Мястэчка - Космас - Грааль

Ала Сямёнава. Святло загадкі. У кн.: У святой краіне выгнання. Імпрэсіі, адлюстраванні. Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў “Кнігарня пісьменніка”, Мінск, Кнігазбор, 2011.

 

Кожны пісьменнік стварае сусвет –  ісціна настолькі ж банальная, як і сцверджанне, што асобны твор можа стаць выхадам у нацыянальны космас. У кнізе Алы Сяменавай “У святой краіне выгнання” твораў шмат – гэта і літаратуразнаўчыя эсэ, і рознага кштлту апавяданні, і імпрэсіі... Але я засяродзілася на цыкле апавяданняў “Святло загадкі”, які я б азначыла як аўтабіяграфічную аповесць.

Ала Сяменава, вядомая найперш як крытык, належыць да пакалення, чыё дзяцінства прыйшлося на ваенныя і пасляваенныя гады, а дэбют у літаратуры адбыўся ў легендарныя шасцідзесятыя, у часы хрушчоўскай адлігі. Беларускія літаратары, равеснікі Сямёнавай, пакінулі цэлы пласт прозы аўтабіяграфічнага кшталту. Прозы на сакральныя для беларускай савецкай літаратуры тэмы – вёска і вайна.

Мне цяжка ўявіць, каб Ала Сяменава напісала гэтую сваю аповесць у савецкі час –  настолькі нетыповая ў яе тэксце Беларусь, настолькі нетыповыя, несавецкія ў стэрэатыпным разуменні яе героі. Перад намі – свет беларускага заходняга мястэчка (у якім пазнаецца Наваградак). З руінамі старога замка, з гарой Міндоўга, з фарным касцёлам і жыхарамі, якія надзяюць на святы капелюшы і карункавыя пальчаткі, слухаюць паланэзы і спяваюць “Зорку Венеру”... 

 

Мястэчка 

Галоўная гераіня – дзяўчынка Дана – вяртаецца з эвакуацыі ў родны горад разам з маці і дзедам. Маці – адвакат, выкшталцоная шляхетная кабета, дзед – былы ссыльны, які ўпарта носіць канфедэратку, чытае ўнучцы верш Максіма Багдановіча “Пагоня”, цытуе Адама Міцкевіча і вязе на экскурсію ў Вільню, дзе паказвае касцёл, у якім браў шлюб... Дый дзяўчынка – здавалася б, савецкая школьніца, якая верыць у камунізм і ягоных правадыроў – чытае польскія дзіцячыя часопісы і жыццяпісы каталіцкіх святых, раманы пра Жыля Блаза і Робіна Гуда, сябруе з мнішкамі, якія падпольна служаць у зачыненым касцёле, і ведае песні пра Прасвятую дзеву Марыю... Паходжанне сям’і відавочна шляхецкае. 

Мястэчка, у якім адбываецца дзеянне, робіцца ўвасабленнем нацыянальнага беларускага Космасу. 

Дваістага космасу – бо, як даўно ўжо сфармулявана беларускімі філосафамі кшталту Ігната Абдзіраловіча, лёс беларусаў – быць на цывілізацыйным разломе, на сутыччы дзвюх цывілізацый, заходняй дэмакратыі і ўсходняй дэспатыі, і сінтэзаваць у сабе іх рысы...

“Раней гэта быў горад рыцараў і паэтаў. У пару сваіх ружовых мрояў і белых бантаў яна адчувала іх прысутнасць не толькі ў памяці чытаных кніг. І нават не толькі ў гэтым, спракаветным: “Дзве вежы вякі тут збіраюць на веча...”. Ёй здавалася – у самім паветры ёсць нешта куды больш адчувальнае, як сама рэальнасць атачэння. Водгук, водбліск ідэалаў мінулага, ідэалаў вечнага. Аблічча ж зямлі нібыта давала расшыфроўку душы гэтых мясцін”.

Калісьці Беларусь называлі краінай замкаў. Але доўгі час яе культуру ў асноўным вызначала культура мястэчак, разбураная савецкай сістэмай. У тэксте Алы Сямёнавай аднаўляецца гэты каларытны, непаўторны свет. 

Тыповае беларускае мястэчка – гэта скрыжаванне канфесій і нацый. 

Славутая беларуская талерантнасць насамрэч была не прыстасавальніцтвам, не змірэннем перад ворагам, а здольнасцю мірна ўжывацца з людзьмі розных канфесіяў і нацыянальнасцяў. Беларускае мястэчка – гэта пляц, па розныя бакі якога стаяць касцёл, царква, сінагога і мінарэт, і ўсе наведнікі гэтых храмаў ходзяць па святах на адзін кірмаш, і слухаюць разам вандроўных лірнікаў, і іх дзеці разам гойсаюць па кустоўях і гуляюць у хованкі. 

