Міжваенны дзень жанчын

Аксана Данільчык

61 аўтарка. Трывожнае дваццацігоддзе між Першай ды Другой сусветнай. Незваротныя змены ў жыцці Беларусі. Радасць і страты, грамадзянскі энтузіязм і ціхае каханне — усё знайшло месца ў анталогіі жаночай паэзіі міжваеннага перыяду “Бліскавіцы”.

Віктар Жыбуль

Праца над кнігай, па словах укладальнікаў Віктара Жыбуля і Аксаны Данільчык, пачалася яшчэ ў 2011 годзе. Ініцыятарам у некаторым сэнсе сталася спадарыня Аксана: даследаванне творчасці Дантэ прывяло яе да Язэпа Пушчы, Пушча прывёў на “Узвышаўскія чытанні”, а чытанні паланілі творчасцю беларускіх паэтаў 20-30-х гадоў. Цікавасць да жаночай паэзіі гэтага перыяду пачалася для яе з Зінаіды Бандарынай і яе зборніка "Веснацвет" 1931 года, а ў працэсе далейшых даследаванняў сустракалася шмат імёнаў паэтак, многія з якіх былі ёй невядомыя. Падчас абмеркаванняў вынікаў з Віктарам Жыбулем, які таксама даследаваў творчасць паэтаў і паэтак гэтага перыяду, і ўзнікла ідэя стварэння анталогіі.

З вялікімі перапынкамі, пакінуўшы 20 чарнавікоў, яны дайшлі да шчаслівага фінала: праект падтрымаў Саюз беларускіх пісьменнікаў. Яго на прэзентацыі прадставіў старшыня Саюза Барыс Пятровіч: “Мне б вельмі хацелася, каб гэтая кніга патрапіла ў студэнцкія аўдыторыі. Многія вершы, якія друкуюцца ўпершыню, вартыя быць уключанымі ў навучальныя праграмы – калі не школьныя, дык універсітэцкія”.

Упершыню — вызначальнае слова для “Бліскавіцаў”. Упершыню ў беларускай літаратуры, як адзначыў Барыс Пятровіч, з’явілася такая анталогія. Упершыню згадваюцца многія прозвішчы: па прызнанні Віктара Жыбуля, са спісу аўтарак яму была вядомая толькі палова. Упершыню друкуюцца вершы Іды Чырвань, першай жонкі Кузьмы Чорнага; “Першы ўспамін” Эдзі Агняцвет, які парушае вобраз хрэстаматыйнай дзіцячай аўтаркі. “Бліскавіцы” адкрываюць імя Яніны Германовіч, жонкі Тодара Кляшторнага, якая таксама была паэткай. Што праўда, друкуецца толькі адзін верш – адзіны знойдзены.

Гэтаксама ўпершыню апублікаваныя вершы Ядвігі Бяганскай. Нататнік з рукапісамі нечакана знайшоўся ў фондах Валянціны Коўтун, у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва. Дырэктар музея Ганна Запартыка, якая прымала ўдзел у стварэнні кнігі, прыкладам, здабыла копіі газеты, дзе друкаваліся творы Іды Чырвань. Увогуле, укладальнікі вельмі актыўна карысталіся фондамі музея, у тым ліку – бібліятэкай рэдкіх выданняў.

Ганна Запартыка

“Фонд “Маладняка” дачакаўся свайго часу, — кажа спадарыня Ганна. — Так, ён і раней быў запатрабаваны, але рукапісы, якія здаваліся даследчыкам графаманскімі, так і заставаліся нечытанымі. Ніхто не даследаваў радкі, напісаныя жанчынамі таго часу: няхай нязграбныя, не адпаведныя высокаму мастацтву, але шчырыя, пранікнёныя. Гэтыя вершы таксама павінны жыць. І мяне вельмі цешыць, што іх цяпер прачытае не толькі выпадковы даследчык, але й шырокі чытач”.

Сапраўды, не ўсе гераіні “Бліскавіцаў” могуць звацца паэткамі. Ёсць у анталогіі тэксты-аднадзёнкі, агіткі, пацешныя рыфмаванкі, нават калгасныя запеўкі. Побач з імі – хрэстаматыйныя Ларыса Геніюш, Канстанцыя Буйло, Зоська Верас, Наталля Арсеннева… Але і яны паўстаюць у новым святле.

Неабходна ўсвядоміць, што “Бліскавіцы” – унікальнае выданне, якое толькі пачынае сваё жыццё. У кнізе – багатыя матэрыялы для сацыёлагаў, гісторыкаў, літаратуразнаўцаў, даследчыкаў гендарных пытанняў. Жыццё эпохі, надзённыя і патаемныя клопаты жанчын таго часу, адныя з якіх праглі вырвацца за межы пялюшак-рондаляў, а іншыя, наадварот, прамянялі “любы камсамол” на ціхае шчасце.

Актуальнасць выдання падкрэслілі Ганна Янкута і Юля Цімафеева. Доўгі час жаночая літаратура не ўспрымалася ўсур’ёз ані крытыкамі, ані чытачамі. Гісторыя літаратуры – мужчынская, і стваралі яе мужчыны. “Мне як паэтцы важна ведаць, хто быў перада мной, — кажа спадарыня Юля. — Мы, паэткі, не спрачаемся з нашымі папярэдніцамі, не абвяргаем іх. Мы з удзячнасцю чытаем. Узнаўляем для сябе сваю ж гісторыю. Гэта не проста тэкст – гэта кантэкст. Іхняя смеласць і адкрытасць, энергічнасць жаночага пісьма таго часу — усё гэта мне імпануе”. Для сучаснай жанчыны-творцы “Бліскавіцы” маюць глыбока асабістае значэнне.

Апошні акорд — песні Міхала Бараноўскага на словы аўтарак анталогіі, у прыватнасці, на вершы Ларысы Геніюш. Хто скажа, што гучаць яны несучасна?..

Кацярына Лях, тэкст і фота для lit-bel.org