На фільм па аповесці Быкава збіраюць грошы

«У тумане» – другая мастацкая карціна Сяргея Лазніцы. Здымкі карціны праходзілі зімой у Латвіі, недалёка ад мяжы з нашай краінай.

 

 

- Сцэнар «У тумане» быў напісаны яшчэ ў 2001 годзе, з гэтага фільма я хацеў пачынаць працу ў гульнявым кіно. Мяне цікавіць гэты час, гэта месца, гэтыя людзі. Такіх, як герой аповесці Быкава – на мой погляд, незаслужана забытай і недачытанай, – амаль не захавалася, – распавядае Сяргей Лазніца.

Карціна робіцца ў нямецка-расейска-латышска-галандска-беларускай конпрадукцыі, пры ўдзеле фонду EURIMAGES і знаходзіцца ў стадыі post-production. Бюджэт фільма складзе каля 2,1 млн еўра. Але, нягледзячы на ​​намаганні ўсіх бакоў, аўтарам патрабуецца яшчэ 50 тысяч еўра, каб завяршыць працу над карцінай. Таму аб’яўлены пошук спонсараў.

Сабраныя сродкі патрэбныя для аплаты тэхнічных паслуг кіналабараторыі, стварэння кампутарнай графікі і спецэфектаў, а таксама першых копій і зыходных матэрыялаў фільма.

Жадаючыя могуць уносіць сумы памерам у 50, 100, 350, 650 і 1000 еўра. Спосабы ўзнагароджання за ўнёскі распісаны на сайце фільма. Пры ўнёску ў 1 тыс. еўра стваральнікі фільма абяцаюць унесці ваша імя ў тытры карціны.

Дата завяршэння кампаніі – 25 красавіка. Калі ўсё атрымаецца, то фільм будзе гатовы ў траўні, як раз да Канскага фестывалю.

 

Мікалай Чарняўскі, gazetaby.com