“НОВАЯ ЗЯМЛЯ” Ў КІЕВЕ

“НОВАЯ ЗЯМЛЯ” Ў КІЕВЕ

Напрыканцы мінулага месяца ў вестыбюлі кіеўскага Дома пісьменніка, што знаходзіцца ў некалькіх кроках ад знакамітага Хрэшчатыка і Адміністрацыі прэзідэнта, красавалася абвестка наступнага зместу: «Національна спілка письменників Украïни (Банкова, 2). “Мой родны кут, як ты мне мілы...” – П Р Е З Е Н Т А Ц І Я   КНІГІ ПЕРЕКЛАДУ ПОЕМІ  Я К У Б А  К О Л А С А  “Нова земля” – кращого твору білоруськоï епічноï поезіï ХХ століття (видавництво “Украïнський письменник”). Склад білоруськоï делегаціï: ...».
Далей ішоў пералік запрошаных на прэзентацыю з беларускага боку.
Маляўніча, па-гасцяннаму афармленая аб’ява спраўдзілася. Прэзентацыя адбылася. Размова аб перакладзе Коласаўскага шэдэўра на братнюю мову мела ўзаемазацікаўлены характар, прайшла ў дзелавой, творчай і адначасова сяброўскай атмасфкры. Удзельнікаў імпрэзы цёпла вітаў галава украінскай пісьменніцкай спілкі, знаны празаік, дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны Валадымір Яварыўскі. Прысутнічалі добра вядомыя на Беларусі Раман Лубкіўскі ды Іван Драч, адзін са старэйшых украінскіх пісьменнікаў Анатоль Дзімараў, намеснік кіраўніка Нацыянальнага саюза пісьменнікаў Украіны празаік і драматург Анатоль Крым, паэты і перакладчыкі Сяргей Баршчэўскі, Валерый Гужва, Юры Заўгародні, Анатоль Маісеенка (ён жа і дэкан філалагічнага факультэта Кіеўскага ўніверсітэта), публіцыст, літаратуразнаўца, прафесар Кіеўскага і Карлавага ўніверсітэтаў Аляксандр Панамарыў. З беларускага боку слова бралі Анатоль Вярцінскі, дачка старэйшага сына Якуба Коласа Вера Данілаўна Міцкевіч, Сяргей Законнікаў, Міхась Тычына і дацэнт Брэсцкага ўніверсітэта, украінка па нацыянальнасці Лідзія Дарошка, а таксама галоўны “віноўнік” імпрэзы – перакладчык “Новай зямлі” на ўкраінскую мову, лаўрэат прэміі імя Івана Франка Валерый Стралко. З пранікнёнымі словамі ўдзячнасці перакладчыку і ўсім, хто паспрыяў выданню преакладу ва Украіне, выступіла прадстаўніца Саюза ўкраінскіх беларусаў Ірына Аржахоўская. “Дзякуючы з’яўленню “Новай зямлі” на ўкраінскай мове мы станем яшчэ больш блізкімі адзін аднаму”, – сказала яна.