На Падляшшы прайшоў Беларускі Трыялог

Старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч даў свой адказ на гэтае пытанне:

– На гэтае пытанне “ці разумее Бог па-беларуску” адназначна адказаў сам Скарына, калі пераклаў на беларускую мову Біблію. Значыць была патрэба ў гэтым, значыць Бог захацеў, каб беларусы, якія жывуць на Беларусі, разумелі яго менавіта па-беларуску. Не праз лацінскую мову, не праз польскую ці стараславянскую, а менавіта праз беларускую. Таму Саюз беларускіх пісьменнікаў і кампанія “Будзьма беларусамі”, “Згуртаванне беларусаў свету Бацькаўшчына” пачалі кампанію “500-годнасць”, каб пра гэтую найзначнейшую падзею ў гісторыі Беларусі ведалі ва ўсёй Беларусі, каб ганарыліся ёй у кожнай сям’і.

Трыялог у Крынках прайшоў у 17-ты раз. Гэтае мерапрыемства ў свой час запачаткаваў выбітны беларускі і польскі пісьменнік і публіцыст Сакрат Яновіч, а цяпер справу працягвае Фонд Villa Sokrates.

Сёлетнія сустрэчы завершыліся музычнымі выступамі. Гурт Re1ikt і Сяргей Доўгушаў, між іншым, прэзентавалі некалькі песень, сабраных у Брагінскім раёне Беларусі, а гурт Port Mone выступіў супольна з падляшскім творцам і музыкам Юркам Асеннікам.

Беларусы да гэтага часу не маюць паўнавартаснага перакладу Бібліі на беларускую мову. Хоць нашая нацыя пачала гэта працэс адной з першых у гісторыі, але так яго і не завершыла. Пра гэта ў часе “Беларускага Трыялогу” ў Крынках гаварыла бібліст і філосаф, акадэмічны дырэктар Беларускага калегіюма Ірына Дубянецкая:

– Пакуль што мы не маем, праца ідзе, але гэта праца складаная, марудная, спецыялістаў мала, каб сапраўды раскідаць на вялікую колькасць людзей, то можна было б хутка зрабіць. Калі гэта 4-5 чалавек, то 4-5 чалавек будуць перакладаць гэта 20-ць гадоў, каб гэта сапраўды зрабіць якасна. Бо гэтыя 4-5 чалавек, у адрозненні ад іншых моваў народаў, сутыкаюцца з сітуацыяй адсутнасці ўсталяванай тэрміналогіі.

Ірына Дубянецкая адзначыла, што ранейшыя пераклады Бібліі – Станкевіча, Сёмухі, Чарняўскага – кожны па-асобку не выконвае ўсіх патрабаванняў, у тым ліку патрабаванняў часу. У той жа час яна расказала, што гатовыя пераклады асобных кніг, у тым ліку нядаўна пабачыў свет пераклад на беларускую мову “Псалтыра” аўтарства Аляксандра Надсана. Беларуская праваслаўная царква таксама завяршае свой пераклад Новага Запавету.

Беларуская мова загучыць у гарадзенскім Свята-Пакроўскім кафедральным саборы 4-га верасня. Такім чынам тут плануюць адзначыць Дзень беларускага пісьменства. Пра гэта ў час Трыялогу, які праходзіць у Крынках на Падляшшы, расказаў настаяцель сабора айцец Георгій Рой. На думку святара, мова вельмі важная ў рэлігійным жыцці чалавека:

– Бог не толькі разумее кожную мову, але і патрабуе ад нас звяртацца да яго на тых мовах, якія ён даў кожнаму народу. І таму мы, хрысціяне, нягледзячы на тое, да якой канфесіі належым, павінны ў нашай хрысціянскай традыцыі захоўваць мову нашага народа. І калі мы гэтага не робім, то, я лічу, гэта наш грэх перад Айцом сусветаў.

Айцец Георгій Рой таксама закрануў тэму перакладаў рэлігійных тэкстаў, у тым ліку Бібліі. На яго думку, варта, каб быў адзіны калектыў аўтараў-перакладчыкаў, што дазволіць пазбегнуць рознагалоссяў. Самі ж вернікі да беларускай мовы ў набажэнствах ставяцца “спакойна і з разуменнем” – адзначыў святар.

Паводле racyja.com