На Лунінеччыне адзначылі юбілей Мікалая Ільючыка

На пачатку загадчыца аддзела абслугоўвання бібліятэкі Валянціна Рагалінская пажадала юбіляру новых творчых і жыццёвых поспехаў, а бібліёграф Іна Бушыла пазнаёміла прысутных з біяграфіяй і літаратурнай творчасцю Мікалая Антонавіча. У зале была разгорнута выстава твораў Мікалая: кнігі прозы і паэзіі, публікацыі ў альманахах і часопісах, дыскі з песнямі на словы аўтара, а ёсць жа яшчэ шматлікія публікацыі ў газетах, дыпломы за перамогі ў журналісцкіх і фотамастацкіх конкурсах. Мікалай Антонавіч – сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Гасцям прапанавалі слайд-шоу: фотаздымкі і вершаваныя цытаты адлюстравалі асноўныя вехі жыцця і творчасці юбіляра. Гэта і дзяцінства ў роднай вёсцы Багданаўка, у працавітай і сумленнай шматдзетнай сям’і, і рызыкоўная ваенная служба, і студэнтцва, і праца ў МЧС, і, канечне ж, уласная сям’я – поруч з любімай жонкай і трыма сынамі, якія цяпер ужо студэнты.

У час вечарыны юбіляр чытаў свае вершы і празаічныя абразкі. Жонка Раіса выканала пад гітару некалькі песень на ягоныя вершы. Са шчырымі словамі і падарункамі звярнуліся да “віноўніка ўрачыстасці” калегі па творчасці Сцяпан Нефідовіч, Іван Панасюк, Віктар Пінігін, Людміла Хмялеўская, Галіна Брэзіна, Галіна Абрамчук, Святлана Гарда. Віталі Мікалая Ільючыка са святам таксама ягоныя сябры і сваякі.

А на наступны дзень юбілейная вечарына М.Ільючыка адбылася ў яго роднай Багданаўскай школе. Вечарыну падрыхтавалі настаўнікі-філолагі Вера Ільючык, Марыя Мялешка і Іна Кавалевіч. Юбіляр чытаў свае творы, адказваў на пытанні. Вучні і настаўнікі таксама прачыталі некалькі вершаў земляка.

Вадзім Жылко, Брэсцкае абласное аддзяленне СБП