Міжнародны дзень дзіцячай кнігі адзначаюць сёння

Традыцыйна штогод адзін з самых папулярных дзіцячых пісьменнікаў сучаснасці звяртаецца да маленькіх чытачоў з Пасланнем дзецям свету. Зазвычай да літаратара далучаецца і мастак, які піша плакат, прысвечаны Міжнароднаму дню дзіцячай кнігі.

Віншуем усіх аўтараў, а таксама дарослых і маленькіх чытачоў! І запрашаем маладых пісьменнікаў паўдзельнічаць са сваімі творамі, адрасаванымі дзецям, у конкурсе “Экслібрыс” імя Янкі Маўра — падрабязнасці тут.

З нагоды свята вучаніца мінскай сярэдняй школы Алеся Мешкуць у газеце “Звязда” пагаварыла са сваімі равеснікамі пра іх улюбёныя кнігі, а таксама пра іх самую першую кнігу.

ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"

"Самастойнасці вучылася ў... Дзядзькі Фёдара"

З чаго пачынаецца дзяцінства? З калыханкі на ноч і прыемных кніжных радкоў. У малым узросце мы слухалі казкі, легенды і бралі з гэтых мудрых кніг для сябе самае цікавае. У школьныя гады лепшыя сябры — падручнікі. З іх мы запаміналі ўжо не самае цікавае, а самае карыснае і патрэбнае. І калі мы выпадкова забывалі пакласці падручнік у свой і без таго цяжкі заплечнік, настаўнік пытаўся: "А галаву ты дома не забыў?"

У сучасным рэйтынгу самых папулярных твораў для малодшага пакалення першыя месцы займаюць творы пра Гары Потэра, Молі Мун і іншыя вынікі фантазіі замежных аўтараў. А я расла на кнігах "Пра Веру і Анфісу" Эдуарда Успенскага, "Залаты ключык, або Прыгоды Бураціна" Аляксея Талстога... Асабліва любіла гісторыі пра Прастаквашына Эдуарда Успенскага. Прачытала ўсе часткі і магу сказаць, што гэтая кніга паўплывала на станаўленне майго характару. Гледзячы на Дзядзьку Фёдара, я вучылася самастойнасці, добрым звычкам, любові да жывёл, мэтанакіраванасці. Назіраючы за жывёламі, я вучылася пераадольваць ляноту, быць разважлівай, добрай, дапамагаць іншым. А больш за ўсё мне падабаліся рамантычныя гісторыі пра Фёдара і яго каханую дзяўчынку Кацю. Напэўна, таму я зараз люблю чытаць раманы. Сярод маіх любімых дзіцячых кніг таксама ёсць "Мэры Попінс" Памэлы Трэверс і розныя энцыклапедыі. Хутка прагледзеўшы шкалу рэйтынгу, я знайшла старых сяброў: Карлсана, Віні-Пуха, Дзяніску з яго апавяданнямі... А якія кнігі дзяцінства любяць і памятаюць сучасныя падлеткі?

Хрысціна Скуратовіч, 16 гадоў, вучаніца гімназіі № 24 г. Мінска:

— У дзяцінстве я, як і многія, любіла чытаць Агнію Барто. Мне вельмі падабаліся яе вершы. Увогуле любіла чытаць класіку жанру. Кнігі "Кот у ботах", "Прыгоды Дзядзькі Фёдара" — мае любімыя, а казкі пра "Калабка" і "Курачку Рабу" ведаю на памяць! Яшчэ вельмі паважаю творы Лідзіі Чарскай і Юліі Вазнясенскай. Іх кнігі адкрылі мне вочы на многія рэчы. Пішуць яны настолькі цікава і ярка, што даволі аб'ёмны твор я "праглынала" за раз, без перапынкаў. Яшчэ я заўважыла такую асаблівасць: калі чытаеш добрую кнігу, перагортваючы апошнюю старонку, адчуваеш, што нейкая частка цябе спусташаецца, бо ты ўвесь гэты час жыў разам з героем, глядзеў яго вачыма на навакольны свет, перажываў. Я лічу, што трэба як мага больш чытаць кніг асабліва ў дзіцячым узросце, бо яны вучаць шмат чаму: любіць, сябраваць, марыць... У мяне ёсць два малодшыя браты. Дзіўную фантастыку замежных аўтараў яны не чытаюць — аддаюць перавагу старым добрым кнігам Эдуарда Успенскага, Агніі Барто, казкам, аповесцям.

Хрысціна Шумай, 16 гадоў, вучаніца ліцэя № 2 г. Мінска:

— Як толькі я навучылася гаварыць і хадзіць, мне стала цікавай кожная рэч на свеце. Заўсёды ўсё распытвала ў дарослых, але большую частку ведаў чэрпала з кніг. І зараз з радасцю чытаю сваёй маленькай пляменніцы ўжо затузаную, але самую любімую кнігу дзяцінства — "Дзяніскавы апавяданні" Віктара Драгунскага. Кожная яе старонка мяне чаму-небудзь навучыла. Напрыклад, дзякуючы першай частцы я на ўсё жыццё запомніла залатое правіла: "Усё таемнае заўсёды становіцца відавочным". З фантастыкі чытала адну кнігу пра Таню Гротэр. Вельмі сумны твор. Потым упрасіла бацькоў купіць другую частку, але так, на жаль, і не прачытала яе. Цяпер шмат кніг аддала ў дзіцячы дом. Хачу, каб дзеткі таксама бралі для сябе шмат карыснага з гэтых кніжак — нашых мудрых і верных сяброў.

Яўгенія Калеснік, 17 гадоў, вучаніца сярэдняй школы № 25 г. Мінска:

— У дзяцінстве маёй першай кнігай быў не буквар, а падораны мамай на мой ПЯТЫ дзень нараджэння зборнік казак. Называўся ён сімвалічна — "Залатая скарбніца казак № 1". І гэтая кніга аказалася па-сапраўднаму "залатой"! У ёй сабрана 365 самых цікавых казак — па адной на кожны дзень. Таксама творы дапоўнены гульнямі, што вельмі захапляе і развівае. Цяпер гэтай кнізе ўжо больш за 11 гадоў. І я чытаю яе сваім малодшым сястрычкам, каб яны вучыліся такім простым і неабходным рэчам, як дабро, любоў, сяброўства і вера ў сябе.

Алеся Мешкуць, вучаніца СШ № 215 г. Мінска

газета "Звязда"