Мядовую прэмію за 2017 год аддалі паблізу ад пчол-вытворцаў

Валерый Гапееў атрымлівае свой пуд мёду

Паблізу, таму што ад месцаў, дзе выпасвае сваіх пчол гаспадар, яны да Івацэвічаў часам лёгка могуць даляцець. Валерый Гапееў, жыхар гэтага горада, быў надзелены вядром мёду “за заўважныя літаратурныя дасягненні”. А гэта найперш раманы “Праклён”, “Пастка для рыцара”, “Ноч цмока” і апошняя кніга, “Мая мілая ведзьма”, якую аўтар з бачным задавальненнем, – “не парэзалі”, – зняў з горкі “меданосных” кніг і паказаў на ўручэнні прэміі ў суботу 24 лютага ў Пружанскім палацыку.

“Прэмія рэгіянальная, заснавальнік жыве паблізу, і правільна, што яна праз некалькі гадоў вандровак вярнулася ў Палацык”, – сказаў дырэктар музея-сядзібы Юрый Зялевіч.

Імпрэза прайшла ў прыязнай атмасферы, створанай найперш гаспадарамі дома і фундатарам прэміі, але і тутэйшымі інтэлектуалкамі, аматарамі літаратуры. Вядовец Мікола Пракаповіч паказаў свой нядаўні тэлефільм пра цяперашняга лаўрэата. З асацыятыўнага поля і з рамана Гапеева ўставіў у свае развагі вершы Алеся Каско і Марыі Мартысевіч. Літаратар, краязнавец і настаўнік Алесь Зайка ўсебакова ахарактарызаваў Валерыя Гапеева, з якім даўно знаёмы, і падараваў яму “загавораную” манету. Маўляў, калі пішаш містычныя тэксты, то няхай “містыка ад Зайкі” прынясе грошай на новыя кнігі.

Лаўрэат не адпіраўся ад містычных прэферэнцый. Але не напускаў туману, што выпадае чакаць ад тых, хто спавядае гэту філасофію. Наадварот, патлумачыў. “Містыка -- гэта калі мы не разумеем. Прыкладам, людзі пакінулі сялібу, сад. Яблыні праз дзесяць гадоў дзічэюць. А варта чалавеку вярнуцца – праз тыя сама дзесяць гадоў дрэвы зноў даюць плады свайго гатунку. Містыка? Яшчэ і якая. Між тым тлумачэнне ёсць. Чалавек не збірае ападкі, яны гніюць і змесцівам зернятак труцяць глебу”.

Журналіст, пісьменнік і лаўрэат распавёў, што прывяло з Гомельшчыны ў Івацэвічы (“даведаўся, што людзі цікавыя ёсць”), як працуе над сваімі творамі, і нават выдаў тое, што “нікому яшчэ не адкрываў”, – назоў новага рамана. ““Пазл”, НЕ мазаіка, – бо элементы ўлучаюцца адзін у адзін, маючы ўжо ў сабе элемент наступнага”. Зноў містыка? Так. “Мы ж дзейснім тое, што нам праектуе будучыня”. Далей быў ланцужок-тлумачэнне, а фактычна фабула рамана, даўжэйшы за “яблыневы” ў тры разы.

Што, баіцеся? Затрымцелі? Але і зацікавіліся, напэўна. Думаецца, тут аўтар выцэльвае без промаху. Хоць ён і прыводзіў прыклады, калі “адэкватныя людзі нечакана крытыкавалі твор ушчэнт”.

Гэта задало загадку. Падумалася: адно з двух. Або шмат згаданая на імпрэзе эротыка тут завінавацілася, – яна, як вядома, пасля бессэксоўнага ЭсЭсЭру новабеларускім літаратарам з галадухі ды інтуітыўнае ятры часам давалася і даецца з выразнымі рысамі парнаграфіі; але пры чым тут Гапееў – хутчэй варта дапусціць, што некаторыя чытачкі, хай сабе з той сама савецкай інерцыі, недалюбліваюць салодкую гэтую эротыку. Дык або эротыка, або, па-другое, грудзі. Запомніліся мне асабіста. Часам нават на свае смочкі паглядваю, нязмушана седзячы дома над новай эратаграмай. Грудзі адрэзаныя ... аёй. Дый яшчэ манашкіны. У-у, зладзеі!! Ну ды гэта не эротыка, вядома, і канфлікт няплаўна пераскоквае на плашчыню рэалізму ці натуралізму. Бадай што, менавіта за гэта атрыманы быў нечаканы і, як па мне, не зусім заслужаны поўны адлуп.

Вершы Валерыя Гапеева на слых асабіста мне спадабаліся менш. Але двухрадковы аргумент, які ён прыводзіць на сустрэчах з навучэнцамі\студэнтамі, – менавіта ім адрасаваная большасць твораў сёлетняга мядовіята, – кранае: “Каб не знікала наша мова \\ Ніколі з роднае зямлі”.

Адпавядала паэтыцы прозы Гапеева ў сваім выступе-інтэрмецца Настасся Хмель. Спадарыня адарвалася ад двух маленькіх дзяцей з Залесся, на краі Белавежскай пушчы, дзе жыве з мужам з нядаўняга часу. Песні прагучалі а capello і пад джамбей (від бубна). Фальклор арганічна нагадваў пра заклёны і нават меў гісторыю (“падслухала ў суседкі песню”). Гэта тое, што любіць Папека, таму ён нядоўга думаючы на месцы вылучыў пявунні Мікрамядовую прэмію – два літры мёду.

Мядовая прэмія была ўручана ў 16-ты раз. Двойчы літаратары атрымлівалі яе не за аўтарскія творы (2007, Леанід Галубовіч, за ўкладанне пасмяротнай кнігі Міколы Купрэева; 2013, Ніна Горык, за дзве кнігі ўзаемаперакладаў берасцейскіх і валынскіх паэтаў; тым самым прэмія набыла міжнародны статус).

Ці будзе сямнаццаты раз? У Палацыку Папека ўздыхаў, маўляў, цяжка. Але ж адступаць не выпадае, бо паабяцаў ужо. Або “ўжо паабяцаў”? Прынамсі, мы пра гэта пісалі. Ну то хай хоць і не выпадзе на той адрас, але спору.

Яўген Бяласін, фота аўтара, для lit-bel.org