"На абпаленых крылах..."

"На абпаленых крылах..." — так называецца кніга, прэзентацыя якой адбылася 22 чэрвеня ў Брэсцкай абласной бібліятэцы імя М.Горкага. Змест кнігі склалі ўспаміны былых непаўнагадовых вязняў фашызму, жыццё якіх звязана з Берасцейшчынай.

Гэта працяг першай кнігі мемуараў  "Асколкі болю", з выхаду ў свет якой мінула шмат часу. З тых, хто пакінуў успаміны аб абпаленых вайной гадах дзяцінства, многія ўжо не жывуць. Гэта кніга — памяць аб ахвярах вайны, каб тыя, хто застаўся жыць, ведалі, памяталі і зрабілі ўсё магчымае, каб такое больш не паўтарылася. Пра гэта гаварылі ў сваіх выступленнях укладальнікі кнігі Леанід Філатаў і Ігар Бараноўскі, аўтар прадмовы Алесь Каско, літаратуразнаўца Генадзь Праневіч, старшыня Брэсцкага аддзялення ГА “Саюз беларускіх псьменнікаў” Іван Мельнічук, намеснік старшыні СБП Эдуард Акулін, вядоўца імпрэзы паэтка Святлана Варонік.

Але самыя кранальныя і балючыя словы пра праўду  вайны  прагучалі з вуснаў саміх аўтараў успамінаў.  Застаецца толькі пашкадаваць, што  такая запатрабаваная па сённяшнім часе кніга выйшла накладам у 250 асобнікаў.

 

Ул. інф.