Дана сябруе і з дзяўчынкай Нэляй, якая прыехала з Масквы, і з габрэйкай Бэцяй. У доме Даны пякуць булкі на каталіцкі Вялікдзень, у доме Бэці на габрэйскую Пасху робяць мацу, і Бэця частуе ёю аднакласнікаў. Нават у кватэры гераіні адлюстраваны космас мястэчка: маці і Дана – каталічкі, іх прыслуга, вясковая дзяўчына Ніна – праваслаўная, а іх суседка, прадавачка Луіза Генрыхаўна – немка-пратэстантка. І ўсе дружна святкуюць свае святы, хаця агульнае свята ў іх толькі адно – Новы год. 

Мястэчка, якое апынулася ў складзе Савецкай Беларусі незадоўга да вайны, захавала ў сабе рысы еўрапейскага горада. Безумоўна, яго асавеччываюць, насяляюць прысланымі з усходу кадрамі. Мы бачым гэта толькі кропкава  –   кабета-чужынка бясконца слухае плыту з рускай песняй “Валенкі, валенкі...” і лузгае на вуліцы семкі, абураючы суседзяў. 

Безумоўна, тут адбываўся і адбываецца пошук “ворагаў народу” (гэта ж адразу пасля вайны, пры Сталіне)... Мы ведаем, як азвярэла зачышчаліся ў той час такія мястэчкі, пад якім падазрэннем былі ўсе “заходнікі”. Як раскулачвалі, высылалі, расстрэльвалі... Але ў тэксце мы гэтай трагедыі не бачым. Гераіня – маленькая Дана – успрымае ўсё навокал выключна праз уласны сусвет. 

 

Космас 

Дана належыць да савецкай гарадской эліты. Яе маці, адвакат, нават нейкі час служыла ў НКВД, хоць і была беспартыйнай. Дана жыве ў добрай службовай кватэры з прыслугай, мае прыгожыя сукенкі, не ведае, што такое голад... Яе атачэнне – юрысты, настаўнікі, гандляры. Толькі потым Дана даведваецца пра кагось са сваякоў ці суседзяў, што гэты сядзеў, той быў сасланы... 

Дана не асабліва задаецца пытаннем, што адбываецца ў судах, куды ходзіць ейная маці, і ці шмат бязвіннай крыві на руках тых службістаў, якія жывуць у іхнім доме, балююць на карпаратыўных святах. 

Тут не адбываецца вострага светапогляднага канфлікту, як у маленькага героя рамана Джона Бойна “Хлопчык у паласатай піжаме”: малы сын начальніка канцлагера няхай не разумее, але адчувае, што вакол робіцца нешта жахлівае. Вядома, для дзіцяці ўсё ёсць натуральным. Асабліва для дзіцяці спешчанага, засяроджанага на самім сабе. 

Дану не ўражваюць нават спрэчкі маці і дзеда наконт звычкі былога ссыльнага хадзіць па мястэчку ў шапцы-канфедэратцы:

“Я не хачу нічога хаваць, – даводзіў дзед – Я не злодзей. Я вярнуўся да сябе на радзіму”. Маці садзілася на канапу, запальвала папяросу “Казбек” – іншых не ўжывала – і выгляд у яе рабіўся такі, нібыта ўсе бядоты свету абрынуліся на яе. “Зразумей, тата, пачнуць высвятляць, што, калі, як. Мне абавязкова з гэтай нагоды нагадаюць не толькі пра мужа, які згінуў падчас вайны немаведама дзе. Але і паходжанне. І сасланага бацьку. І... А ў Даны наперадзе жыццё”.

Дзед урэшце з’язджае ў Сібір, дзе застаўся жыць малодшы сын, дзе ён пахаваў жонку. Але мы так і не дазнаемся – бо гэтага не дазналася і Дана – кім ён быў, за што быў рэпрэсаваны. Што азначала шапка-канфедэратка. 

Аўтарка падае многае ўжо з сённяшніх пазіцый. 

Каб тэкст пра тыя ж падзеі, у тых жа дэкарацыях пісаўся гадоў дваццаць-трыццаць таму, гераіня выглядала куды б больш савецкай. Але Сямёнава не спрабуе насуперак логіцы і фактам зрабіць гераіню (сябе) юнай дысідэнткай. І гэта добра – бо дазваляе праўдападобна рэканструяваць той свет, тую эпоху па дэталях, заўважаных (але не асэнсаваных) гераіняй. Дане і ў галаву не прыходзіць асуджаць савецкую рэчаіснасць. Толькі Дана-дарослая пачынае рэфлексаваць на гэтую тэму:

“Людзі Данчынага маленства – ці фарысействавалі, ці шчыра памыляліся, хто іх ведае, але цану памылкам сваім плацілі высокую, сваёй, не чужой, “гибелью всерьез”. Галіна Яўгенаўна, пазней старшыня абласнога суда ў Гродне, калі яе везлі ледзь не ў непрытомнасці, каб рабіць тэрмінова пункцыю спіннога мозгу, даводзіла, лежачы на насілках: “Завязіце мяне ў суд. Мне трэба здаць партыйныя дакументы”. Яна была сакратаркай палітбюро”.

Разважанні пра абсурднасць савецкай сістэмы – таксама разважанні аўтаркі, а не колішняй Даны. 

