НАТХНЁНАЯ ВІЛЕЙКА

30 сакавіка ў Палацы культуры горада Вілейка адбылася сустрэча старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў Алеся Пашкевіча ды паэта, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Сяргея Законнікава з сябрамі раённага літаратурнага аб’яднання імя Адама Гурыновіча “Натхненне”. Сябрыну папоўнілі сябры Маладэчанскага літаратурна-краязнаўчага таварыства “Агмень”. Нядзельная сустрэча адбылася ў межах акцыі “Будзьма разам!”, якую праводзіць СБП і “Літаратурная Беларусь”. “Агмень” (у адрозненне ад “Натхнення”, якому 20 гадоў) працуе пры Палацы культуры г.Маладэчна толькі 3 гады. Але за гэты кароткі час пабачылі свет альманахі “Прызнанне ў любові і каханні”, “Маладэчаншчына літаратурная” (укладальнік Міхась Казлоўскі), калектыўны зборнік паэтаў Маладэчаншчыны “Погляды”, а таксама зборнік вершаў Лідзіі Гардынец “Саламяны капялюшык”. Сваім наробкам і клопатамі перад прысутнымі падзяліліся стваральніца “Агменю” Ларыса Сысуль, кіраўнік суполкі Таццяна Атрошчанка. Чыталі вершы Ніна Мінчукова, Ларыса Барадака, Алена Ермаловіч (дачка Міколы Іванавіча Ермаловіча), Валянцін Цішко, Сяргей Ганусевіч. Апошні – малады паэт і кампазітар. Выступленне літаратараў Вілейшчыны пачала 10 гадовая паэтка Віка Шчэбет. Пра планы літсуполкі распавяла кіраўнік “Натхнення” Зінаіда Крупская. Чыталі свае творы паэтэсы Вольга Ляжэвіч, Марыя Томкавіч, Надзея Далёкая, Людміла Адамовіч, паэт (і намеснік дырэктара СШ №3 г.Вілейка) Уладзімір Томкавіч, Уладзімір Бірыла, паэт (і загадчык раённага аддзела культуры) Сяргей Паўлоўскі, настаўнік гісторыі Міхаіл Пастарнак. Гучалі прыпеўкі, дарыліся кнігі. Уаздобілі сустрэчу бардаўскія спевы Алеся Наркевіча і Алеся Алесіка. Напрыканцы выступілі Алесь Пашкевіч, які прэзентаваў прысутным выпускі “Літаратурнай Беларусі” ў газеце “Новы час” (у лютаўскім нумары была змешчана падборка “Вілейка паэтычная”) ды заклікаў літаратараў Вілейшчыны і Маладэчаншчыны да супрацы. Сяргею Законнікаву, які апекаваўся выданнем Вілейскага паэтычнага альманаху, падарылі дадатковы наклад ягонай кнігі “Гэта мы”, месцам выдання якой стала Вілейка. Сустрэча доўжылася тры гадзіны, і падчас яе хапіла месца таксама прыпеўкам, жартам ды гарбаце.