Міжнародны дзень паэзіі адсвяткавалі ў Магілёве

21 сакавіка ў Магілёўскай абласной бібліятэцы намаганнямі грамадскага аб’яднання “Рускае культурна-асветніцкае грамадства” ў межах святкавання Міжнароднага дня паэзіі быў праведзены круглы стол “Роля сучаснай літаратуры ў грамадска-патрыятычным выхаванні моладзі”.
Для ўдзелу былі запрошаны прадстаўнікі мясцовых грамадскіх суполак, у тым ліку ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” і Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны.
Удзельнікі акрэслілі і абмеркавалі шырокае кола пытанняў развіцця сучаснай літаратуры, школьнага выхавання, фарміравання высокаінтэлектуальнай асобы сённяшняга беларуса, які павінен упэўнена глядзець у сваю будучыню.
Тамара Аўсяннікава
Аб працы гарадскога літаратурнага клуба “Святліца” распавяла яго кіраўнік, сябра СБП Тамара Аўсяннікава. Яна пазначыла ўсе праблемныя кропкі гэтай дзейнасці і падкрэсліла, што сярод маладых творцаў мацнее імкненне да беларускай мовы і цікавасць да сваіх вытокаў. Удзельнікі “Святліцы” Алена Быкава і Настасся Падрабінкіна прачыталі свае вершы, прысвечаныя роднай мове і Айчыне.
Алена Быкава
Настасся Падрабінкіна
Пра крэатыўныя напрацоўкі ў сваёй працы расказаў настаўнік беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 1, сябра ТБМ імя Ф. Скарыны Юрась Каласоўскі.
Мікола Яцкоў і Юрась Каласоўскі
Старшыня Магілёўскага абласнога аддзялення СБП Мікола Яцкоў адзначыў неабходнасць аб’яднання намаганняў усіх творчых суполак у справе далучэння моладзі да плыняў беларускамоўнасці, нацыянальнай свядомасці і гістарычнай памяці.
Алена Маслова ганаруе Тамару Аўсяннікаву
У працы круглага стала ўдзельнічала дарадца Пасольства Расіі ў Рэспубліцы Беларусь Алена Маслова, якая ўручыла памятныя падарункі асобным выступоўцам, у тым ліку і Тамары Аўсяннікавай.
Ул. інф. Магілёўскага абласнога аддзялення СБП