Дзяўчынка арганізоўвае з сябрамі цімураўскую каманду, грае ролю ў школьным спектаклі пра няшчасных паняволеных мурынаў і ганарыцца сваёй маці. 

Вось Дана падслухоўвае расповед, як судзілі хлопчыка, што скраў бохан хлеба, бо дома плакалі тры галодныя сястрычкі. Хлопчык на судзе прасіў суддзяў пашкадаваць яго так, як ён пашкадаваў сваіх сястрычак... Напэўна, дзяўчынку ўзрушыў гэты аповед. Але ў тэксце няма рэфлексіі на тэму голаду і несправядлівасці. Затое чытач атрымлівае характарастыку эпохі.

 

Грааль 

Асаблівасць тэксту яшчэ і ў тым, што Дана існуе больш у свеце кніжным, чым рэальным. 

Яна паглынае Стывенсана, Вальтэра Скота, Жуля Верна, Майна Рыдпа, Шэкспіра і Ралана, Стэндаля і Філдзінга, Галсуорсі і Растана... Тут даецца ў знакі цяперашняя эрудыцыя аўтакі: тэкст перанасычаны цытатамі, алюзіямі на творы сусветнай літаратуры і філасофіі, што стварае некаторую штучнасць. Няхай Сямёнава сумленна, але трохі манерна папярэджвае:

“Увогуле галава Даны была забітая цытатамі, рэмінісцэнцыямі і ведамі, якія чамусьці ў яе жыцці не маглі прыдасца, і, падобна, наканавана было ім адысці разам з ёю”.

Напэўна, менавіта таму ў аповесці практычна няма гісторый – а менавіта з выразных, жыццёвых гісторый зазвычай і будуюцца тэксты падобнага кшталту. Замест іх маем імпрэсіі. 

Мы бачым вачыма гераіні яе суседзяў, знаёмых, сяброў, бачым, як яны выглядаюць, як апранаюцца, якія пачуцці выклікаюць у гераіні... Але не даведваемся пра іх амаль нічога. Затое мы чуем мноства кніжных асацыяцый, якія ўсе гэтыя людзі выклікаюць у гераіні, бясконца далёкай, як мы разумеем, ад сапраўднага жыцця мястэчка і ад праблемаў яго шараговых жыхароў. 

 

Мала гісторый і з жыцця самой Даны – больш плыні свядомасці. Думаецца, гэтаму тэксту бракуе не толькі заглыбленасці ў жыццё, але і простасці аповеду. 

Калі б тут паслядоўна гучаў голас дзіцяці, падзеі ўспрымаліся б больш пранізліва і яскрава. Хацелася б, каб у тэксце было больш падзей, а не рэфлексій. Як у “Віне з дзьмухаўцоў” Брэдберы, ці ў аповесці “Мы – хлопцы жывучыя” беларускага пісьменніка Івана Сяркова, які апісвае сваё галоднае дзяцінства ў пасляваеннай вёсцы. Мы бачым, як малы герой Сяркова лечыць каросту толам, выкалупаным з авіябомбы, спрабуе зрабіць “крупарушку” для бабулі, высочвае паліцая, які хаваецца ў сутарэнні... Для Даны падобнае жыццё – паралельнае, жыццё чалавека з іншага кола. 

Характэрным падаецца выпадак, калі Дана, зачараваная спевам у касцёле, нарэшце знаёміцца са спявачкай, і страшэна расчароўваецца, што тая – “будзённага выгляду жанчына, у шараватай паркалёвай сукенцы”. Дана адмаўляецца прызнаваць за гэтай нецікавай асобай права на той рамантычны голас і пагардліва перарывае знаёмства. 

Асобна трэба адзначыць духоўную тэму. У веры – нестыкоўка Даны з савецкай рэчаіснасцю. Расце яна ў пабожнай сям’і, дзе сямейнікі, як і ўсе ў мястэчку, трымаюць пост, адзначаюць Каляды, Вялідзень.У свеце Даны ёсць Біблія, пра якую нельга згадваць у школе, імшы ў касцёле, які афіцыйна зачынены, размовы з мнішкамі... Усведамленне, што сяброўка Хрысціна заўсёды ходзіць у касцёл з маці, а Дана – адна. Адвакат, як афіцыйная асоба, не можа гэтага рабіць. Яшчэ адзін з персанажаў аповесці – Анёл, абстрагаваная, умоўная фігура – назірае за жыццём Даны. Праўда, гэта не ўносіць у тэкст нічога новага і мае толькі сімвалічную нагрузку. 

 

Твор “Святло загадкі”, безумоўна, заслугоўвае ўвагі. 

У ім ёсць настрой і атмасфера. Ёсць унікальны партрэт эпохі. Ёсць архетып - абагулены вобраз беларускага мястэчка як “горада рыцараў і паэтаў”, дзе жывуць нацыянальна свядомыя, талерантныя ў лепшым сэнсе гэтага слова, працалюбныя і пабожныя людзі. Усё гэта ўзбагачае ўяўленне пра Беларусь і беларуса, разбурае існыя на гэты конт стэрэатыпы. 

 

Людміла Рублеўская,

bellitaward.blogspot.com