На Берасцейшчыне падвялі вынікі конкурсу імя Корчака

Падведзеныя вынікі конкурсу, прысвечанага польскаму педагогу Янушу Корчаку. Споўнілася 70 гадоў з дня яго смерці. Конкурс праходзіў сярод вучняў брэсцкіх школ і Цэнтра пазашкольнай працы і быў арганізаваны Генеральным консульствам Рэспублікі Польшча сумесна з аддзелам адукацыі Брэсцкага гарвыканкама. У ім прынялі ўдзел больш за сто вучняў у намінацыях “Проза”, “Паэзія”, “Эсэ” і “Мастацкая праца”. 

Задаволенасць ад узроўню конкурсных работ выказвае Генеральны консул Рэспублікі Польшча ў Брэсце Ганна Навакоўска:

- Вельмі задаволена, што падвышаецца ўзровень, і што ёсць разуменне і з боку Цэнтра, і з боку ўладаў горада. Конкурс з года ў год карыстаецца большай папулярнасцю з боку беларускай моладзі. Спадзяюся, што ў будучыні таксама будзем праводзіць такія конкурсы.  

Пераможцы атрымалі дыпломы гарвыканкама і прызы Генеральнага консульства Рэспублікі Польшча. Гэта другі конкурс сярод школьнікаў, ініцыяваны польскім консульствам у Брэсце. Летась падобны конкурс быў прысвечаны сусветна вядомаму пісьменніку Чэславу Мілашу.

Алеся Лугавая, Беларускае Радыё Рацыя, Брэст

Фота аўтара