НЕЗАЛЕЖНЫЯ ВЫСТУПЫ

НЕЗАЛЕЖНЫЯ ВЫСТУПЫ

Сакавік быў актыўным месяцам па пісьменніцкіх і бардаўскіх выступах. Амаль усе яны – калі ладзіліся незалежна ад адукацыйна-ідэалагічных структур – праводзіліся пад знакам сакавіцкай вясны і абвешчанай 90 гадоў таму незалежнасці БНР. Ці не найбольш мястэчак і гарадоў наведаў са сваёй сяброўкай-гітарай Зміцер Бартосік. Адразу некалькі юбілейных тэмаў – апроч БНРаўскай – паклікалі ў сакавіку на сустрэчы ў Слуцк і Салігорск Уладзімера Арлова і Алеся Пашкевіча: 125-годдзе з дня нараджэння Францішка Аляхновіча ды 115-годдзе Максіма Гарэцкага. На вечарыне ў Слуцку больш гаварылася пра славутых землякоў ды чыталіся эсэ, прысвечаныя ім. У Салігорску, дзе зала гасцініцы “Алеся” была запоўненай цалкам, гаворка пайшла не толькі пра справы літаратурныя, але і грамадскія. Задавалася шмат пытанняў, і, здаецца, на ўсе былі знойдзеныя адказы. Алесь Пашкевіч чытаў прысутным старонкі свайго рамана-дакумента “Пляц волі”, прэзентаваў раман пра Уладзімера Дубоўку “Круг”. Уладзімер Арлоў прапанаваў у сваім выкананні нарысы з “Імёнаў свабоды” ды расказаў пра свае іншыя кнігі. На сустрэчах прэзентавалася і “Дарога” Івонкі Сурвілы, якая толькі-толькі выйшла ў бібліятэчцы “Радыё Свабода”. Таццяна Мазай