадні. Дзянісаў ня лічыць гэты верш самым моцным у Чобата, але называе яго вельмі «кліпавым» і гарадзенскім. «Ён перадае гарадзенскі настрой. І, канечне, сам паэт нам бачыўся галоўным героем. Ён такі і атрымаўся ў кліпе: моцны, непахісны, такі гарадзенскі «хросны бацька». Апошні абаронца горада і паэзіі, апошні Паэт, які узвышаецца над натоўпам графаманаў і моднікаў ад літаратуры. Геніяльны паэт!».

Алесь Дзянісаў

Усе, хто зьяўляецца ў кліпе – гэта невыпадковыя людзі: флейтыст Вася, які выконвае ролю вулічнага музыкі; Дзянісаў – мінак, які падкурвае цыгарэту паэту; рэжысэр Руселік таксама зьяўляецца на момант, кідаючы грошы музыку на вуліцы… «Але самы невыпадковы чалавек там – Юра Седзянеўскі, які грае ролю турыста, – распавядае Дзянісаў. – Гэтаму хлопцу, думаю, павінен паціснуць руку кожны, хто яго ўбачыць. Юрка зараз апякае Чобата. Прыязджае да яго ў Скідаль, што ў 30 кілямэтрах ад Горадні, дзе жыве паэт у драўляным доміку, ходзіць зь ім у краму, дапамагае па гаспадарцы. Улічваючы, што Алесь Фёдаравіч цалкам сьляпы ўжо некалькі год, гэтая дапамога яму вельмі патрэбная. Дарэчы, сьлепата спадара Алеся, нам фактычна не замінала падчас здымкаў».

Стваральнікам відэа хацелася, каб Чобат застаўся ў гісторыі ў сваім клясычным вобразе: моцны чалавек у стылёвым скураным плашчы з тросьцю з галавой льва. І сапраўды паэт трымаўся вельмі мужна і цярпліва, выконваў просьбы апэратара, нягледзячы на пранізьлівы вецер і холад. Праўда вось сьнега не было. «Ну, што тут зробіш? Такая звычайная гарадзенская зіма», – кажа Алесь Дзянісаў.

Мяркуецца, што праект на словы Алеся Чобата Алесь Дзянісаў прэзэнтуе ўжывую ў Менску ў лютым 2015 году.

Tuzin.fm, фота Алеся Кіркевіча