На Беласточчыне стартуе літаратурнае "Бязмежжа"

Чатырнаццаты літаратурны семінар "Бязмежжа" стартуе 5 лістапада сустрэчамі ў Беластоку, Бельску-Падляшскім ды Новым Ляўкове. У сёлетнім "Бязмежжы" прымуць удзел галоўны рэдактар часопіса "Дзеяслоў" Барыс Сачанка, старшыня ПЭН-цэнтра Андрэй Хадановіч.

Галоўны рэдактар тыднёвіка беларусаў у Польшчы "Ніва" Яўген Вапа кажа, што ў межах семінара ўдзельнікі будуць знаёміцца з апошнімі дасягненнямі беларускай літаратуры па абодва бакі мяжы:

– У гэтым годзе мы звяртаем увагу на лаўрэатаў конкурса "Дзеяслова", на тое чым жыве беларуская літаратура і ейныя выклікі. Тэму прадставяць Барыс Пятровіч і Андрэй Хадановіч, як старшыня беларускага ПЭН-цэнтра. Маем з’яву, якая нарадзілася ў гэтым годзе ў інтэрнэце – перакладчыцкі часопіс "Прайдзісвет". Будзе прэзентацыя кінастужак звязаных з беларускай меншасцю ў Польшчы і беларускай літаратурай – гэта кінастужкі Юрыя Каліны і Міколы Ваўранюка. Важным элементам "Бязмежжа" ў гэтым годзе будзе прэзентацыя нашай падляшскай адметнасці на гістарычным фоне.

Таксама ў межах семінара абдудуцца прэзентацыі двух выданняў Міхася Андрасюка, якія амаль адначасова пабачылі свет у Беларусі і Польшчы. Традыцыйна арганізатарам выступае Праграмная рада Тыднёвіка беларусаў у польшчы Ніва.

Праграма „Бязмежжа” арганізаванага Праграмнай радай Тыднёвіка "Ніва" і Беларускім саюзам у Польшчы ў Новым Ляўкове 5-7 лістапада 2010 г., пры фінансавай падтрымцы Міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі.

Паводле Радыё Рацыя.