На Мінскай кніжнай выставе прадставяць новую серыю "Беларускі радавод"

З 6 па 10 лютага пройдзе ХХ Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш. У яе межах плануецца прэзентацыя новай серыі "Беларускі радавод". Першая кніга прысвечаная роду Ваньковічаў.  

У ХХ Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы возьмуць удзел кнігавыдаўцы з 25 краін.

Паводле слоў намесніка міністра інфармацыі Беларусі Лідзіі Ананіч, у выставе возьмуць удзел прадстаўнікі Азербайджана, Арменіі, Венесуэлы, Германіі, Індыі, Ірана, Італіі, Казахстана, Кітая, Кубы, Літвы, Малдовы, Польшчы, Расіі, Славакіі, ЗША, Фінляндыі, Таджыкістана, Туркменістана, Турцыі, Украіны, Францыі. «Гэта гаворыць аб тым, што наша краіна з’яўляецца адным з найважнейшых удзельнікаў сусветнага кніжнага рынку», — падкрэсліла намеснік міністра.

Ганаровым госцем выставы-кірмаша ўжо ў другі раз стане Расія (упершыню яна была ў такім статусе ў 2006 годзе).

Ананіч таксама паведаміла, што ўпершыню ў межах кніжнай выставы-кірмаша будуць праводзіцца творчыя сустрэчы пад назвай «Таінства кніжнай старонкі», падчас якіх студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў будуць дэманстраваць свае работы па кніжным дызайне і графіцы. «Убачым там работы таленавітай моладзі з Беларусі і Расіі», — сказала Ананіч.

Яна адзначыла, што падчас выставы-кірмаша запланаваны прэзентацыі кніг, сустрэчы з аўтарамі, выдаўцамі, мастакамі, семінары і круглыя сталы.

Адным з самых значных мерапрыемстваў Ананіч назвала прадстаўленне праектаў выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя» імя Петруся Броўкі. У прыватнасці, будуць прэзентаваны кнігі «Беларусы ў фотаздымках Ісака Сербава. 1911–1912», фотаальбом «Полацк. 1150» і кніга «Ваньковічы» з новай серыі «Беларускі радавод».

nn.by