Міжнародны форум даследчыкаў беларускай казкі
Нацыянальная акадэмія навук Беларусі
Аддзяленне гуманітарных навук і мастацтваў
Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры
МІЖНАРОДНЫ ФОРУМ ДАСЛЕДЧЫКАЎ БЕЛАРУСКАЙ КАЗКІ
17–19 мая 2018 г.
Казачны эпас – найбуйнейшы здабытак беларускай нацыянальнай культуры, які і сёння захоўвае сваё эстэтычнае, пазнавальнае і выхаваўчае значэнне. Беларускія казкі, будучы трывала ўбудаванымі ў сусветную казкавую скарбніцу, характарызуюцца шэрагам асаблівасцяў на розных узроўнях – сюжэтна-вобразным, матыўным, а таксама вылучаюцца мовай, якая тут набывае асаблівы каларыт, чысціню і выразнасць. Развіццё пісьмовай беларускай культуры натуральна прывяло да ўзнікнення і пашырэння аўтарскіх казак. Традыцыі казачнай літаратуры ў жыцці беларускага народа вельмі моцныя і трывалыя. Гэта адзін са складнікаў нацыятварэння беларусаў. І ўсё ж сучасныя цывілізацыйныя працэсы адсоўваюць казку на перыферыю прыгожага пісьменства. Таму ёсць патрэба акцэнтаваць важнасць мастацтва казкі для грамадства ў цэлым і асобы ў прыватнасці.
У межах форума адбудзецца:
Міжнародная навуковая канферэнцыя «Народная казкавая проза ў еўрапейскай прасторы: архаічная традыцыя vs сучасная інтэрпрэтацыя»
(Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы)
Праблемнае поле канферэнцыі:
-
Гісторыя вывучэння і збірання казкавай прозы;
-
Асоба і тыпы казачнікаў;
-
Паэтыка народнай і літаратурнай казкі;
-
Сістэма персанажаў народных казак;
-
Слова ў казкавым маўленні, стылістыка казкі;
-
Узаемаўплывы і паралелі ў казкавым фальклоры;
-
Развіццё і трансфармацыя казкавага жанру;
-
Класіфікацыя казак і паказальнікі сюжэтаў;
-
Інтэрпрэтацыя народнай казкі ў літаратуры і мастацтве (выяўленчым, тэатральным, музычным, экранным);
-
Мастацтва расказвання (storytelling) як з’ява сучаснай культуры;
-
Казкі ў медыяпрасторы.
Адкрыты круглы стол
«Сучасная літаратурная казка: паміж выдумкай і праўдай»
(Інстытут літаратуразнаўства імя Янкі Купалы)
Праблемнае поле дыскусіі:
-
шляхі развіцця жанру аўтарскай казкі ў беларускай літаратуры;
-
свет казкі як terra incognita беларускага літаратуразнаўства;
-
аўтарская казка для дзяцей і дарослых: супольнае і адрознае;
-
феномен цуду ў сучаснай літаратурнай казцы;
-
казка і фэнтэзі;
-
літаратурная казка і гарадскі фальклор.
Таксама запланавана:
-
паказ беларускіх анімацыйных фільмаў-казак;
-
аўдыёэкспазіцыя аўтэнтычных беларускіх казак з Калекцыі фальклорных запісаў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі;
-
выступы народных казачнікаў і апавядальнікаў з розных раёнаў Беларусі;
-
прэзентацыя айчынных і замежных выданняў казак і інш.
Звяртаем Вашу ўвагу, што ў канферэнцыі прадугледжаны толькі вочны удзел!
Заяўкі на ўдзел дасылайце да 15 красавіка 2018 года на адрас forumtales2018@gmail.com
Просім унесці адрас forumtales2018@gmail.com у адрасную кнігу, каб пазбегнуць пападання лістоў з дадзенага адраса ў папку «спам».
Іншагародніх удзельнікаў канферэнцыі просім абавязкова ўказваць у заяўцы аб патрэбе ў дапамозе пры браніраванні гасцініцы. Браніраванне звычайна ажыццяўляецца ў гасцініцы «Акадэмічная» (вул. Сурганава, д. 7). З коштамі на пражыванне можна азнаёміцца на сайце гасцініцы: http://www.belhotel.by/?Academicheskaya.
Афіцыйнае персанальнае запрашэнне на канферэнцыю высылаецца па запыце.
Атрыманне матэрыялаў па электроннай пошце будзе пацверджана Арганізацыйным камітэтам. У выпадку неатрымання пацверджання (з паведамленнем аб прыняцці заяўкі да разгляду) на працягу тыдня просім прадубляваць Вашу заяўку яшчэ раз на электронны адрас: forumtales2018@gmail.com.
Рабочыя мовы форума: беларуская, руская, англійская.
Паводле матэрыялаў канферэнцыі плануецца выданне калектыўнай манаграфіі.
Адрас аргкамітэта: 220072, г. Мінск, вул. Сурганава, д. 1, к. 2,Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.