"Мястэчка G... ...і ваколіцы..." — новая кніга Віктара Шалкевіча

У серыі "Кнігарня пісьменніка" ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" выйшла новая кніга прозы вядомага барда і літаратара Віктара Шалкевіча, у якую ўвайшлі дзевятнаццаць апавяданняў і п'еса. 

"Гэта кніга перадусім не пра мястэчка G. і ваколіцы, а пра людзей, якія там жылі, таму што без людзей любое мястэчка робіцца звыклаю горбаю камення. Гэтая кніга пра нашую прыгожую страчаную Айчыну — Вялікае Княства Літоўскае… Яго даўно няма на мапах, тым не менш яно дзесьці глыбока сядзіць у кожным з нас.

  Мястэчка G 

Мястэчка было маленькае, бруднае і беднае, стаяла на рацэ, якая спрадвеку цякла ў Балтыйскае мора. Мора было далёка, а як выглядала - чорт яго ведае - ніхто не ўяўляў і не бачыў... Можа, дзяды і прадзеды калісь...

Пра раку спяваліся розныя інтымна-лірычныя і ваенна-патрыятычныя песні, у якіх яна абвяшчалася ледзь што не фарпостам усходняй візантыйскай цывілізацыі, Кронанам і Барысфенам, крыніцай ісцінна-сапраўднай Веры і Бацькам усіх людзей, жывучых на яе левым і правым берагах, хаця якраз бацьку яна меней за ўсё прыпамінала, была рака не вельмі вялікая, нячысценькая, у некаторых месцах, дзе з іржавых трубаў  у яе ўліваліся падазронага колеру вадкасці, увогуле нагадвалі падручнік па хіміі для сёмага класа, а ўлетку, калі мялела, усялякая адважная варона каб схацела, то перайшла б яе пехатою... А калісьці, кажуць, па ёй сунуліся цяжкія віціны ці лайбы з таварамі аж у міфічную Усходнюю Прусію, альбо з самога Кіева даплывалі да тутэйшага замка на горцы чаўны з рознымі легендарнымі рускімі князямі і цівунамі..."

 

 

 

 

Мястэчка G... ...і ваколіцы...: дзевятнаццаць апавяданняў і п'еса / Віктар Шалкевіч. - Мінск: Кнігазбор, 2012. - 112 с. - (Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў "Кнігарня пісьменніка"; вып. 30).

 

 

Пра аўтара:

Віктар Шалкевіч нар. 9 лютага 1959 г. у Поразаве Гарадзенскай вобласці. Скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. Працаваў у Гарадзенскім абласным драматычным тэатры, выкладчыкам культасветвучэльні і ў тэатры лялек у Горадні. Бард, акцёр, пісьменнік. Узнагароджаны міжнародным Ордэнам усмешкі, лаўрэат рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў аўтарскай песні. З канцэртамі выступае ў Беларусі, Летуве, Нямеччыне, Польшчы, Расіі, Украіне, Францыі, Чэхіі. Тэксты песень перакладзены на ангельскую , нямецкую, польскую, украінскую і чэшскую мовы. Аўтар шэрагу аўдыёдыскаў, а таксама кніг паэзіі і прозы. Жыве ў Горадні.

Прэсавая служба СБП